Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трайны ўдар для трох аналітыкаў. Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Дракахруст: Чаму «Пэрспэктыва» адмяніла мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў 15 лютага?

«Асноўны матыў такога рашэньня — гэта дасягненьне першачарговай мэты РГА „Пэрспэктыва“: пра пачатак дыялёгу, якога не было ў ІП з урадам апошнія 6–7 гадоў. Перамовы з прадстаўнікамі ўраду пачаліся 8 лютага 2016 году, у сувязі з чым адпала неабходнасьць ва ўжываньні такога інструмэнту, як мітынг», — гаворыцца ў адмысловай заяве рады «Пэрспэктывы».

Раней пачала сваю дзейнасьць працоўная група ў пытаньнях дзейнасьці ІП пры Грамадзка-кансультатыўнай радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі.

Аднак заява «Пэрспэктывы» прагучала неўзабаве пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра гандлю Ўладзімера Калтовіча, ізноў абрынуўся на ІПэшнікаў.

«І не глядзіце на забастоўкі нейкіх ІПэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась! Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне, — казаў Лукашэнка. — Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць».

«Трэба разумець, што тыя, хто завозіць сюды рознага роду рызьзё, і нават добрай якасьці, калі б гэта было з Турэччыны, Кітаю, Расеі, і іншае — трэба разумець: усё, што мы завезьлі да сябе адтуль, мы настолькі ж загубілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасьць. Ня будзе яна разьвівацца. Тым больш без дакумэнтаў, без сэртыфікатаў. Слухайце! Гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем».

Што азначае рашэньне не ісьці на мітынг? Адно з тлумачэньняў — Шумчанка спалохаўся, магчыма, ён кіраваны ўладамі. Можна прыгадаць, што на першым форуме прадпрымальнікаў ён зганяў з трыбуны Аляксандра Макаева, які заклікаў да больш рашучых дзеяньняў, выганяў палітыкаў. Але гэта можна інтэрпрэтаваць і інакш. Анатоль Шумчанка — адзін зь нямногіх у Беларусі сапраўдных палітыкаў. Ён здольны адчуваць настроі масы, у дадзеным выпадку — прадпрымальніцкай масы. Часам нашы палітыкі разважаюць так: выйдзем на плошчу, а там будзе бачна. А якая стратэгія сыходу з гэтай плошчы?

Плошча ІП магла ня толькі не дасягнуць заяўленых мэтаў, але і спыніць перамовы з урадам. Не выключана, што Шумчанка адчуў, якія сапраўдныя настроі ІП, падлічыў магчымыя наступствы мітынгу і прыняў тое рашэньне, якое дазваляе яму ня страціць падтрымкі прадпрымальнікаў.

Цыганкоў: Барацьба ІП і іх патрабаваньні выклікаюць дзіўныя, нават скептычныя адчуваньні наконт успрыманьня іх як рэвалюцыйнай клясы. Ці справядлівыя іх патрабаваньні? Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць праблему з уладамі, не патрабуюць ніякіх кардынальных рэформаў, зьменаў у эканамічнай палітыцы, больш прасторы для прыватнага бізнэсу, роўных умоваў гаспадараньня. Яны не змагаюцца супраць праўладных карпарацыяў, якія, на думку многіх, цяпер і выціскаюць прадпрымальнікаў. Яны змагаюцца за сваю даволі вузкую дзялянку. Адмена аднаго рашэньня не паўзьдзейнічае на разьвіцьцё краіны. Фактычна яны патрабуюць для сябе права працаваць у больш спрыяльных умовах.

І права гэтае ўзьнікла, калі ўзьнік мытны саюз з Расеяй. Калі б яго не было, давялося б плаціць мыта, і тады гэта быў бы зусім іншы бізнэс. А цяпер той рэдкі выпадак, калі можна пагадзіцца зь некаторымі выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі менавіта пра форму іх бізнэсу. Па вялікім рахунку гэта звычайнае «купі-прадай», прычым купі ў Расеі — прадай у Беларусі. Напачатку 90-х гэтыя самыя мяшочнікі езьдзілі ў Турэччыну, у Кітай, у Польшчу. Гэта была сапраўды прыгода і перавоз тавараў з адной краіны ў другую, цяпер безь мяжы перавозіцца тавар і ня бачна эканамічнага дасягненьня. Як бы ні спрабавалі палітыкі, напрыклад, Анатоль Лябедзька, далучыцца да патрабаваньняў прадпрымальнікаў, мы бачым, і сам Шумчанка, і ўся прадпрымальніцкая маса іх адхіляе, паколькі ім ня трэба палітыкі. Ім трэба толькі невялікая зьмена на іх дзялянцы.

Карбалевіч: Паводле канонаў рынкавай эканомікі, у гэтых прадпрымальнікаў ёсьць свая ніша. Калі гэтая ніша натуральным чынам зьнікае, то і прадпрымальнікі як сацыяльны слой натуральна зьнікнуць. Штучная іх ліквідацыя супярэчыць законам рынкавай эканомікі.

Цыганкоў: Можна запярэчыць, што зьнікае яна натуральным чынам, а штучна яны спрабуюць захаваць яе, патрабуючы для сябе прывілеяў, якіх няма ў іншых.

Дракахруст: У нас пайшла размова ў такім рэчышчы, ці зьяўляюцца беларускія ІП рэвалюцыйнай клясай або не. Але ў розных грамадзтвах узьнікаюць розныя сацыяльныя канфлікты. Калі ў Заходняй Эўропе паўставалі прафсаюзы, яны шмат у каго выклікалі раздражненьне. Нехта лічыў, што яны несумленна адстойваюць свае інтарэсы, дэфармуюць рынак працы. У гісторыі гэтыя сутыкненьні былі вельмі жорсткія: гэта лакаўты, выкарыстаньне штрэйкбрэхераў. Але яны не змагаліся за зьвяржэньне капіталізму — яны змагаліся за свае вузкія карысьлівыя інтарэсы. Магчыма, тое самае мы бачым з прадпрымальніцкім рухам?

Карбалевіч: Чаму «Пэрспектыва» адмяніла мітынг? Трэба разумець, што гэтая арганізацыя ў значнай ступені — асабісты палітычны праект Анатоля Шумчанкі. Ён патлумачыў адмену тым, што ўлады ўступілі ў дыялёг. Запрасілі яго ў міністэрства эканомікі, там стварылі нейкую кансультацыйную раду, пачаўся працэс, галоўным суб’ектам якога будзе Анатоль Шумчанка. Зь іншага боку, сапраўды, магчыма, адбываецца моцны ціск з боку ўладаў на кіраўніцтва «Пэрспэктывы». Шумчанка абазваў усіх, хто заклікае на плошчу, правакатарамі. На тле таго, што заявіў Лукашэнка, што прадпрымальнікі зьяўляюцца бандытамі, паабяцаў, што зроблены толькі першы крок па абмежаваньні іх дзейнасьці, тыя перамовы, якія вядуцца ў міністэрстве эканомікі, бачацца непэрспэктыўнымі.

Відавочна, што гэты працэс перамоваў, якія запусьцілі ўлады — сродак выпусканьня пратэстнай пары. Таму заявы Шумчанкі, што праблемы ІП хутка будуць вырашаныя, выглядаюць дзіўна. Вывад людзей на плошчу вынікаў ня дасьць — але і гэтыя перамовы таксама вынікаў не дадуць. Ад палітыка патрабуюць нейкі вынік — а ён кажа, што вынік — гэта працэс. Таму я тут асабліва ня бачу, каб Шумчанка для ўласнага палітычнага іміджу нешта выйграў.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG