Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не бандыты! Так дзейнічалі Гітлер і Сталін», — гарадзенскія ІП адказалі на заявы Лукашэнкі


Цэнтральны рынак, Горадня

Цэнтральны рынак, Горадня

Прымаючы з дакладам міністра гандлю Ўладзімера Катловіча, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры, каб усе гандлёвыя структуры, дзяржаўныя і прыватныя, працавалі ў роўных умовах, абвінаваціў прадпрымальнікаў у развале эканомікі, а міністру гандлю сказаў трымацца ранейшых дамоўленасьцяў. Прадпрымальнікі Гарадзеншчыны рэагуюць на рэзкія выказваньні Лукашэнкі на іхны адрас і на пагрозы пратэстаў вельмі па-рознаму.

Прадпрымальнік з 20-гадовым досьведам працы, спадар Юры кажа, што ўспрыняў заяву Лукашэнкі даволі спакойна:

Па тварах чыноўнікаў бачыў, што яны хочуць нешта зрабіць, каб мы маглі працаваць, ім відавочна непатрэбная гэтая канфрантацыя з намі.

— Ён, як заўсёды, шмат гаворыць, але словы не заўсёды азначаюць справы. Мне б не хацелася сёньня рабіць нейкія высновы адносна пагрозаў Лукашэнкі ў наш бок, а хацелася б дачакацца вынікаў працы рабочай групы з прадпрымальнікаў і сябраў ураду. Я вам хачу сказаць, што, быўшы на форуме ў Менску, па тварах чыноўнікаў бачыў, што яны хочуць нешта зрабіць, каб мы маглі працаваць, ім відавочна непатрэбная гэтая канфрантацыя з намі. Дый сытуацыю з указам № 222 яны выдатна разумеюць.

А вось адносна таго, што «Пэрспэктыва» пасьпяшалася адмяніць правядзеньне мітынгу — гэта памылка, і ўсе мы тут абураныя такімі дзеяньнямі Шумчанкі. Я, вядома, ня ведаю падрабязнасьцяў і прычын такога рашэньня, але гэта зроблена памылкова.

Прадпрымальнік зь Ліды, спадар Рыгор кажа, што выступ Лукашэнкі і чарговыя нападкі ў бок прадпрымальнікаў абмяркоўваліся — і ня вельмі напалохалі.

— Калі ў краіне пануе эканамічны крызіс, то любая ўлада імкнецца не перашкаджаць працаваць малому бізнэсу, каб не ствараць яшчэ большых праблемаў. Людзі самі на сябе зарабляюць і яшчэ плацяць падаткі ў казну, нічога ўзамен не патрабуючы. А наша краіна цяпер у вельмі складаным эканамічным стане, і Лукашэнка лётае па сьвеце, каб недзе пазычыць грошай, але яму ніхто не сьпяшаецца іх даваць. Цікава, як ён думае выводзіць краіну з крызісу? Нехта ў ягоным атачэньні павінен будзе яму ўсё гэта растлумачыць, калі ён гэтага не разумее. Эканоміка — ня родная мама, яна прымусіць яго глядзець на жыцьцё рэальнымі вачыма. Яго цяпер нават пэнсіянэры не падтрымліваюць, так што, думаю, увесь свой запал яму давядзецца стрымаць.

Гарадзенскі прадпрымальнік Андрэй працуе на рынку амаль 20 гадоў, больш за месяц бяз працы. Спрабаваў шукаць нейкае новае працоўнае месца, але безвынікова. Учора зь сябрамі абмяркоўваў выступ Лукашэнкі:

Парушаюцца ўсе нашы канстытуцыйныя правы — так дзейнічаў Гітлер і Сталін. Я думаю, што ўсё роўна рана ці позна людзі выйдуць на плошчу, бо іншага выйсьця няма.

— Ведаеце, усе мае знаёмыя абураныя ягонымі словамі. Ён нас называе бандытамі, а мы ўсе гэтыя 20 гадоў плацім дзяржаве падаткі. Мы ўсе хочам працаваць, ня лезем у дзяржаўную кішэню, а ён з нас робіць нейкіх злачынцаў. Парушаюцца ўсе нашы канстытуцыйныя правы — так дзейнічаў Гітлер і Сталін. Я думаю, што ўсё роўна рана ці позна людзі выйдуць на плошчу, бо іншага выйсьця няма. Нас усіх заганяюць у кут і людзей даводзяць да адчаю.

Прадпрымальнік Сяргей са Слоніма заўважае, што ўчорашні выступ Лукашэнкі яго нічым не зьдзівіў, бо ён ужо даўно зьняў ружовыя акуляры:

— Раней мы былі «вашывымі блохамі», а цяпер сталі — бандытамі. Такое бачаньне эканомікі ў былога дырэктара саўгаса, і так працягваецца больш за 20 год. Замест таго каб праводзіць рынкавыя рэформы, падвышаць дабрабыт людзей, Лукашэнка выбірае іншую тактыку — запалохвае насельніцтва: маўляў, яны бандыты, і калі мы зь імі справімся, то эканоміка запрацуе... Думаю, тым, хто яшчэ меў спадзеў на перамоўны працэс з прадстаўнікамі ўраду, усё ж давядзецца скінуць свае ружовыя акуляры, бо чарговы раз Лукашэнка падкрэсьлівае, што ні на якія саступкі ісьці не зьбіраецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG