Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Сандэрс перамаглі на праймэрыз у Нью-Гэмпшыры


Бэрні Сандэрс і Дональд Трамп.
Бэрні Сандэрс і Дональд Трамп.

9 лютага ў паўночна-ўсходнім амэрыканскім штаце Нью-Гэмпшыр прайшлі першасныя выбары ў ЗША. У дэмакратаў перамогу атрымаў сэнатар Бэрні Сандэрс, у рэспубліканцаў — мільярдэр Дональд Трамп.

Сандэрса падтрымалі 60 адсоткаў дэмакратаў, Дональда Трампа — 35 адсоткаў выбаршчыкаў-рэспубліканцаў.

«Выбаршчыкі ў Нью-Гэмпшыры з усёй відавочнасьцю далі зразумець істэблішмэнту, што амэрыканцы хочуць сапраўдных пераменаў. Мая кампанія якраз і сымбалізуе мужнасьць адпрэчыць статус-кво» — заявіў Сандэрс, зьвяртаючыся да сваіх прыхільнікаў у сталіцы Нью-Гэмпшыру, Канкордзе.

Гілары Клінтан, якая набрала 39 адсоткаў галасоў, пацярпела нечакана сур’ёзнае паражэньне. Аднак выбарчы штаб Клінтан лічыць пройгрыш у Нью-Гэмпшыры прыкрым, але не сьмяротным, паколькі ў адрозьненьні ад большасьці штатаў дэмакратычны электарат у Нью-Гэмпшыры ў вялікай меры належыць да левага крыла партыі, да якога залічвае сябе Сандэрс. Паводле апытаньняў, 71 адсоткаў чальцоў Дэмакратычнай партыі па ўсёй краіне прадказваюць выніковую перамогу Клінтан на першасных выбарах.

У рэспубліканскім лягеры другім пасьля Трампа, які набраў 35 адсоткаў галасоў, аказаўся губэрнатар штату Агаё Джон Кейсік, якія атрымаў 16 працэнтаў.

Наступны раўнд першасных выбараў пройдзе 20 лютага. Дэмакраты памераюцца паміж сабою сіламі ў Нэвадзе, рэспубліканцы — у Паўднёвай Караліне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG