Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве суды будуць ахоўваць казакі, бо супрацоўнікі «Аховы» ня ўмелі працаваць з кампутарнай тэхнікай


Раней у Фондзе барацьбы з карупцыяй заявілі, што дзяржаўны кантракт з «Казачая вартай» аб ахове маскоўскіх судоў быў заключаны без правядзеньня конкурсу.

У Судовым дэпартамэнце Масквы патлумачылі неабходнасьць прыцягненьня казакоў да аховы сталічных судоў нездавальняючай працай супрацоўнікаў пазаведамаснай аховы МУС. Пра гэта заявіў начальнік упраўленьня дэпартамэнту Аляксей Дзьмітрыеў. Паводле яго слоў, у работнікаў фэдэральнага дзяржаўнага прадпрыемства «Ахова» не было спэцыяльнай падрыхтоўкі, яны ня ведалі, як карыстацца тэхнічнымі сродкамі аховы судоў, а таксама ня ўмелі працаваць з кампутарнай тэхнікай.

Напярэдадні юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй Любоў Собаль паведаміла, што дзяржаўны кантракт з прыватнай арганізацыяй «Казачая варта» аб ахове маскоўскіх судоў быў заключаны без правядзеньня конкурсу. Паводле яе слоў, сталічнае ўпраўленьне судовага дэпартамэнту заключыла кантракт з падрадчыкам наўпрост, патлумачыўшы гэта «ліквідацыяй наступстваў надзвычайнай сытуацыі». «Гэтая схема выкарыстоўваецца жулікамі, якія ня хочуць праводзіць адкрытыя конкурсы і выбіраць лепшыя кампаніі», — заявіла Собаль. Адзначаецца, што кантракт аб ахове маскоўскіх судоў «Казачай вартай» быў заключаны на суму больш за тры мільёны рублёў.

Пра тое, што ўсе раённыя суды Масквы будзе ахоўваць прыватная арганізацыя «Казачая варта», заснаваная ў 2014 годзе Цэнтральным Казачым войскам Расеі, стала вядома ў канцы студзеня. Раней ахову судоў ажыцьцяўлялі супрацоўнікі паліцыі і пазаведамасная ахова МУС.

У мінулую суботу ў Менску адбыўся сёмы казачы Круг аб’яднаньня «Беларускае казацтва». Сход зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прапановай ператварыць аб’яднаньне ў адзінку тэрытарыяльных войскаў Беларусі і заснаваць навучальную ўстановы Казачы дзіцячы корпус. Таксама казакі Беларусі вырашылі ўзяць удзел у парлямэнцкіх выбарах 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG