Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве чачэнцы напалі на Міхаіла Касьянава. Кінулі торт у твар


Міхаіл Касьянаў

Міхаіл Касьянаў

У Маскве зьдзейсьнены напад на лідэра расейскай Партыі народнай свабоды ПАРНАС Міхаіла Касьянава. Ён амаль не пацярпеў.

Паводле інфармацыі прэс-службы партыі, напад адбыўся ў аўторак, у 21.30, у адным з рэстаранаў у цэнтры горада. Два чалавекі падышлі да Касьянава і кінулі яму ў твар торт, суправаджаючы гэта дзеяньне выкрыкамі з пагрозамі на яго адрас. Потым двое мужчынаў хутка пакінулі памяшканьне ў суправаджэньні 15 саўдзельнікаў, селі ў чатыры аўтамабілі і схаваліся.

У аддзяленьні паліцыі ў раёне Кітай-горад Касьянаў напісаў заяву аб прыцягненьні тых, хто нападаў, да адказнасьці за пагрозы яго жыцьцю і бясьпецы.

Адным зь першых пра напад паведаміў кіраўнік моладзевага аддзяленьня ПАРНАСа Міхаіл Конеў. Ён распавёў Свабодзе, што была спроба нападу групы чачэнцаў, «ахова адбілася». «Нападнікаў было 20 чалавек, ня менш», — напісаў Конеў у Твітэры. Ён лічыць, што тое, што адбылося, хутчэй за ўсё, палітычная правакацыя.

Пра тое, што тыя, хто нападаў, гаварылі на чачэнскай мове, адзначала ў Твітэры Натальля Пялевіна — таксама актывістка ПАРНАСа.

Нядаўна Міхаіл Касьянаў і каардынатар «Адкрытай Расеі» Ўладзімер Кара-Мурза-малодшы падалі заяву ў ФСБ з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава за апублікаваны ім у Інстаграме відэазапіс, у якім апазыцыянэры намаляваныя ў перакрыжаваньні аптычнага прыцэлу. Апазыцыянэры назвалі гэта відэа «прамым падбухторваньнем да забойства».

Інстаграм пазьней выдаліў запіс. Аднак, Кадыраў, які называе прадстаўнікоў апазыцыі «ворагамі народа», у суботу разьмясьціў у сацыяльнай сетцы сваю фатаграфію зь вінтоўкай, абсталяванай аптычным прыцэлам. Здымак суправаджаўся словамі «Хто не зразумеў, той зразумее». Гэты ж надпіс суправаджаў і выдаленае відэа.

Як паведамляе сайт meduza.io, па факце нападу на Міхаіла Касьянава паліцыя пачала расследаваньне ў рамках адміністрацыйнага заканадаўства. Такім чынам, у паліцыі вырашылі не разглядаць інцыдэнт як пагрозу жыцьцю і бясьпецы палітыка і пачынаць расследаваньне па прыкметах крымінальнага злачынства.

XS
SM
MD
LG