Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі палітоляг: «Лукашэнкаўская зіма» можа трываць яшчэ дзесяцігодзьдзі


Паводле палітоляга Браена Класа з Лёнданскай школы эканомікі, 15 лютага Эўразьвяз хутчэй за ўсё прыме рашэньне аб поўным зьняцьці візавых і фінансавых санкцый з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія былі прыпыненыя пасьля выбараў у кастрычніку летась.

«Ні адзін з сур’ёзных аналітыкаў ня лічыць, што санкцыі будуць вернутыя. І гэта — частка большай зьмены: геастратэгічныя вятры пачалі веяць у іншы бок. Захад адмаўляецца ад падтрымкі беларускай дэмакратыі, прынамсі на сёньняшні дзень. Яны пагаджаюцца, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, і вырашылі працаваць зь ім, а ня супраць яго, нават калі і ведаюць, што ён застанецца тым самым ранейшым дэспатам» — піша Браен Клас у амэрыканскім выданьні Foreign Policy.

Мы трохі зьнізілі нашу плянку. Мы спрабуем працаваць больш зь пернікамі і менш зь бізунамі.

Паводле Класа, няўстойлівая сытуацыя ва Ўкраіне і пагаршэньне стасункаў Расеі з Захадам ператварылі Беларусь у вачах заходніх дыпляматаў зь месца, якое патрабуе дэмакратыі і правоў чалавека, у месца, якое перш за ўсё павінна застацца стабільным. «Мы трохі зьнізілі нашу плянку. Мы спрабуем працаваць больш зь пернікамі і менш зь бізунамі» — Клас цытуе аднаго ананімнага дыплямата з Захаду наконт меркаванай зьмены палітыкі адносна Менску.

Клас таксама паказвае на больш шырокі кантэкст стасункаў Захад-Беларусь:

У якасьці дадатковага бонусу яны спадзяюцца атрымаць перамогу на сусьветнай шахматнай дошцы, адцягнуўшы Беларусь ад Пуціна.

«Такі падыход сьведчыць аб зрухах на Захадзе ў пытаньні прасоўваньня дэмакратыі. Крым, Украіна, цяжкая сытуацыя ў Іраку, Аўганістане і Лібіі, і няўдалыя рэвалюцыі арабскай вясны прымусілі заходнія краіны аддаць перавагу цяперашняй стабільнасьці перад дэмакратычнымі пераменамі. У Вашынгтоне, Лёндане і Брусэлі сёньня верх узяла мудрасьць, што лепш жыць з дыктатарскім чортам, увасобленым у Лукашэнку, чым рызыкаваць атрымаць яшчэ адзін крызіс з дэмакратычным чортам, якога яны ня ведаюць. У якасьці дадатковага бонусу яны спадзяюцца атрымаць перамогу на сусьветнай шахматнай дошцы, адцягнуўшы Беларусь ад Пуціна».

Ахвярай гэтага падыходу, падсумоўвае Браен Клас, стане беларуская дэмакратыя:

«Будучыня для дэмакратыі ў Беларусі выглядае змрочна. Калі Лукашэнка дасягне больш цёплых адносін з заходнімі ўрадамі, ня робячы ніякіх істотных дэмакратычных рэформаў, дэмакратычныя сілы, якія цяпер змагаюцца за лепшую і больш дэмакратычную будучыню сваёй краіны, будуць абяззброеныя. У Менску вясна можа быць ужо на падыходзе. Але для беларускай дэмакратыі лукашэнкаўская зіма наўрад ці скончыцца бліжэйшымі гадамі або нават дзесяцігодзьдзямі, калі рэфарматараў пакінуць за бортам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG