Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трайны ўдар для трох аналітыкаў. Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: Нядаўна выйшла пастанова ўраду, згодна зь якой грамадзяне могуць атрымаць грашовую ўзнагароду за барацьбу з карупцыяй. Там названыя пэўныя сумы, якія разьлічваюцца ў базавых велічынях і даходзяць ажно да 500 даляраў.

Перш за ўсё, як ацаніць гэтую прапанову? У момант эканамічнага крызісу гэта даволі ўдалы і зразумелы крок уладаў, бо любой папулісцкай уладзе зразумела, што трэба рабіць — змагацца з карупцыяй. А тут улада ня толькі паказвае, што яна змагаецца з карупцыяй — яна дае сваім грамадзянам адчуць, што яны на нешта могуць уплываць і нават зарабіць. Як да гэтага ставіцца беларускае насельніцтва?

У беларускай савецкай традыцыі ёсьць глыбокі недавер да праваахоўных органаў. Таму дапамагаць ім у беларусаў, як і ў шмат якіх постсавецкіх краінах, лічыцца ганебным. На Захадзе, калі людзі бачаць парушэньне, напрыклад, што сусед б’е жонку і дзяцей, яны абавязкова паведамяць у паліцыю і пры гэтым будуць лічыцца добрымі грамадзянамі. У Беларусі такі падыход не авалодаў большасьцю, хоць пэўныя зьмены прыходзяць. Кажучы зь іроніяй пра тое, як павінна рэагаваць беларускае грамадзтва, беларус напэўна павінен напісаць такое: «Паважаная пракуратура, я ведаю, што ў Драздах жывуць людзі, якія маюць афіцыйныя заробкі ня большыя за 1000 даляраў, і пры гэтым пабудавалі сабе такія шыкоўныя дамы. Да таго ж, гэтыя людзі атрымалі зямельныя надзелы невядома якім чынам. Наколькі вядома, ніхто зь іх ня меў праблемаў з жыльлём».

Карбалевіч: Рэальна гэтая кампанія ніяк ня ўзмоцніць барацьбу з карупцыяй. Бо даказаць карупцыю з прававога гледзішча вельмі складана. Каб схапіць карупцыянэра за руку, трэба вялікія высілкі праваахоўных органаў. А што тут можа зрабіць абываталь? Данесьці, што ў суседа-доктара шыкоўны аўтамабіль? Але ж гэта ня ёсьць злачынства само па сабе. Тут я бачу выключна папулізм і больш нічога. Гэта сродак адцягнуць увагу насельніцтва ад сацыяльна-эканамічных праблемаў, якія нарастаюць. Не сказаў бы, што гэта зусім дурны крок уладаў, бо народ на гэта вельмі лёгка адгукаецца. І міт пра тое, што ўсе беды ў краіне ад чыноўнікаў-злодзеяў, глыбока сядзіць у масавай сьвядомасьці беларусаў. Ідэя справядлівасьці і помсты ўсім, хто жыве лепш, якраз у сьвядомасьці лукашэнкаўскага электарату, да якога ён і апэлюе. Лукашэнка добра выкарыстаў гэтую плынь сьвядомасьці падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году і працягвае на гэтым гуляць, апэлюючы да такога чалавечага інстынкту, як зайздрасьць.

Дракахруст: Прыгадваецца фраза Сяргея Даўлатава: Сталін, Сталін ва ўсім вінаваты — а хто ж напісаў чатыры мільёны даносаў? Вы маеце рацыю, што справа ў зайздрасьці, асабліва калі табе яшчэ і заплацяць за тое, што ты гэтую зайздрасьць гэтак выплюхнеш. Як бы тут не адбылося тое, чаго ўлады не чакаюць: як бы праваахоўныя органы не захлынуліся ў патоку гэтых даносаў.

Наконт Драздоў: у такой абыватальскай сьвядомасьці ёсьць уяўленьне «ім паложана». Ва Ўкраіне ці ў Кіргізстане, калі адбываліся рэвалюцыі, легітымнасьць таго, што «паложана», разбуралася. А ў Беларусі, нягледзячы на тое, што фотаздымкі катэджаў у Драздах шырока друкаваліся, моманту ісьціны «Ага, яны ўсе крадуць!» няма.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG