Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на адкліканьне Анатолем Шумчанкам заяўкі на мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску на 15 лютага, дробныя бізнэсоўцы гатовыя публічна пратэставаць. У тым ліку ў цэнтры Менску.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам гандлю запатрабаваў цьвёрда і рашуча патрабаваць ад дробных бізнэсоўцаў дакумэнтацыі тавараў, не зважаючы на страйкі «нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці».

Індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць без сэртыфікатаў, ён назваў бандытамі і злачынцамі. У гэты ж дзень лідэр грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка абвясьціў, што адклікае заяўку на мітынг, правядзеньне якога было заплянавана ў Менску на 15 лютага. Падставай для адмены стаўся пачатак перамоў у працоўнай групе пры Грамадзка-кансультатыўнай радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі. Аднак багата прадпрымальнікаў у розных рэгіёнах краіны ня вераць у выніковасьць перамоў. Яны абураныя выказваньнямі Лукашэнкі і маюць намер выйсьці на галоўную плошчу Менску.

Бердзянёў: Лукашэнка — кантрактны чыноўнік на службе ў народа

Полацкі прадпрымальнік Генадзь Бердзянёў кажа, што не падтрымліваў ініцыятываў «Пэрспэктывы» адносна мітынгу на Бангалоры і перамоваў з уладамі. Бо ня верыць у іх выніковасьць. А спадзяваньні ўскладае толькі на рашучасьць дзеяньняў. Новыя выказваньні кіраўніка краіны на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў і адмова лідэра «Пэрспэктывы» ад мітынгу скіроўвае дробных гандляроў на іншыя дзеяньні ў абарону сваіх правоў, сказаў Свабодзе Генадзь Бердзянёў:

Мы самі вінаватыя, што кіраўнік краіны дазваляе такія выказваньні на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў.

«Мы самі вінаватыя, што кіраўнік краіны дазваляе такія выказваньні на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі ўпершыню нас назвалі „вашывымі блохамі“, то ўжо тады мы мусілі зьвяртацца з пазовамі ў суды, у тым ліку Канстытуцыйны і міжнародныя, эўрапейскія суды за абразу пэўнай сацыяльнай групы людзей. Гэтага не было, а таму цяпер працягваецца: „бандыты, злачынцы“ — і гэта ад галоўнага дзяржаўнага чыноўніка гучыць з экрана тэлевізара на ўсю краіну! Для яго норма, каб не зрабіць ні кроку назад, бо амбіцыі ягоныя вышэйшыя за ўсё. Хоць ён — кантрактны чыноўнік на службе ў народа».

Што тычыцца мітынгу, то на 15 лютага яго адмяніла «Пэрспэктыва», а не прадпрымальнікі. Бо некаторыя спадзяюцца на нейкі вынік перамоў у працоўнай групе, якая будзе працаваць 11 лютага. Але я ні на якія перамовы не спадзяюся, бо там зьбіраюцца людзі, якія працуюць і дамагаюцца для сябе зьмяншэньня штрафаў і якіхсьці льготаў. А тыя, хто сапраўды не працуе з-за ўказу № 222, хто ня мае сродкаў да існаваньня, для гэтых людзей ніякага выніку ня будзе. Ня мы працуем паводле «шэрых» схемаў, а гэтак працуе дзяржава і яе буйны бізнэс.

Зараз мы вядзем перамовы і штосьці вырашым — я заўсёды быў і ёсьць прыхільнікам рашучых і радыкальных дзеяньняў. Да прыкладу, арганізавана і актыўна выступаюць нашы віцебскія і гомельскія прадпрымальнікі. Гомель заявіў пра мітынг 22 лютага, і калі не атрымаецца 15 лютага ў Менску, то мы зможам падтрымаць і аб’яднацца з гамельчукамі 22 лютага. Няхай сабе ня ў Менску, то ў іншым месцы, але гэтая сытуацыя абавязкова прарве. Мы рукі не апускаем і надзеі не губляем. Апошняя справа — згубіць надзею. Мы — і ня толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, а ўсе іншыя актыўныя грамадзяне Беларусі — мы ўсе зараз змагаемся за нашу будучыню. На сёньня мы ня бачым будучыні ні для сябе, ні для нашых дзяцей«.

Чарнавус: Міністар эканомікі — труцень

Прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус заклікаў дробных гандляроў, «дармаедаў» і прадстаўнікоў іншых сацыяльных груп прыйсьці 15 лютага да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Людзі, якія губляюць працу і сродкі да існаваньня, — яны схільныя нават да суіцыду.

«Мой пікет супаў з выказваньнямі прэзыдэнта на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў і з заяваю лідэра „Пэрспэктывы“ пра адмену мітынгу 15 лютага. Людзі, якія губляюць працу і сродкі да існаваньня, — яны схільныя нават да суіцыду. Таму я выйшаў на вуліцу з плякатам, дзе напісаў, што заклікаю гандляроў, беспрацоўных, „дармаедаў“ прыйсьці 15 лютага ў 12.00 да прэзыдэнцкай адміністрацыі на вуліцы Карла Маркса, 38 у Менску, каб выказаць недавер прэзыдэнту. Ягоныя заявы — гэта ўпэўненасьць у тым, што ніхто не пасьмее пратэставаць, бо ўсе пратэстоўцы атрымаюць дубінамі. Раней абазваў „вашывымі блохамі“, а зараз бандытамі. Калі ён ня ведае, то мы раскажам яму, хто прыстойныя людзі, а хто бандыты.

Нічога ня вырашылі на працоўнай групе 8 лютага, ня вырашаць і 11 лютага — паводзяць за нос. Я ведаю міністра эканомікі — я двойчы сустракаўся зь ім. Ведаю, што гэта пасіўны чалавек, труцень, нічога ён не вырашае. Таму спадзяваньне толькі на 15 лютага. Калі зьбярэцца народ, то нечага даможамся. Калі ня будзе актыўнасьці з боку дробных прадпрымальнікаў, то нічога не атрымаецца — тады няхай пачынаюць працаваць у гэтых умовах. Людзі каторую пару бяз грошай, людзі церпяць. Але мы пакуль рук не апускаем».

Макаеў: Лукашэнка нішчыць нацыянальны бізнэс

Перамовы ў справе далейшых дзеяньняў праводзяць і менскія гандляры. Аляксандар Макаеў мяркуе, што ўсе дзеяньні кіраўніка краіны ў справе ціску на індывідуальных прадпрымальнікаў ініцыяваныя ў інтарэсах буйнога бізнэсу і карпарацыяў:

Лукашэнка адзначыўся ў гісторыі ўжо тым, што ён нішчыць нацыянальны бізнэс падчас усяго тэрміну свайго кіраваньня.

«Лукашэнка адзначыўся ў гісторыі ўжо тым, што ён нішчыць нацыянальны бізнэс падчас усяго тэрміну свайго кіраваньня. Гэтага не рабіў ніводзін нават таталітарны кіраўнік у сьвеце. Я пагаджуся зь іншымі прадпрымальнікамі, што нянавісьць Лукашэнкі да дробнага бізнэсу — гэта замова буйных алігархаў. І, магчыма, ня толькі лукашэнкаўскіх у Беларусі, але і расейскіх. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што разваленыя і іншыя галіны эканомікі. Прамысловасьць Беларусі ў руінах, і прычынай таму — кіраваньне Лукашэнкі.

З улікам чарговых абразаў Лукашэнкі на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў зразумела, што вынікам перамоваў стане пшык. Таму мы зараз вырашаем, як і калі правесьці мітынг. Верагодна, што ён адбудзецца і 15 лютага, толькі не на Бангалоры, а на цэнтральнай плошчы ў Менску зь мірным пратэстам за адмену ўказу № 222. Людзям няма чаго есьці, таму мы мусім выйсьці, каб нас пачулі. Я веру ў салідарнасьць прадпрымальнікаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG