Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на нафту на таргах у Нью-Ёрку аднавілі рэзкае падзеньне


Экспэрты не выключаюць падзеньня цэнаў на нафту ніжэй за 20 даляраў за барэль.

Цэны на нафту, якая здабываецца ў ЗША, упалі ў аўторак на Нью-Ёркскай таварнай біржы амаль на 6 адсоткаў да 27 даляраў 94 цэнтаў за барэль. Нафта маркі Brent патаньнела амаль на 8 адсоткаў да 30 даляраў 32 цэнтаў за барэль.

Падставай для чарговага падзеньня сталі новыя неспрыяльныя для вытворцаў нафты прагнозы. У штомесячнай справаздачы Міжнароднага энэргетычнага агенцтва зьмяшчаецца інфармацыя пра нечаканы рост вытворчасьці нафты ў студзені краінамі-сябрамі АПЕК і пра рэкордныя запасы нафты ў сховішчах па ўсім сьвеце. Адначасова Кувэйт і Іран абвясьцілі пра намер павялічыць вытворчасьць вуглевадароднай сыравіны ў гэтым годзе. Улічваючы нэгатыўныя для цэнаў на нафту тэндэнцыі, спэцыялісты Міжнароднага энэргетычнага агенцтва зьнізілі да 37 даляраў 52 цэнтаў за барэль сярэднегадавы прагноз цаны нафты маркі Brent. Гэта амаль на 3 даляры ніжэй за іх прагноз, зроблены месяц таму.

У найбліжэйшай будучыні нафта можа патаньнець да 20 даляраў за барэль, прадказвае ўсё большая колькасьць аналітыкаў. Рэспэктабэльны інвэстыцыйны банк Goldman Sachs выступіў у аўторак з папярэджаньнем аб тым, што цэны на нафту могуць упасьці нават ніжэй за гэты ўзровень, калі будуць перапоўненыя сховішчы нафты.

XS
SM
MD
LG