Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пасол: пытаньне базы ў Беларусі неактуальнае


Пра гэта пасол Расеі ў Менску Аляксандр Сурыкаў заявіў у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Захад».

«Думаю, няма сэнсу цяпер выносіць пытаньне на парадак дня, нічога асабліва страшнага ў сьвеце нам не пагражае». Па ацэнцы пасла, пытаньне пра расейскую авіябазу не зацягваецца, а знаходзіцца ў стадыі абмеркаваньня. «Ёсьць цэлы шэраг рэальных пытаньняў, я ня лётчык, і не бяруся разважаць пра хуткасьці, час падлёту і іншыя тонкасьці. Пройдзе час, і праект фінішуе ў той ці іншы бок — паглядзім, у які менавіта», — адзначыў дыплямат. 1 сакавіка споўніцца 10 год, як Сурыкаў кіруе расейскім пасольствам у Менску.

Упершыню пра тое, што Расея гатовая разглядаць пытаньне аб адкрыцьці авіябаз у дзяржавах, зь якімі яе зьвязваюць саюзьніцкія адносіны, заявіў у Горадні расейскі прэм’ер Мядзьведзеў. Пасьля гэтага прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну паступілі прапановы расейскага міністэрства абароны адносна пагадненьня пра расійскую авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі. Пуцін даручыў правесьці перамовы зь беларускім бокам і пры яго згодзе рыхтаваць подпіс дамовы.

Між тым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго краіне не патрэбна расейская ваенная база. «Гаворкі пра тое, каб разьмясьціць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі, ніколі не вялося. Я нічога пра гэта ня ведаю». Апазыцыйныя палітыкі ў адзін голас называюць магчымае зьяўленьне расейскай базы ў Беларусі пагрозай яе незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG