Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вірус Зіка для Качанавай — не супернік


Ілюстрацыйнае фота: беларусы на Алімпійскіх гульнях у Лёндане, 2012 год

Ілюстрацыйнае фота: беларусы на Алімпійскіх гульнях у Лёндане, 2012 год

Намесьніца прэм’ер-міністра Беларусі Натальля Качанава правяла пасяджэньне арганізацыйнага камітэту ў справе падрыхтоўкі беларускіх спартоўцаў да летніх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2016 году ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Як адзначае прэсавая служба Савета міністраў, чыноўніца пацьвердзіла, што будучая Алімпіяда — галоўнае спартовае мерапрыемства для Беларусі ў бягучым годзе:

«Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэтыя Алімпійскія гульні для нашай краіны былі пасьпяховымі і ўдалымі», — заявіла Качанава.

Яна паведаміла, што асабіста наведала некалькі фэдэрацыяў па летніх відах спорту і пытаньняў, якія было б неабходна вырашаць на ўзроўні арганізацыйнага камітэту, ня ўзьнікла.

Такім чынам, беларускія спартовыя функцыянэры не падзяляюць заклапочанасьці міжнароднай супольнасьці адносна небясьпекі вірусу Зіка, які набірае моц у тым ліку на паўднёваамэрыканскім кантынэнце.

У прыватнасьці, Алімпійскі камітэт ЗША днямі паведаміў, што любы амэрыканскі спартовец мае права прапусьціць Алімпіяду ў Рыа, калі ня будуць атрыманыя гарантыі бясьпекі ад вірусу Зіка. Такія рэкамэндацыі атрымалі ўсе спартовыя фэдэрацыі краіны.

Тым часам прадстаўнікі Аргкамітэту Гульняў-2016 адзначылі, што ўважліва сочаць за сытуацыяй вакол распаўсюджаньня вірусу ў Бразыліі і трымаюцца ўсіх рэкамэндацыяў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя.

У сваю чаргу прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах выказаў упэўненасьць, што ліхаманка Зіка не перашкодзіць лепшым атлетам узяць удзел у галоўных стартах чатырохгодзьдзя: «Яшчэ ёсьць час для вырашэньня праблемы», — адзначыў ён.

Успышкі хваробы сёлета зафіксаваныя ўжо ў 33 краінах Азіі, Афрыкі, Паўднёвай і Паўночнай Амэрыкі, Ціхаакіянскага рэгіёну. Але ў заходнім паўшар’і вірус распаўсюджваецца асабліва хутка — так, у Бразыліі разносчыкам вірусу зьяўляецца жоўталіхаманкавы камар. Ўлады абвясьцілі адмысловую кампанію, сутнасьць якой палягае ў тым, каб пераканаць насельніцтва штодня прысьвяціць крыху часу на выяўленьне і зьнішчэньне месцаў размнажэньня камароў.

Зрэшты, беларускіх чыноўнікаў, адказных за падрыхтоўку алімпійцаў, вірус Зіка пакуль што хвалюе ў апошнюю чаргу. Выказваецца заклапочанасьць, што як ніколі марудна ідзе працэс заваяваньня ліцэнзіяў. На гэты час права выступіць у Рыё-дэ-Жанэйра атрымалі восем дзясяткаў атлетаў. Дзеля параўнаньня, чатыры гады таму колькасьць заваяваных ліцэнзіяў перавысіла сотню, а восем гадоў таму дасягнула амаль паўтары сотні.

Паводле апэратыўных зьвестак, пакуль што падрыхтоўку да Гульняў ажыцьцяўляюць 232 беларускія спартоўцы ў 27 відах спорту, але канчатковы сьпіс прэтэндэнтаў вызначыцца па выніках удзелу ў нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG