Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабіль выклікаюць толькі праз інтэрнэт, кошт паездкі можна падлічыць загадзя, грошы здымаюцца з карткі. Свабода пратэставала бюджэтны Uber і паразмаўляла з прадстаўнікамі кампаніі.

Сусьветна вядомы сэрвіс Uber прыйшоў у Беларусь у лістападзе мінулага года, але да 5-га лютага кліентам быў даступны толькі UberBlack з элітнымі аўтамабілямі і коштамі на 30-40 працэнтаў вышэйшымі за звычайнае таксі. Цяпер жа ў Менску запусьціўся UberX, якога называюць «забойцам» традыцыйнага рынку перавозак. Менавіта супраць яго і пратэставалі на мінулым тыдні менскія кіроўцы.

На мапе ў мабільным дадатку паказваюцца ўсе даступныя аўтамабілі ў горадзе і прыкладны час, які прыйдзецца чакаць. Геалякацыя вызначаецца аўтаматычна, але яе можна зьмяніць, указаць пад’езд і пакінуць любыя камэнтары для кіроўцы. Там жа можна пазначыць канцавы пункт паездкі і пабачыць прыкладны кошт. Зараз ён вылічваецца з разьліку: 27 000 рублёў за падачу аўто, 600 — за хвіліну паездкі плюс 5700 рублёў за адзін кілямэтар.

Пасьля выкліку аўто, на мапе бачна дзе знаходзіцца ваш кіроўца, яму таксама можна напісаць паведамленьне альбо пазваніць. Тут жа можна пабачыць яго рэйтынг, выстаўлены іншымі пасажырамі. Гэтыя адзнакі сапраўды граюць ролю — як правіла, UberBlack вымагае рэйтынг вышэй за 4,5, UberX — 4.

У рэкляме UberX гаворыцца, што кліентаў будуць абслугоўваць Skoda Rapid, Kia Rio, Volkswagen Polo, Hyundai Solaris і іншыя аўтамабілі «камфорт-клясы» маладзейшыя за пяць год.

На выклік карэспандэнта Свабоды прыяжджае Volkswagen Polo. Калі я прашу кіроўцу сфатаграфаваць аўтамабіль, ён хвалюецца: кампанія-партнэр патрабуе чысьціні транспартнага сродку, у тым ліку звонку, на працягу ўсяго працоўнага дня. Хоць аўто выглядае досыць чыста. «Шашачак» і іншых пазнакаў таго, што гэта таксі, няма. Бо гэта і не таксі.

Фармальна вы арандуеце аўтамабіль на адну паездку. Таму, перад тым як паехаць, вам трэба падпісаць адпаведныя дакумэнты. Менавіта гэты нюанс дазваляе пазьбегнуць лішняй падатковай нагрузкі. Да таго ж кампанія ня плаціць апэратарам.

Uber у Менску працуе зь фірмай «Молберг», якая і адказвае за найманьне кіроўцаў і афармленьне дакумэнтаў.

Кіроўцу Яўгену абвестку аб працы ў Uber’ы паказаў знаёмы. Раней у таксі ён не працаваў і вырашыў паспрабаваць. Кіроўцаў шукаюць і цяпер. Абяцаны заробак — 900 тысяч рублёў у дзень.

Са словаў Яўгена, у розны час для кіроўцаў дзейнічаюць розныя тарыфныя стаўкі. Мы ехалі напрыканцы працоўнага дня, і на той момант кіроўца зарабляў 100 тысяч у гадзіну. Выдаткі на бэнзін і амартызацыю транспартнага сродка кампаніяй не пакрываюцца. Працаваць дазваляецца ня больш за 12 гадзін у дзень, стаўкі вышэйшыя ў выходныя і ноччу.

Штодня аўтамабіль павінен праходзіць тэхнічны агляд, а кіроўца — мэдычны. Афармляюцца пуцявыя лісты і страхоўка на пасажыраў.

Ад мэтро «Парк Чалюскінцаў» да «Пятроўшчыны» паездка абышлася ў 137 тысяч. Грошы аўтаматычна здымаюцца пасьля з карткі. Праехаць можна і ў крэдыт, але толькі адзін раз. У дэталізаваным рахунку, які пасьля прыходзіць на пошту альбо даступны ў мабільным прыкладаньні, ёсьць інфармацыя пра адлегласьць і час — 16 км і 33 хвіліны.

Пра асаблівасьці працы Uber мы паразмаўлялі з прадстаўніком кампаніі ў СНД Яўгеніяй Шыпавай.

Чым незадаволеныя беларускія таксісты і ў чым вінаваты Uber?

Я думаю, што гэта пытаньне варта пераадрасаваць удзельнікам сустрэчы. Дадзеная сустрэча не была накіраваная супраць Uber — пра гэта ў СМІ ня раз заяўлялі самі яе ўдзельнікі.

Чаму лічыцца, што ў Uber лепшыя ўмовы?

Лепшыя ўмовы ці горшыя — гэта пытаньне ацэначнае. Кожны партнэр сам вырашае, што яму больш выгадна. Галоўная перавага Uber — эфэктыўнасьць працы плятформы: менш халастых прабегаў і вялікі каэфіцыент выкарыстаньня транспарту.

«Шашачкі» — як так выйшла, што іх няма?

Uber працуе ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Перавозкі праз сэрвіс Uber — гэта не таксі. Гэта арэнда аўтамабіля з кіроўцам на кароткі час, ад гэтага і варта адштурхоўвацца. У нас няма публічнай дамовы таксі, прадугледжанай законам. Іншымі словамі, няма магчымасьці «злавіць» Uber «ад барта». Запыт на паездку разьмяшчаецца выключна ў лічбавым выглядзе. З гэтых жа прычын на нас не распаўсюджваюцца патрабаваньні, якія прад’яўляюцца да аўтамабіляў таксі — у нас няма абавязковага абклейваньня, жоўтых нумароў і іншых атрыбутаў.

Які ўсё ж такі статус у Uber цяпер?

Uber не аказвае транспартных паслуг, гэта тэхналягічная плятформа, якая злучае карыстальнікаў зь ліцэнзаванымі перавозчыкамі — сваімі партнэрамі. У Менску гэта фірма «Молберг». Таму самому сэрвісу не патрэбная ліцэнзія.

UberPOP у нас будзе?

Праграма UberPOP прадугледжвае, што любы кіроўца можа стаць перавозчыкам на кароткі час. У некаторых краінах сэрвіс UberPOP працуе, паколькі для ажыццяўленьня транспартных перавозак там не патрэбныя ліцэнзіі. У Беларусі UberPOP немагчымы. Для ажыцьцяўленьня перавозак у Беларусі неабходная ліцэнзія.

Колькі цяпер машын у абодвух сэрвісах?

Дадзеныя па колькасьці машын не раскрываюцца, абсалютная колькасьць машын у сыстэме — не паказчык посьпеху. Паказчык посьпеху для сэрвісу — тое, як хутка ён можа задаволіць попыт на паездкі з боку карыстальнікаў. Ад моманту запуску Uber у Беларусі сярэдні час падачы зьнізіўся з 12–15 хвілін да 7–8 хвілін. І гэта не мяжа — у Сан-Францыска, напрыклад, сярэдні час падачы складае каля 2,5 хвіліны, а ў Кітаі — каля 1 хвіліны.

Глябальны UBER

Літаральна днямі кампанія UBER абнавіла карыстальніцкае пагадненьне. Гэта ўжо ня толькі транспартная кампанія, бо пачынаюць разьвівацца сэрвісы па дастаўцы ежы і тавараў з крамаў. Адказнасьць за пасажыраў нясуць кампаніі-партнэры згодна зь мясцовым заканадаўствам.

Цяпер UBER працуе ў 58 краінах і 300 гарадах па ўсім сьвеце. Кампанія ацэньваецца ў 60 мільярдаў даляраў, нягледзячы на страты — за першае паўгодзьдзе 2015 году яны склалі каля мільярда даляраў.

На думку Яўгена Марозава, беларуса, які рэдагуе амэрыканскі The New Republic, Uber — вялікая пагроза для мясцовых перавозчыкаў: кампанія нясе страты, паніжае кошты і існуе сёньня за грошы інвэстараў. Калі мясцовыя кампаніі будуць зьнішчаныя, Uber стане манапалістам і ўздыме кошты. Такое меркаваньне Марозаў выказаў у сваёй калёнцы ў Guardian.

Недахопы

Сярод недахопаў — у Uber часамі не хапае машын. Асабліва востра гэта адчуваецца ў ноч на выходныя. На выклік можа пайсьці паўгадзіны. Да таго ж Uber можа ў аднабаковым парадку падвышаць тарыфы — падчас сьнегападаў у Менску кошты вырасьлі ў 2,5 раза. Але карыстальнікаў пра гэта папярэджваюць. Сусьветная практыка кампаніі — падвышаць кошты падчас сьвятаў. І калі для кіроўцаў таксі такія маніпуляцыі па-за законам, да Uber не прычэпісься.

Апрача таго, Uber ня проста ня зловіш на вуліцы, але і ня выклічаш праз звычайны тэлефон. То бок сэрвіс недаступны вялікай колькасьці карыстальнікаў, якія ня маюць смартфонаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG