Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане ствараюць прэзыдэнцкую дынастыю


Імамалі і Рустам Рахмоны.

Імамалі і Рустам Рахмоны.

Парлямэнт Таджыкістану сёньня зацьвердзіў дату чарговага рэфэрэндуму 22 траўня. На яго выносяцца папраўкі ў Канстытуцыю, якія фактычна дазволяць стварэньне прэзыдэнцкай дынастыі.

Краінай ад 1992 году кіруе Эмамалі Рахмон. У выніку паправак, прынятых у 2003 годзе, прэзыдэнцкі тэрмін павялічыўся з 5 да 7 гадоў, што забясьпечыла Рахмону два тэрміны кіраваньня ажно да 2020 году. Але паводле дзеючых нормаў, ён бы ня мог вылучаць сваю кандыдатуру на наступных выбарах.

Праект паправак прадугледжвае, што абмежаваньні колькасьці тэрмінаў на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе «не распаўсюджваюцца на заснавальніка міру і нацыянальнага адзінства —лідэра нацыі».

Пажыцьцёвым лідэрам таджыкаў Рахмон быў абвешчаны у канцы 2015 году. Гэты статус забясьпечваў яму таксама пажыцьцёвы імунітэт, недатыкальнасьць, жыльлё, пэнсію, службовы транспарт. Калі новая папраўка будзе прынятая, ён атрымае права вылучаць сваю кандыдатуру без усялякіх абмежаваньняў.

Другая папраўка зьніжае ўзроставы цэнз для кандыдатаў у прэзыдэнты — з 35 да 30 гадоў. Гэта дазволіць старэйшаму сыну Рахмона — Рустаму (1987 г.н.) вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах 2020 году.

Як паведаміў сьпікер парлямэнту Шукурджлон Зухураў, у бюлетэнях для галасаваньня будзе адно пытаньне: “Ці прымаеце вы зьмены і дапаўненьні, якія ўносяцца ў канстытуцыю краіны?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG