Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: Сытуацыя з выкананьнем менскіх дамоўленасьцяў зьяўляецца патавай


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Ні адзін з пунктаў менскіх дамоўленасьцяў па Данбасе ня быў цалкам выкананы і прагрэсу ў гэтым пытаньні не назіраецца.

Такое меркаваньне выказаў украінскі экспэрт Уладзімер Фясенка падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай гадавіне менскіх дамоўленасьцяў.

«Сытуацыя з выкананьнем менскіх дамоўленасьцяў зьяўляецца патавай. Выніку няма. Усе ўдзельнікі перамоўнага працэсу ўпэўненыя ў тым, што нельга адмовіцца ад менскіх дамоўленасьцяў, трэба рухацца далей. Але і выканаць іх у поўным аб’ёме яны ня могуць — адсюль і эфэкт завісаньня. Абодва бакі канфлікту — і гэта тычыцца ня толькі палітыкаў, але і значнай часткі насельніцтва — эмацыянальна і псыхалягічна не гатовыя да прымірэньня. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, ва Ўкраіне да 40 % насельніцтва не гатовыя прымірыцца з сэпаратыстамі. Таму патрэбен час», — падкрэсьліў украінскі экспэрт.

З пункту гледжаньня Фясенкі, няма сэнсу фарсіраваць рэалізацыю менскіх дамоўленасьцяў, акцэнтуючы ўвагу перш за ўсё на палітычных пытаньнях.

«Перш за ўсё трэба дамагчыся поўнага спыненьня агню, вырашэньня пытаньняў бясьпекі. Калі будзе спыненьне агню, людзі прывыкнуць да міру і будуць рухацца да больш устойлівага ўрэгуляваньня гэтага канфлікту на палітычнай аснове», — заявіў экспэрт.

XS
SM
MD
LG