Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трайны ўдар для трох аналітыкаў. Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Чаму пасьля сустрэчы з Пуціным Лукашэнка далучыў Макею актывізаваць супрацоўніцтва з Эўропай і заявіў, што гатовы пайсьці на ўмовы МВФ?

Цыганкоў: Цікава прасачыць за крокамі Аляксандра Лукашэнкі адразу пасьля вяртаньня з Сочы, пасьля сустрэчы з Пуціным.
БЕЛТА паведаміла аб даручэньнях кіраўніка Беларусі міністру замежных справаў Уладзімеру Макею, «кіраўніком дзяржавы дадзеныя канкрэтныя даручэньні па разьвіцьцю ўсебаковага супрацоўніцтва з Эўрапейскім зьвязам, у тым ліку ў такіх адчувальных сфэрах, як праваабарончая тэматыка, праца з АБСЭ па падрыхтоўцы выбараў». Заўважце як гэта асабліва забаўна і цынічна, я б сказаў, гучыць з вуснаў Лукашэнкі — «праваабарончая тэматыка».

Таксама Макею паставілі задачу дамагчыся атрыманьня сродкаў МВФ. «Калі пойдуць на падтрымку Беларусі, пра якую мы запытвалі, — дзякуй, не пойдуць, значыць, не пойдуць, але весьці перамовы зь імі трэба з улікам нашых пазыцыяў, таго, што мы таксама ім абяцалі» — сказаў Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што фонд ня робіць Беларусі незразумелых і непатрэбных прапановаў. «Мы будзем рэалізоўваць іх прапановы, як бы ні было складана» — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Высновы, якія тут напрошваюцца, выглядаюць дастаткова відавочнымі. Зразумела, што непасрэдна ў Сочы знайсьці дамоўленасьць пра крэдыт ад Расеі не ўдалося. Таму Лукашэнка пачынае сваю традыцыйную гульню — «а калі не дадзіце грошы, то я перакінуся на Захад». Я б сказаў, што ў стратэгічным сэнсе гэта і ёсьць гульня. Бо рэальнага павароту на Захад, спробы ўваходжаньне ў нейкія заходнія структуры, прыняцьця дэмакратычных стандартаў, Лукашэнка ня зробіць.

Лукашэнка палохае Маскву такімі дэманстратыўнымі заявамі, а рускіх нацыяналістаў палохае нават цень такога павароту, нават зусім нявінная сустрэчы афіцыйнага Менску з заходнімі палітыкамі выклікаюць у іх абурэньне і разьюшанасьць. Наколькі гэтая гульня будзе працягвацца і ці будзе наогул? Нагадаю, што якраз у гэтыя дні ў Менску знаходзяцца намесьнікі міністраў некалькіх эўрапейскіх краінаў, якія відавочна намацваюць глебу наконт рэакцыі Менску ў выпадку прыняцьця рашэньня аб скасаваньні санкцыяў 15 лютага.

Дракахруст: У гэтых заявах ёсьць два слаі, два накірункі. Адзін — так, гэта, груба кажучы, «панты», сродак распальваньня рэўнасьці Расеі і выцісканьня зь яе грошай. Але з улікам тых кантактаў, якія ёсьць, гэта не толькі вэрбальная пагроза, бо сапраўды адбываецца пэўная нармалізацыя стасункаў.
Арсень Сівіцкі, беларускі палітоляг, сфармуляваў цікавую думку: для расейцаў «чырвоная рыса» для Беларусі ў зьнешняй палітыцы — гэта менавіта нармалізацыя. Тое, што дазволена Назарбаеву, тое не дазволяць Лукашэнку. Якія стасункі ў Казахстана, Азэрбайджана з Захадам? Яны абсалютна не інстытуцыйныя: ні ў якія асацыяцыі гэтыя краіны не ўваходзяць, але ніякіх бар’ераў у камунікацыі лідэраў няма. Заходні бізнэс шырока дзейнічае ў Казахстане. У сытуацыі з Беларусьсю для расейцаў гэта недапушчальна, на думку Сівіцкага. І ў гэтым сэнсе Лукашэнка ходзіць па вастрыні ляза. Калі крокі ў гэтым кірунку адбудуцца, Масква будзе рэагаваць вельмі агрэсіўна.

Цыганкоў: А што яна зробіць?

Дракахруст: Тое, што робіць: не дае грошай, цісьне з базай, з выхадам з зоны свабоднага гандлю з Украінай. Зразумела, Лукашэнка не сыйдзе на Захад, як Польшча, Украіна. Але нават да ўзроўню Назарбаева расейцы яго не пусьцяць. Ці прынамсі паспрабуюць не пусьціць.

Карбалевіч: Так, тут не толькі «панты», а сапраўды жаданьне наблізіцца да Захаду, а не толькі напужаць Расею. І ідэальны варыянт для афіцыйнага Менску быў бы такі: атрымаць грошы і з аднаго боку, і зь іншага. Але зараз не адбываецца ні аднаго ні іншага.

Нядаўна на нарадзе ў Лукашэнкі была даволі жорсткая размова адносна рэформаў. Можна гэта інтэрпрэтаваць так, што ўмовы МВФ Лукашэнку не задаволілі, ён іх не прыняў і паспрабаваў дамовіцца з Расеяй. І калі б гэта адбылося, то на МВФ можна было б пакуль махнуць рукой. Таму Лукашэнка прыняў надзвычайныя захады, каб усё ж такі сустрэцца з Пуціным, накіраўваў свайго прэм’ер-міністра Кабякова ў Пецярбург на сустрэчу з Мядзьведзевым, сядзеў у засадзе ў Сочы. Вось перамовы адбыліся.

На сустрэчы Лукашэнкі з Макеям быў цікавы момант. Лукашэнка сказаў, што Расея абяцала падтрымаць эканоміку Беларусі. І тут жа жэст у бок Захаду. Відаць, зусім дрэнна з фінансамі, калі Лукашэнка заклапаціўся праваабарончай тэматыкай і паляпшэньня ўмоваў правядзеньня выбараў. Прэзыдэнт падкрэсьліў: «Мы будзем рэалізоўваць іх прапановы, як бы ні было складана». Два тыдні таму ён гаварыў зусім іншыя рэчы, цьвёрда заяўляў, што курс мяняць ня будзем. А тут, значыць, пазыцыя памянялася.

Калі летась Лукашэнка прымаў віцэ-прэм’ера Беларусі Мацюшэўскага па выніках перамоваў з МВФ, той заявіў дзяржаўным мэдыям, што праграма з фондам разьвіваецца пасьпяхова і дзесьці ў канцы студзеня-пачатку лютага выйдуць на ўзгодненую праграму. Пачатак лютага ўжо канчаецца, а праграмы няма. Мяркую, што з-за перамовы з Расеяй, з-за сочынскай «засады» былі зацягнутыя перамовы з МВФ, а зараз яны пойдуць больш шпарка.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG