Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэйв Льюіс і яго каманда — як канадзец трэніруе зборную Беларусі па хакеі


Фотагалерэя ў вялікім памеры тут

11 лютага ў славацкай Жыліне стартуе міжнародны хакейны турнір Slovakia Cup, у якім возьме ўдзел і нацыянальная зборная Беларусі. Сёньня беларусы сустрэнуцца з гаспадарамі пляцоўкі, заўтра супернікамі будуць швайцарцы.

Гэта адна з апошніх генэральных рэпэтыцыяў перад чэмпіянатам сьвету, які сёлета пройдзе ў Расеі — у Маскве і Санкт-Пецярбурзе.

Напярэдадні фотакарэспандэнт Свабоды наведаў трэніроўку кандыдатаў у галоўную зборную ў сталічнай «Менск-Арэне».

Менавіта па заканчэньні вучэбна-трэніровачнага збору трэнэрскі штаб на чале з канадзкім спэцыялістам Дэйвам Льюісам канчаткова вызначыўся з выязным складам. Такім чынам, у заяўку ўвайшлі:

Брамнікі: Аляксандар Барадуля («Юнацтва-Менск»), Дзьмітрый Мільчакоў («Дынама-Менск»), Міхаіл Карнаўхаў («Дынама-Маладэчна»). Абаронцы: Раман Дзюкаў, Крысьціян Хенкель («Юнацтва-Менск»), Мікіта Усьціненка («Дынама-Менск»), Аляксандар Яронаў («Гомель»), Ільля Казнадзей («Нёман-Горадня»), Яўген Лісавец («Дынама-Менск»), Уладзіслаў Ганчароў («Дынама U-20 / ХК» Шахцёр-Салігорск«).

Форварды: Аляксандар Кулакоў («Дынама-Менск»), Арцемій Чэрнікаў («Дынама U-20 / Шахцёр-Салігорск»), Павал Развадоўскі («Юнацтва-Менск»), Дзьмітрый Амбражэйчык, Станіслаў Лапачук («Дынама-Менск»), Яўген Саламонаў, Арцём Волкаў, Павал Мусіенка («Гомель»), Шарль Лінгле («Дынама-Менск»), Даніла Карабанаў («Дынама U-20»), Ягор Шаранговіч («Дынама U-20»), Арцём Дзямкоў («Шахцёр-Салігорск»), Мікіта Камароў («Дынама-Менск»), Сяргей Дрозд («Дынама-Менск»).

Асноўная задача на турнір, якую акрэсьлілі трэнэры — атрымаць рэальнае ўяўленьне пра ўзровень кандыцый кожнага гульца напярэдадні ўсясьветнага першынства.

Дэйв Льюіс узначаліў зборную Беларусі меней чым за паўгода да мінулагодняга чэмпіянату сьвету ў Чэхіі. Кантракт з канадцам Фэдэрацыя хакею Беларусі падпісала ў апошнія дні 2014-га пасьля таго, як адмовіўся працягваць супрацоўніцтва зь беларусамі іншы заакіянскі адмыслоўца Глен Хэнлан, а пасьля перадумаў заступаць на вакантную пасаду і расейскі трэнэр Уладзімер Крыкуноў.

Спартовыя аглядальнікі перакананыя, што такі зьбег абставінаў урэшце згуляў на руку: адрозна ад папярэднікаў, Льюіс нарэшце здолеў надзяліць выхаванцаў псыхалёгіяй пераможцаў. Калі дагэтуль стратэгія будавалася пераважна ад абароны, гульнёй другім нумарам, то прынамсі ў чэскай Астраве зьмены былі відавочныя — пошук шчасьця ў зоне суперніка.

Дэйв Льюіс
Дэйв Льюіс

Праўда, летась сілаў на ўвесь турнір не хапіла: пад кіраўніцтвам Льюіса беларусы вельмі добра стартавалі, упэўнена разабраўшыся з апанэнтамі ў групе і сэнсацыйна перагуляўшы з буйным лікам 5:2 амэрыканцаў. Але на пазьнейшай стадыі сілы сталі пакідаць каманду, вынікам чаго сталі разгромы ад расейцаў і канадцаў — 0:7 і 0:9 адпаведна.

І хоць вялікі аматар хакею Аляксандар Лукашэнка, не стрымаўшыся, назваў такую гульню «пазорышчам», тым ня меней, на групавым этапе зборная набрала рэкордныя для сябе 14 ачкоў, што дазволіла заняць высокае 7-е месца. Задача на сёлетні чэмпіянат сьвету — гэтаксама патрапіць як мінімум у васьмёрку мацнейшых.

Дагэтуль лепшым дасягненьнем беларусаў на чэмпіянатах сьвету было 6 месца пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана ў Латвіі і 4 радок на Алімпіядзе ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сыці, калі кіраваў зборнай Уладзімер Крыкуноў. У абодвух выпадках немалое значэньне гралі ўдача і шчасьлівы зьбег абставінаў. Цяпер у выхаванцаў Дэйва Льюіса відавочна праглядаецца асэнсаваны падыход да справы.

Як паведамілі ў хакейнай фэдэрацыі, кантракт зь Льюісам будзе дзейнічаць як мінімум да Алімпійскіх гульняў 2018 году, куды, дзеля справядлівасьці, яшчэ трэба пастарацца патрапіць — прынамсі папярэдняя Алімпіяда абышлася безь беларусаў.

Дэйвід Родні Льюіс нарадзіўся 3 ліпеня 1953 году ў правінцыі Саскачэван у цэнтральнай частцы Канады. Хакейную кар’еру пачаў у якасьці абаронцы ў камандзе «Саскатун Блэйдз», якая выступала ў моладзевай лізе. Па выніках аматарскага драфта НХЛ у 1973 годзе трапіў у «Нью-Ёрк Айлэндэрс», потым гуляў за «Лос-Анджэлес Кінгз», «Нью-Джэрсі Дэвілз» і «Дэтройт Рэд Уінгз». Усяго ў актыве Льюіса больш за 1000 гульняў у НХЛ. У 1987-м увайшоў у штаб каманды «Дэтройт Рэд Уінгз», разам зь якой тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка Стэнлі. Трэнэрская кар’ера канадца працягвалася ў камандах «Бостан Бруінз», «Лос-Анджэлес Кінгз», да 2014 году працаваў з «Караліна Харыкейнз».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG