Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка павінна быць гатовая да горшага сцэнару разьвіцьця падзей у сувязі з нявызначанасьцю разьвіцьця зьнешнеэканамічных фактараў.

Пра гэта заявіў 9 лютага прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэньні прэзыдыюма Саўміна, дзе быў ухвалены праект праграмы дзейнасьці ўрада на 2016-2020 гады, паведамляе ўрадавая прэс-служба.

Цяпер дакумэнт будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў да 16 лютага, паведамляе БелТА.

Кабякоў сказаў, што ў 2016 годзе захоўваецца высокая ступень нявызначанасьці разьвіцьця зьнешнеэканамічных фактараў. Сытуацыя на галоўных экспартных рынках цяжка прадказальная і імкліва пагаршаецца.

«Яшчэ два месяцы таму мы мелі адзін прагноз, заснаваны на экспэртных ацэнках міжнародных фінансавых інстытутаў, — $ 50 за барэль нафты, 63 расейскія рублі за долар, Br18 тыс. 689 за даляр, цяпер сытуацыя рэзка зьмянілася. Цяпер мы маем каля $ 30 за барэль, курс расейскага рубля — каля 80 за даляр. Калі ўсё захаваецца ў нязьменным стане, такім, як мы маем сёньня, сярэднегадавы курс беларускага рубля ў гэтых умовах застанецца на ўзроўні 22 тыс. 719 за даляр», — сказаў прэм’ер-міністар.

Паводле Кабякова, сказаць, як сябе будзе паводзіць зьнешняя рынкавая стыхія, з высокай ступеньню верагоднасьці не можа ніхто:

«Але мы павінны быць гатовыя да горшага сцэнару. Па ацэнцы Міністэрства фінансаў, цана для бюджэту, гэта значыць бюджэтны разрыў паміж зацьверджаным сцэнаром 50-63-18 689 і сёньняшнімі лічбамі 30-80-22 719, складае каля Br38 трлн, або 14% расходнай часткі кансалідаванага бюджэту».

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў гэтых умовах урад пры самым непасрэдным удзеле ўсіх зацікаўленых выпрацаваў пакет неадкладных антыкрызысных мераў.

«Мерамі прадугледжваецца выразны падзел зоны адказнасьці па валютных абавязацельствах, за эфэктыўнасьць кіраваньня актывамі дзяржаўных прадпрыемстваў, вызначаны задачы, арыентаваныя на дывэрсыфікацыю экспарту, прыцягненьне замежных інвэстыцый, стварэньне ўмоў для паскоранага разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. У якасьці сыстэмнай меры павышэньня эфэктыўнасьці вытворчага сэктара вызначана рацыянальнае імпартазамяшчэньне», — сказаў ён.

Прэм’ер-міністар падкрэсьліў, што адначасова зь няпростымі мерамі па павелічэньні даходаў бюджэту прадугледжваюцца меры і па скарачэньні выдаткаў:

«Мы будзем сур’ёзна аптымізаваць ня першачарговыя капітальныя выдаткі. Тым не менш намі не забытыя кампэнсацыйныя меры сацыяльнай падтрымкі малазабясьпечаных слаёў насельніцтва. Гэта, перш за ўсё, адрасная сацыяльная падтрымка, безнаяўныя субсыдыі. Паралельна будзе весьціся праца па зьніжэньні выдаткаў і неабгрунтаванага росту коштаў».

Андрэй Кабякоў лічыць важным тое, што меры па балянсаваньню бюджэту фактычна выконваюць стратэгічную задачу кіраўніка дзяржавы — пераход ад кан’юнктурных даходаў, у тым ліку ад экспарту нафтапрадуктаў, да сталых сыстэмных крыніцаў фармаваньня бюджэту.

Паводле Кабякова, мяркуецца істотнае зьмяненьне дзейных падыходаў да фармаваньня і фінансаваньня дзяржаўных праграм.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG