Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Філіпенка прэзэнтуе ў Вільні раман пра кругі пекла для незалежных журналістаў у Расеі


4 траўня ў Вільні у Беларускім Доме правоў чалавека адбудзецца прэзэнтацыя раману «Цкаваньне» пісьменьніка і журналіста, лаўрэата «Рускай прэміі» 2014 году, расейскага беларуса Сашы Філіпенкі.

Вядучы тэлеканалу «Дождж», калумніст часопісаў «Сноб» і «GQ», сцэнарыст «Прожекторпэрисхилтон» Саша Філіпенка ў новым, трэцім рамане піша пра тое, якія кругі пекла праходзіць незалежны журналіст у сучаснай Расеі.

Прапануем з архіву Свабоды гутарку з Сашам Філіпенкам пра ягоны новы раман, пра прыроду «банальнага зла» у Расеі, пра ахвяраў і катаў расейскай прапаганды і Нобэля Алексіевіч.


Ганна Соўсь: Саша, я прачытала ў сеціве вашу трэцюю кнігу «Цкаваньне». Калі браць выключна сюжэтную лінію, то гэта кніга пра катаў і ахвяраў сучаснай расейскай прапаганды. Галоўны герой рамана — расейскі журналіст, які расьсьледуе злоўжываньні ўлады, у тым ліку топ-ідэолягаў, і на яго абвешчанае сапраўднае паляваньне, цкаваньне. Вы — журналіст незалежнага расейскага тэлеканалу «Дождж». Ці вы не баіцеся, што калі-небудзь паляваньне будзе абвешчанае на вас асабіста? І ці вытрымаеце вы, адрозна ад героя вашага раману?

Саша Філіпенка: Я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Я думаю, што кнігі не выклікаюць вялікай цікавасьці з боку ўлады. У гэтай кнізе няма нічога такога, каб выклікаць цкаваньне. Цкуюць зусім іншых людзей у Расеі, і ў гэтым ёсьць палітычны кантэкст. Я думаю, што я зрабіў фатаграфію часу, і калі вы задаеце такое пытаньне, то відавочна, што я зрабіў дакладную фатаграфію, і ўсё гэта падобна на праўду. Я не баюся. Думаю, што кнігі чытае ня так шмат людзей. І на тэлеканале «Дождж» я такі супрацоўнік, які, як правіла, жартуе, і больш за тое, падарожнічае па Расеі і расказвае, як гэта цудоўна. Я не баюся. Ці вытрымаю я? Ня ведаю. Мае сябры, які сутыкаліся з гэтым, расказвалі, што гэта вельмі непрыемна.

Ганна Соўсь: Некаторыя пэрсанажы вашага раману, на мой погляд, празрыста кладуцца на асобы вядомых расейскіх прапагандыстаў. А зь якіх прататыпаў вы ляпілі галоўнага героя, зацкаванага журналіста, які ня здаўся як творца, але быў раздаўлены як асоба?

Саша Філіпенка: Канечне, гэта зборны пэрсанаж, і палітыкі — зборныя пэрсанажы. Мне хутчэй хацелася адлюстраваць час, каб людзі, якія пачытаюць гэты раман праз 10 гадоў, разумелі, якім быў 2014, 2015 год у Расеі. Па маім уяўленьні, гэта магло б адбывацца і ў Беларусі, і ў Расеі, і ва Ўкраіне. Гэта ня можа быць адзін журналіст. Напэўна, у жыцьці аднаго журналіста гэта ўсё б і не адбывалася. Розныя гісторыі, трагедыі адбываліся з рознымі людзьмі. Нешта здаралася з людзьмі, зь якімі я асабіста знаёмы.

Ганна Соўсь: Вы кажаце, што тое, што адбываецца ў рамане, магло бы быць і ў Беларусi, i ва Ўкраiне. На ваш погляд, ў чым падабенства сучаснай Расеі, Беларусі і Ўкраіны, і ў чым галоўнае адрозьненьне?

Мне хацелася адлюстраваць час, каб людзі, якія пачытаюць гэты раман праз 10 гадоў, разумелі, якім быў 2014, 2015 год у Расеі.

Саша Філіпенка: Мы падобныя тым, чым былі падобныя заўсёды. Цяпер Украіна вырываецца. У гэтай краіне становіцца ўсё лепш з правамі чалавека і дэмакратычнымі інстытутамі. З гэтым горш у Расеі і Беларусі. У Расеі цяпер, безумоўна, значны вышэйшы ўзровень агрэсіі, і я гэта хацеў паказаць у кнізе. Я хацеў паказаць, як працуюць гэтыя мэханізмы, як працуе «банальнае зло». Мне падаецца, што ў Беларусі цяпер значна спакайней. І калі я прыяжджаю ў Беларусь, у мяне ёсьць адчуваньне, што ў Менску — пэўная адліга. Толькі час ад часу ў залі суду зьбіваюць журналістаў, і рэакцыя беларускага грамадзтва на гэта паказальная. У Расеі, канешне, гэта норма. Ёсьць адчуваньне, што там ўсе на ўзводзе, і было б нядрэнна, каб расейскае грамадзтва супакоілася.



Ганна Соўсь: Нядаўна былы прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі сказаў цікавую рэч пра беларусаў, працытую: "Яшчэ калі я сядзеў дзесьці ў Батумі за сталом, адразу адзначаў для сябе: калі чалавек гаворыць па-расейску, але ветліва сябе паводзіць, мякка ўсьміхаецца — гэта беларус". У вашым журналісцкім, пісьменьніцкім асяродку вас адразу распазнаюць як беларуса? Чым вы адрозьніваецеся ад калегаў?

у мяне ёсьць адчуваньне, што ў Менску — пэўная адліга

Саша Філіпенка: Я катэгарычна супраць такіх заяваў пра рускіх, беларусаў, украінцаў — ветлівых людзей. Я думаю, што Саакашвілі хацеў сказаць, якія прыемныя беларусы, але мне падаецца. што параўнаньні на нацыянальнай глебе заўсёды крыху папахваюць фашызмам. Я ведаю вялізарную колькасьць ветлівых, прыемных, выхаваных, інтэлігентных расейцаў, якія гэтак жа перажываюць за тое, што адбываецца цяпер у Расеі. Я ведаю вялізарную колькасьць непрыемных, нявыхаваных, неінтэлігентных беларусаў. Таму мне ўсё роўна, адкуль чалавек. Мне не прыходзіць у галаву запытацца, ці гэта беларус, літовец, латыш у той момант, калі ён ветлівы са мной. Ці ў той момант, калі мне хамяць, няма ніякай нацыянальнай прыналежнасьці. Безумоўна, калі мы гаворым пра агульны фон цяпер у Расеі, то можна казаць, што ўзровень агрэсіі больш высокі, тут больш наматваюць людзям нэрвы па тэлебачаньні, і гэта выліваецца ў грамадзтве. Маё кола зносінаў — гэта выключна выхаваныя, інтэлігентныя людзі, на якіх ніяк не ўплывае, што яны нарадзіліся ў Расеі ці ў Беларусі.

Ганна Соўсь: Вы былі ў Стакгольме на ўручэньні Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч. «Былы сын» — ваш дэбютны раман — у 2014 году атрымаў літаратурную «Русскую премию». І гэты раман можна назваць беларускім. А вы сябе якім пісьменьнікам лічыце? Расейскім, беларускім, проста пісьменьнікам?

я хацеў бы, каб «Былы сын» выйшаў па-беларуску

Саша Філіпенка: Мае карані, на шчасьце, не адарваліся. Але ёсьць адчуваньне, што ў сваёй краіне я адчуваю сябе «былым сынам». Гэта кшталту пытаньня, якім пісьменьніка лічыць Кафку, які ў Чэхіі пісаў па-нямецку. Лічыць яго нямецкім ці габрэйскім ці чэскім пісьменьнікам? Ці якім пісьменьнікам лічыць Міцкевіча? Важна, што мы чытаем Міцкевіча. Безумоўна, я лічу сябе расейскамоўным беларускім пісьменьнікам. Часам кажуць, што я зьехаў у Расею, пішу па-расейску, значыць — расейскі пісьменьнік. Гэта крыху дзіўна, бо я нікуды канчаткова не зьяжджаў. Так склалася, што ў мяне тут выдавец і праца. Я часта бываю ў Менску. Калі людзі зьяжджаюць працаваць у консульства Беларусі ў Парыжы, яны не перастаюць быць беларусамі. Беларускія футбалісты, калі пачынаюць гуляць у «Арсэнале», не перастаюць быць беларускімі футбалістамі

Ганна Соўсь: Усе творы Алексіевіч былі напісаныя па-расейску, але потым перакладаліся і выдаваліся па-беларуску. Ці ў вашых плянах пераклады і выданьні па-беларуску?

у сваёй краіне я адчуваю сябе «былым сынам»

Саша Філіпенка: Так. Але гэта залежць не ад мяне, а ад майго агента... Калі сур’ёзна, я быў бы вельмі рады, вельмі шчасьлівы, калі б мае кнігі выйшлі па-беларуску. Я ня вельмі ўяўляю, якія выдавецтвы ў Беларусі маглі б гэта зрабіць. Відавочна, што недзяржаўныя выдавецтвы. Найперш, я хацеў бы, каб «Былы сын» выйшаў па-беларуску. І «Цкаваньне», хаця там і не зусім беларускі сюжэт.

Ганна Соўсь: У працяг пытаньня пра Алексіевіч, вы запісвалі зь ёй інтэрвію ў Стакгольме, ваш раман «Цкаваньне» друкуе тое ж аўтарытэтнае выдавецтва «Время», якое друкуе яе творы. У чым на ваш погляд, фэномэн Алексіевіч, і чаму б вы хацелі ў яе навучыцца?

я лічу сябе расейскамоўным беларускім пісьменьнікам

Саша Філіпенка: «Время» мяне заўсёды выдавала. «Былы сын» таксама выйшаў у гэтым выдавецтве, таму што Барыс Пастэрнак таксама зь Беларусі, ён вельмі сочыць за беларускімі аўтарамі, і так атрымалася, што зь Беларусі былі выбраныя Сьвятлана Алексіевіч і я. Мы рабілі дакумэнтальны фільм пра Алексіевіч у Стакгольме. Размаўлялі зь яе перакладчыкамі, выдаўцамі. Фільм цяпер у працы, я спадзяюся, што хутка зьявіцца. Чаму бы я хацеў навучыцца ў яе? Яна зрабіла вялікі ўнёсак у літаратуру, па-першае, паказаўшы чырвонага чалавека. Па-другое, ёсьць мастацкая сьмеласьць... Зразумела, прыём, якім карыстаецца Алексіевіч, ня новы, многія яго выкарыстоўвалі яшчэ напачатку 20 стагодзьдзя, але яна выводзіць сябе з тэксту, і дае прагучаць голасу сваіх герояў, часам яе голас праходзіць адной рэмаркай, і гэтая рэмарка становіцца ў некалькі разоў больш важная і дакладная. Гэта цудоўна. Я люблю кнігі Сьвятланы Алексіевіч, я расказваю пра яе студэнтам...

Ганна Соўсь: Творы беларускіх пісьменьнікаў выдаюцца невялікімі накладамі — 500-1000 асобнікаў. Ваш апошні раман у часопісным варыянце выйшаў накладам 3 тысячы асобнікаў...

Саша Філіпенка: Цяпер у Расеі наклады вельмі малыя таксама. Наклад «Былога сына» быў 1000 асобнікаў, але ён перавыдаваўся ўжо пяць разоў.

Ганна Соўсь: Вы раней казалі ў нашай размове, што цяпер мала чытаюць. Ці верыце вы ў сілу мастацкага слова?

Для пісьменьніка цяпер у Расеі рай. Тут столькі фактуры, «мяса», як кажуць, сцэнарысты, таму зьяжджаць, безумоўна, ня варта

Саша Філіпенка: Я казаў пра тое, што гэта ня тыя памеры, якія будуць цікавіць уладу. Каб гэта было на ТВ... Калі кнігу прачытаюць 10, 20 тысячаў чалавек, то гэта будуць 20 тысяч расейскіх інтэлігентаў, якія не цікавяць уладу, і зь якімі ўлада даўно не кантактуе. Наклады, безумоўна, малыя. Выдаўцы страхуюцца, выпускаюць першы наклад, і потым глядзяць, як ён расходзіцца... Ці веру я ў сілу слова? Я веру ў тое, што я павінен рабіць гэта, а тое, ці паўплывае гэта на кагосьці, ня ведаю. Я пішу таму, што не магу гэтага не напісаць. Так быў напісаны «Былы сын». Першым павінен быў стаць раман «Замыслы», але я пабываў у 2010 годзе ў Менску і зразумеў, што я павінен напісаць «Былога сына». Тое самае, як «Цкаваньне» немагчыма было цяпер не напісаць. Гэта важны дакумэнт часу. Ці веру я ў тое, што гэта на кагосьці паўплывае? Раман у сеціве 48 гадзінаў пакуль. Я атрымліваю пэўную колькасьць лістоў ад людзей, для якіх ён стаў нечым важным. Але ў тое, што літаратура можа нешта глябальнае зьмяніць, я ня веру.

Ганна Соўсь: У вашай першай кнізе «Былы сын», ёсьць фраза «засталіся два вандроўныя народы — беларусы і цыганы», паколькі вялізарная колькасьць беларусаў зьяжджае і жыве і працуе ў іншых краінах, і гэты працэс не спыняецца, калі не пашыраецца. Ці параілі б вы беларусам зьяжджаць у Расею, як гэта зрабілі вы?

Саша Філіпенка: Кожны раз гэта асабістае пытаньне кожнага чалавека. Ці варта зьяжджаць? Чаму мы павінны зьяжджаць, а не людзі якія нам псуюць жыцьцё? Я зьяжджаў з Беларусі, калі мне было 19 гадоў, і гэта было эмацыйнае рашэньне. Цяпер я разумею, што я ў Беларусі ня змог бы займацца тым, чым займаюся ў Расеі — тэлебачаньнем ды іншым. Ці варта зьяжджаць з Расеі? Для пісьменьніка цяпер у Расеі рай. Тут столькі фактуры, «мяса», як кажуць, сцэнарысты, таму зьяжджаць, безумоўна, ня варта...


Саша Філіпенка нарадзіўся ў Менску ў 1984 годзе. Скончыў ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка і паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Пасьля закрыцьця ў Менску ЭГУ пераехаў у Расею, у Санкт-Пецярбург, дзе скончыў філялягічны факультэт СПБГУ, магістратуру. Атрымаў дыплём «Бард Каледжа» ў Нью-Ёрку. Працаваў сцэнарыстам вялікай колькасьці праграм на расейскім тэлебачаньні, у тым ліку «Прожекторпэрисхилтон». Вядучы тэлеканалу «Дождж». У 2011 годзе быў адзначаны дыплёмам першай ступені беларускага ПЭН-цэнтру. «Былы сын» — дэбютны раман аўтара — у 2014 году выйграў літаратурную «Рускую прэмію». У часопісе «Знамя» апублікаваны раман «Задумы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG