Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Д’ябал скраў, бог вярнуў». Як алькаголік з 20-гадовым стажам стаў вернікам і ажаніўся з маладой 


Анатоль Буцкевіч — 52-гадовы жыхар вёскі Бор у Пухавіцкім раёне. Робіць «эўрарамонт» у старой бацькоўскай хаце, летась упершыню ажаніўся і прывёў у дом маладую гаспадыню, якая змалку жыла ў горадзе. Два дзясяткі гадоў Анатоля ў вёсцы лічылі безнадзейным бабылём з прычыны ягонай прыхільнасьці да «зялёнага зьмія». Анатоль кажа, што з пасткі п’янства ўратаваўся дзякуючы веры ў Бога.

Анатоль сустракае ў двары бацькоўскай хаты з інструмэнтамі будаўніка: усталёўвае ў вясковай хаце «гарадзкую» ванну. Таму запрашае ў часовае жытло — колішнюю бацькоўскую лазьню, дзе жыве з маладой жонкай, і пачынае апавядаць пра сваё выратаваньне.


Беспрацоўе — пачатак шляху ў нікуды

«Пачатак 90-х быў нечым падобны да дня сёньняшняга. І цяпер беспрацоўе — звыклая зьява. Але пасьля распаду Савецкага Саюзу мала хто быў да гэтага гатовы: прыходзіш на працу, а працы няма. Гэтак дзень, два, а далей тыдні і месяцы. І звальняць не звальняюць, і плаціць ня плацяць. Так і пачалося п’янства: спачатку — са ста грамаў дзеля „супакою душы“, хоць гэта і поўная лухта — нічога выпіўкай не супакоіш. А пасьля — чарка за чаркай. Так і зьявілася залежнасьць ад алькаголю — як шмат з кім здараецца і сёньня».


Залежным ад алькаголю Анатоль заставаўся каля дваццаці гадоў. У гэты час быў беспрацоўны. Выжываў тым, што заставаўся ў хаце разам з старымі бацькамі, якія трымалі гаспадарку з гародам. Выпадковыя заробкі перадусім ішлі на выпіўку — гэтаму спрыяла і кампанія беспрацоўных бабылёў-выпівохаў. Кажа, што добра бачыў, якое брыдкае ягонае жыцьцё. І разумеў, што доўга так не працягне. Але выбавіцца з замкнёнага кола ня мог.

«Мяне б закапалі і забыліся б даўно»

«Я дапіўся да таго, што заставалася толькі на той сьвет — іншага шляху ўжо не было. І мяне б даўно не было ўжо — закапалі б і забылі даўно. Але мае сёстры ў той час былі верніцамі царквы веры эвангельскай. І пляменьніца Алеся мне кажа: „Дзядзька Толя, выйсьце ёсьць: трэба ісьці да Бога“. А як ісьці, я ня ведаў. Але пры нашай пратэстанцкай царкве ў мястэчку Пухавічы ў той час адкрыўся рэабілітацыйны цэнтар для людзей, залежных ад алькаголю. І я накіраваўся туды».

Анатоль кажа, што «рэабілітацыйны цэнтар» на той момант існаваў толькі на паперы. У сапраўднасьці гэта быў стары драўляны будынак былога вясковага шпіталя. Але жыцьцё ў ім і духоўнае аздараўленьне ён успрымае як цікавую і захапляльную прыгоду.


«Мы гэты цэнтар, можна сказаць, будавалі наноў уласнымі рукамі. Пра тое, што прыбіральня на вуліцы — не кажу. Напачатку не было нават сьвятла. Мы жылі пры сьвечках, а я пракладваў электраправодку. Падлога згніла, і яе давялося ўзарваць цалкам: паклалі бэлькі і скакалі, як зайцы. Паставілі ложкі ў два ярусы, на два пакоі адну печ склалі, каб ацяпляць. Дроваў наколем, наносім, напалім — цёпла было.

Летам бульбу садзілі, агарод даглядалі. Нехта ўмеў класьці тынкоўку, нехта сталярныя работы, хтосьці прыбіраў у двары — і гэтак працавалі штодня. Распарадак быў такі: пад’ём а сёмай гадзіне, сьнеданьне, якое гатавалі сабе самі на пліце. Затым — гадзіла чытаньня слова Божага з пастырамі, якія ў нас былі за кіраўнікоў, разважаньні над словам Божым і праца. Днём вярталіся на абед — і зноў на працу».


Кінуў курыць, бо «быў голас»

«Выпіваць было нельга пад страхам выгнаньня. Тое самае і з курэньнем — кожны хацеў пакурыць і хаваліся, нібыта падлеткі, за рогам. Я ведаў, што сусед курыць, сусед ведаў, што я куру, але разам не курылі і не размаўлялі пра гэта. І вось аднойчы позна ўвосень папрасіў тут людзей мясцовых — набылі мне пачку цыгарак. Схаваў у свае рэчы, скурыў пару штук. І вось адным вечарам сядзім перад агнём у печы — мы, працаўнікі, настаяцелі нашы — размаўляем. І да мяне нібыта голас прамаўляе: Толя, выкінь цыгарэты. Думаю, як жа мне выкінуць? Я ж толькі набыў пачак — такое шчасьце, выкурыў літаральна пару штук?! Але голас натуральна прамаўляе далей — ціха і лагодна. Я ўрэшце падняўся, палез у свае рэчы і дастаў гэтыя цыгаркі. Усе раптам змоўклі, і вось у гэтай грабавой цішы я кажу: глядзіце — Бог сьведка — і кінуў гэты пачак у печ. З таго часу нібыта адрэзала — не куру, і ніякага жаданьня няма. А калі побач хто курыць, то дыханьне пераймае».

«Залежны ад алькаголю чалавек, ён хоча — п’е, ня хоча — усё роўна п’е»

«Каб перастаць выпіваць — спачатку трэба было моцна гэтага захацець і ўстрымацца колькі дзён. А пасьля — слова Божае, праца спынялі ад выпіўкі.

Калі чалавек б’е сябе ў грудзі і кажа: „завяжу ў кожную хвіліну, калі захачу“, „сёньня п’ю, а заўтра не“ — гэта самападман, нават у людзей, якія кадзіраваліся ад п’янства. Перапытваю ў свайго знаёмца: вось ты закадзіраваўся — і цяга да алькаголю цалкам прапала? А ён мне — я да канца гэтай „кадзіроўкі“ ніводнага разу не вытрымліваў, ізноў пачынаў піць. А яму кажу: а вось калі мяне Бог вызваліў, то назаўсёды.

Але спакусы былі. Прыходзяць старыя знаёмцы ці сябры: Анатоль, давай па сто грам. Але Бог і ягоныя запаведзі для мяне важнейшыя за людзкія. І навакольныя прывыклі: нават перасталі прапаноўваць выпіць. Пры гэтым стасункі зь людзьмі ня толькі ня сталі горшымі, але палепшалі нават: перастаў з кімсьці варагаваць, у мяне няма непрыяцеляў — я з усімі сябрую».

У мяне сябры — па ўсім сьвеце: ад Аўстраліі да Паўночнай Грэнляндыі

«У нашым цэнтры для залежных на алькаголь людзі праходзяць працатэрапію цягам году. А затым зьяўляюцца новыя, бо патрэбы такой дапамогі ў людзей вельмі шмат. Потым чалавек павінен уладкавацца на працу і далей працягваць жыцьцё самастойна. Мой пастыр прапанаваў мне паехаць дапамагчы рамантаваць будынак старой школы ў мястэчку Ўзда. Гэты будынак набылі прадстаўнікі нашай царквы з Ангельшчыны, каб прыстасаваць яго для дзяцей-сірот. Я паехаў дапамагаць на тры дні, а застаўся на тры гады.

Далі мне пакой — былы школьны кляс — і працаваў там „майстрам на ўсе рукі“: калоў дровы і паліў у печах, рамантаваў абсталяваньне, займаўся электрыкай — рабіў усё, што мог. Да нас прыяжджалі іхнія партнэры — гэтых гаспадароў будынку. І цяпер у мяне сябры па ўсім сьвеце: у Ангельшчыне, у Аўстраліі, Нямеччыне, Аўстрыі, Швэцыі, Польшчы, Паўночнай Грэнляндыі — па ўсім сьвеце. Год таму вярнуўся дадому і ўладкаваўся на ранейшую працу — электрыкам у калгас. Бацькі мае да гэтага часу памерлі, а я вырашыў наноў адбудаваць вясковую хату. Адначасна працягваў хадзіць у царкву, і гэтак у царкве аднойчы пазнаёміўся з Натальляй — са сваёй будучай жонкай».


Анатолева жонка Натальля кажа, што таксама прайшла нялёгкую школу жыцьця. Нарадзілася ў Менску, але ў праблемнай сям’і, а таму з другой клясы школы выхоўвалася ў сірочым доме. Жанчына, верніца пратэстанцкай царквы ўзяла дзяўчынку пад сваю апеку. Гэтак Натальля сталася верніцай. Скончыла вучэльню, наймала жытло ў Смалявічах і працавала ў менскай кавярні «Васількі». Сваё знаёмства з Анатолем называе Божым провідам.

На вясельле прыйшлі больш за сотню людзей

«Знаёмства з Анатолем дало мне моцны жыцьцёвы досьвед: пакуль не пазнаеш чалавека, нельга пра яго меркаваць паводле чужых словаў і ўражаньняў. Я даведалася, што Анатоль былы алькаголік, і я пачала пытацца ў людзей парадаў. І мне нагаварылі гэтулькі страхаў, што я баялася зь ім размаўляць нават. Але мы пачалі разам маліцца, пасьля перапісваліся праз СМС, і неўзабаве адчулі, што патрэбныя адно аднаму. Я пабачыла, што Анатоль — добры і чулы чалавек. І цяпер мой дом тут — у вёсцы Бор».


Натальля і Анатоль кажуць, што сваякоў і гасьцей на іхнім вясельлі было за сотню чалавек, у тым ліку гаспадары ўзьдзенскай сядзібы і сябры з замежжа. Сталы расставілі проста ў царкве. Дапамагалі ўсе: былая апякунка з дачкой нагатавалі на стол, іншыя ўпрыгожвалі залю, ладзілі музыку. Пастары і вернікі дапамагалі ўпарадкаваць побыт маладых у старой-новай вясковай хаце. Цяпер тут ёсьць усе гарадзкія выгоды: водаправод, пральная машына, праведзены газ.


Упершыню пацалавалася з мужчынам на ўласным вясельлі

«Тое, што калісьці д’ябал у мяне ўкраў, тое Бог вярнуў, і больш за тое — маю жыцьцё, працу, найлепшую жонку мне даў Пан Бог, — кажа Анатоль. — Мяне шануюць на працы, паважаюць знаёмыя. А я, у сваю чаргу, ніколі не пагарджаю тымі, хто застаецца залежны. Тыя „прапашчыя“ алькаголікі, якія цяпер каля вясковай крамы зьбіраюцца, каб арганізаваць нешта „на траіх“, — я ніколі не пагарджаю імі: павітаюся, паразмаўляю, скажу нешта ў падтрымку. Гэткі быў Пан — ішоў не да фарысэяў і кніжнікаў, а да простых людзей, да рыбакоў».


«Я ўсё сваё жыцьцё пражыла ў горадзе, а таму пакуль што ёсьць такая „ломка“: каб пасьпець у доме, па гаспадарцы ў двары і на гародзе — трэба яшчэ прылаўчыцца, — працягвае Натальля. — Але добрыя адносіны з мужам даюць сілы працаваць над сабой. Я дзякую Богу, што ён захаваў мяне ў чысьціні і я не пайшла шляхам, якім ідзе шмат моладзі: не паспытала алькаголю ці наркотыкаў, распуснага жыцьця — я ўпершыню пацалавалася з мужчынам на ўласным вясельлі. І таму я раю ўсім людзям: ідзіце ў царкву, шукайце Бога — паглядзіце, як Бог зьменіць ваша жыцьцё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG