Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрэнсіс Фукуяма — пра «кіраваную дэмакратыю» і рэальныя дэмакратычныя мадэлі.

І праўленьне Пуціна, і «Ісламская дзяржава» ня вечныя, а вось лепей лібэральнай дэмакратыі чалавецтва пакуль нічога не вынайшла, сказаў амэрыканскі палітоляг, аўтар працы «Канец гісторыі і апошні чалавек» Фрэнсіс Фукуяма у інтэрвію карэспандэнту грузінскай рэдакцыі Радыё Свабода Саламэ Асатыяні.

Саламэ Асатыяні: Як вы неаднаразова пісалі, мадэрнізацыя не заўсёды мае на ўвазе дэмакратыю. Калі паглядзець на краіны, якія ўтварыліся пасьля развалу Савецкага Саюзу, то працэсы ў іх не пацьвярджаюць лёгіку непазьбежнасьці пераходу да лібэральнай дэмакратыі. Быў спачатку момант агульнай радасьцi, калі палітыкі і аналітыкі Захаду казалі пра вялікі пераходны пэрыяд ад таталітарызму да дэмакратыі і ад плянавай эканомікі да свабоднага рынку. Цяпер мы бачым, што большасьць дзяржаў за невялікім выключэньнем нікуды не перайшлі, у іх моцны аўтарытарызм, распад СССР прывёў да росту нацыяналізму і ксэнафобіі, а не лібэралізму. Але хтосьці, як, напрыклад, арганізацыя Freedom House, па-ранейшаму кажа аб пераходным пэрыядзе, публікуючы даклад Nations in Transit ( «Нацыі ў пераходным пэрыядзе»), хоць у самім дакладзе некаторыя зь іх названыя «кансалідаванымі аўтарытарнымі сыстэмамі». Вы падзяляеце гэта меркаваньне?

рост пуцінізму ў Расеі і некаторых краінах Усходняй Эўропы — гэта правал мадэрнізацыі

Фрэнсіс Фукуяма: Я думаю, што ўяўленьне многіх людзей аб тым, што пасьля 1991 году пераход зьдзейсьніцца хутка, было няслушным. І вядома, шэраг аўтарытарных рэжымаў з тых часоў кансалідаваўся. Але калі паглядзець на эўрапейскую гісторыю, то працэс дэмакратызацыі ў Заходняй Эўропе таксама адбываецца на працягу 150 гадоў. Так што правал апошніх 20 гадоў не азначае, што такі рух немагчыма ніколі. Шмат у чым гэта зьвязана з эканамічным разьвіцьцём, таму што ў краінах са шматлікім сярэднім клясам і адукаваным насельніцтвам заўсёды ёсьць запыт на большы ўдзел у палітычным жыцьці. На мой погляд, рост пуцінізму ў Расеі і некаторых краінах Усходняй Эўропы — гэта правал мадэрнізацыі, абумоўлены менавіта тым, што ў гэтых краінах не сфармаваўся сярэдні кляс.

Саламэ Асатыяні: Пуцін — цікавы прыклад, паколькі Расея пры ім ня толькі не дэмакратызавалася, але нават спрабуе пазыцыянаваць сябе як культурную ці цывілізацыйную процівагу Захаду. Гэта бярэ вытокі ў гісторыі — рэлігійнае мэсіянства і зварот да Масквы як да «Трэцяга Рыму», які знаходзіцца ў апазыцыі да «ерэтычнай Эўропы». Але гэта і частка сучаснага мысьленьня — замежныя дэманы змагаюцца са сьвятой Расеяй, расейскі патрыярх параўноўвае лібэралізм з глябальным злом, а палітычныя эліты кажуць то пра «сувэрэнную» дэмакратыю, то пра «кіраваную» дэмакратыю, але толькі не пра лібэральную дэмакратыю як такую. Гэта значыць, яны спрабуюць пабудаваць нейкі культурны падмурак, на якім можна было б весьці антызаходнюю палітыку. Ці не думаеце вы, што гэтыя мадэлі ствараюцца як спроба абгрунтаваць культурную альтэрнатыву лібэральнай дэмакратыі?

Калі Пуцін думае, што яму ўдалося стварыць нейкую жыцьцяздольную і трывалую альтэрнатыву лібэральнай дэмакратыі, то ўдачы яму

Фрэнсіс Фукуяма: Калі Пуцін думае, што яму ўдалося стварыць нейкую жыцьцяздольную і трывалую альтэрнатыву лібэральнай дэмакратыі, то, як той казаў, ўдачы яму, таму што яго канструкцыя пабудавана на вельмі вузкай, залежнай ад энэрганосьбітаў эканамічнай мадэлі, якая цяпер развальваецца. Такія ж працэсы адбываюцца ў іншых таталітарных рэжымах ў іншых частках сьвету — у Іране і Вэнэсуэле, напрыклад. Прытым што цэны на энэрганосьбіты ў сьвеце ўпалі, пустышка гэтай расейскай мадэлі пачынае праяўляцца. Так што паглядзім праз гадоў дзесяць эканамічнага правалу, ці будуць расейцы па-ранейшаму думаць, што гэта такая добрая альтэрнатыва свабодзе і росквіту, у якіх жыве Заходняя Эўропа. Мне таксама здаецца, што разьвіцьцё Расеі ў апошнія 20 гадоў шмат у чым таксама вызначалася зьнешняй палітыкай. Няўдача на раньніх стадыях пераходнага пэрыяду, хаос гадоў праўленьня Ельцына, аднаўленьне, заснаванае на росьце коштаў на энэрганосьбіты, у 2000-х пры кіраваньні Пуціна — можна зразумець, як расейцы прыйшлі да сваіх цяперашніх поглядаў. Але цяперашняя сытуацыя гістарычна абмежаваная, і ня думаю, што яна паказвае, як новае пакаленьне рускіх будзе ацэньваць сваё жыцьцё і сыстэму, у якой яны хацелі б жыць.

Саламэ Асатыяні: Некаторыя крытыкі левых поглядаў папракалі вас за тое, што вы ня бачыце альтэрнатывы свабоднаму рынку і эканамічнаму лібэралізму. Ваш тэзіс «канец гісторыі» многія параўноўвалі з лёзунгам Маргарэт Тэтчэр, што альтэрнатывы свабоднага рынку няма. Ці можна называць заходні капіталізм справядлівай мадэльлю, якія пераважае над іншымі эканамічнымі мадэльлямі, калі, напрыклад, у нядаўнім дакладзе гуманітарнай арганізацыі Oxfam гаворыцца, што 62 мільярдэра назапасілі столькі ж багацьця, колькім валодае палова насельніцтва сьвету.

Я думаю, што вядучая мадэль — гэта лібэральная дэмакратыя пры свабодным рынку

Фрэнсіс Фукуяма: Перш за ўсё, мне здаецца, што эканамічная сыстэма, якая ўзьнікае ў канцы гісторыі, — гэта не тэтчэрызм, гэта не эканоміка канкурэнцыі. Я думаю, што вядучая мадэль — гэта лібэральная дэмакратыя пры свабодным рынку. Усе лібэральныя дэмакратыі пераразьмяркоўваюць даход. Так, калі ў краіне ёсьць проста рынкавая эканоміка, ці не падмацаваная праўдзіва дэмакратычнай сыстэмай, то адбываецца толькі рост няроўнасьці. Менавіта таму кожная сучасная капіталістычная сыстэма мае сацыяльнае забесьпячэньне. У Эўропе сыстэма сацыяльнага забесьпячэньня спажывае 50 адсоткаў ВУП, якія справядлівым чынам пераразьмяркоўваюцца ў грамадзтве. У ЗША некалькі больш свабодная эканоміка, і мы пераразьмяркоўваем менш, чым Галяндыя або Швэцыя, але ўсё роўна ўсе дзяржавы гэта робяць. Я выступаю не за нястрыманы капіталізм, а за сыстэму, якая ўбудаваная ў дэмакратыю, дзе людзі могуць галасаваць за тое, каб утаймаваць рынкавыя апэрацыі. Крызіс 2008 года ў ЗША паказаў, што рынак зайшоў занадта далёка.

Чытаць інтэрвію цалкам.

XS
SM
MD
LG