Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя заклікала Эўразьвяз не скасоўваць санкцыі з Лукашэнкі і ягонага атачэньня


Беларуская апазыцыя правяла сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС краінаў Вышаградзкай групы, якія знаходзяцца зь візытам у Менску напярэдадні разгляду аб эўрапейскіх санкцыях супраць беларускіх уладаў.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі 9 лютага ў Менску сустрэліся з палітычнымі дырэктарамі міністэрстваў замежных спраў краінаў Вышаградзкай групы (ВГ) Іванам Естржабом (Чэхія), Левентэ Бенкё (Вэнгрыя), Багумілай Ордык (Польшча) і Петэрам Мішыкам (Славакія).

Зь беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі Юрась Губарэвіч, Тацяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Размова ішла аб бягучай сытуацыі ў Беларусі, абмяркоўвалі магчымыя рашэньні аб адмене або працягненьні мараторыя на зьняцьце санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, а таксама сытуацыю ў кантэксьце маючых адбыцца ў гэтым годзе парлямэнцкіх выбараў», — паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле слоў Янукевіча, на сустрэчы ён казаў пра неабходнасьць выпрацоўкі пакрокавай дарожнай мапы, бо «толькі такі падыход можа забясьпечыць сыстэмнасьць дыялёгу». Важна таксама, каб крокі з боку ЭЗ «не былі аднабаковымі, каб быў пералік крокаў з боку беларускіх уладаў, што ў першую чаргу датычыцца паправак у выбарчае заканадаўства, Крымінальны кодэкс, закон аб СМІ».

Янукевіч паведаміў, што прадстаўнікі Вышаградзкай групы гаварылі пра «драматычныя зьмены, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне ў апошнія гады», а таксама аб «перадумовах новага старту ў адносінах Беларусі і ЭЗ».

«Гэты новы старт сёньня адбываецца. Аднак пры гэтым яны адзначылі, што разьвіцьцё і ўмацаваньне моцнай грамадзянскай супольнасьці застаецца для іх адным з важных прыярытэтаў, яны будуць працягваць адсочваць сытуацыю з правамі чалавека і свабодамі ў Беларусі, у тым ліку падчас парлямэнцкіх выбараў», — заявіў Янукевіч.

Ён паведаміў, што сваю пазыцыю адносна адмены або падаўжэньня санкцыяў прадстаўнікі краінаў Вышаградзкай групы не канкрэтызавалі.

«Яны падкрэсьлівалі, што рашэньне нельга лічыць прынятым. Яно будзе прымацца ў тым ліку па выніках гэтага візыту эўрапейскіх чыноўнікаў», — сказаў Янукевіч.

У той жа час сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі лічыць, што, «хутчэй за ўсё, у панядзелак санкцыі супраць вярхушкі беларускай улады будуць адмененыя».

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Вядома, гэта ня факт, усё вырашыцца па выніках галасаваньня. Сёньня на сустрэчы фактычна ўсе прадстаўнікі дэмакратычных сілаў былі адзінадушныя ў меркаваньні, што санкцыі да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў адмяняць нельга», — заявіў Рымашэўскі.

Эўрапейскія палітыкі, паводле слоў Рымашэўскага, хочуць даць шанец беларускім уладам, паверыць іх абяцаньням.

«Вельмі хацелася б, каб палітыка ЭЗ грунтавалася на каштоўнаснай аснове, каб Эўрапейскі зьвяз не выбіраў паміж стабільным аўтарытарным рэжымам на мяжы з Эўропай і дэмакратызацыяй нашай краіны. Таму што, выбіраючы адносіны зь беларускімі ўладамі, эўрапейскія палітыкі закладваюць бомбу запаволенага дзеяньня ў самым цэнтры Эўропы», — лічыць сустаршыня аргкамітэту «БХД».

Раней дэлегацыя МЗС краінаў Вышаградзкай групы мела сустрэчы зь беларускімі ўладамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG