Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сайдзік: Сытуацыя на Данбасе пагоршылася за апошнія некалькі тыдняў


Марцін Сайдзік

Марцін Сайдзік

Бакі канфлікту на Данбасе ня ўклаліся ў тэрміны выкананьня менскіх дамоўленасьцяў.

Аб гэтым заявіў прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе Марцін Сайдзік на адкрыцьці канфэрэнцыі, прысьвечанай гадавіне менскіх дамоўленасьцяў.

«У тэрміны выкананьня пунктаў дамоўленасьцяў „Менск-2“ мы ня ўклаліся. Таму падставай для нашай працы застаюцца ўсе менскія дамоўленасьці, уключаючы тыя, што неф прадугледжваюць канчатковага тэрміну. Мы будзем імкнуцца рэалізаваць увесь пакет дамоўленасьцяў».

Паводле слоў Сайдзіка, у пляне мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе сёньня няма годнай альтэрнатывы менскім дамоўленасьцям.

Сайдзік канстатаваў, што за год існаваньня менскіх дамоўленасьцяў назіраецца паляпшэньне сытуацыі зь бясьпекай на ўсходзе Ўкраіны, асабліва пачынаючы зь верасьня 2015 году. Значна зьнізілася колькасьць ахвяраў канфлікту сярод мірнага насельніцтва. Прадстаўнік АБСЭ адзначыў, што менскія дамоўленасьці выратавалі сотні людзей. Каля 6 тысяч чалавек, якія былі затрыманыя ў сувязі з канфліктам, за гэты час былі вызваленыя.

«Між тым сытуацыя зь бясьпекай застаецца нестабільнай і пагоршылася за апошнія некалькі тыдняў. Бакі ня выканалі поўных умоваў спыненьня агню», — канстатаваў ён.

Сайдзік падкрэсьліў, што менскія дамоўленасьці павінны быць рэалізаваныя цалкам:

«Цяпер нам патрэбна палітычная воля з боку ўсіх палітычных гульцоў... Мы павінны супрацьстаяць спробам замарозіць гэты канфлікт, бо гэта не аблегчыць жыцьцё тысяч людзей на Данбасе. Але зрабіць гэта трэба ня толькі для мясцовага насельніцтва, але і для ўсёй Эўропы».

XS
SM
MD
LG