Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш 4 тысяч расейскіх лёгкаатлетаў дыскваліфікаваныя. У беларусаў зьявіўся шанец


Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (ІААФ) разьмясьціла на сваім афіцыйным сайце сьпіс расейскіх спартоўцаў, якім забаронена выступаць на міжнародных спаборніцтвах на пэрыяд, пакуль Усерасейская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі застаецца дыскваліфікаванаю.

Агулам у пераліку больш за 4 тысячы лёгкаатлетаў, уключна зь лідэрамі зборнай Расеі — Аленай Ісінбаевай, Кацярынай Коневай, Дар’яй Клішынай, Ганнай Чычаравай, Сяргеем Шубянковым ды іншымі. Акрамя таго, у чорным сьпісе ІААФ — самі фігуранты допінгавых скандалаў: Валеры Борчын, Сяргей Кірдзяпкін, Вольга Каніськіна, Сяргей Бакулін, Уладзімер Канайкін, Лілія Шобухава, Яўгенія Золатава ды іншыя.

Летась у сярэдзіне лістапада Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў спыніла на нявызначаны тэрмін сяброўства Ўсерасейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі праз скандал з ужываньнем допінгу. Гэта значыць, што расейскія лёгкаатлеты наўрад ці змогуць узяць удзел у Алімпійскіх гульнях 2016 году ў Бразыліі, як і ў іншых спаборніцтвах пад эгідаю гэтай міжнароднай арганізацыі. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі праз допінг ад спаборніцтваў адхіляюць цэлую нацыянальную фэдэрацыю.

Рашэньне было ўхвалена пасьля таго, як камісія Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва апублікавала вынікі расьсьледаваньня, якое выявіла, што расейскія лёгкаатлетычныя і антыдопінгавыя органы спрыялі ўжываньню спартоўцамі забароненых допінгавых прэпаратаў і пакрывалі такое ўжываньне. Агенцтва тады заклікала дыскваліфікаваць за гэта расейскую лёгкаатлетычную асацыяцыю. Ці апраўданыя радыкальныя крокі, калі пад пагрозай галоўныя старты ў жыцьці любога спартоўца — Алімпійскія гульні?

Барыс Тасман — адзін з самых дасьведчаных беларускіх спартовых аналітыкаў, які шмат гадоў займаецца тэмай допінгу ў спорце. На яго перакананьне, калі допінг ператвараецца ў норму, іншых варыянтаў проста не застаецца:

Барыс Тасман

Барыс Тасман

«Гэта нават не пытаньне — апраўданыя захады ці не. Яны апраўданыя стопрацэнтна. Іншых варыянтаў няма і быць ня можа. І ўсе расейскія зоркі, якія цяпер хорам пішчаць, што да гэтай гісторыі ня маюць ніякага дачыненьня, проста хлусяць, і яшчэ як. Яны ўсе ў долі, яны ўсе цудоўна ведаюць, што рэальна адбываецца. Калі ты ва ўсім гэтым жывеш, то ня можаш нечага ня ведаць.

Ня буду сьцьвярджаць пайменна, бо ня ведаю, як рыхтуецца тая ж Ісінбаева, на яе грашыць ня буду. Але тое, што і яна, і яе трэнэр, і ўсё навокал гэтым прасякнута — простая канстатацыя факту. Таму такія захады абсалютна апраўданыя. Пакуль расейцы кардынальна ня зьменяць сыстэму падрыхтоўкі спартоўцаў, толку ня будзе.

Разам з тым правільна кажуць тыя, хто сьцьвярджае: да Алімпіяды ў Рыё такое немагчыма ня тое што выкараніць, а нават паспрабаваць паварушыць. Неабходны надзвычай працяглы час, каб мэханізм хоць бы перазапусьціць. А калі заплюшчыць вочы, пашкадаваць, пусьціць іх на Алімпіяду, то ўсё будзе працягвацца і далей. Зробіш палёгку, а яны гэта ўспрымуць як „перамогу“. Інакш у Расеі і быць ня можа — паглядзіце, якія ў іх лідэры, пра што яны гавораць, паслухайце іх рыторыку. Усё замешана на грашах».

Як удакладняе кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў, сьпіс расейскіх атлетаў, якім забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі, складзены на падставе дадзеных Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА). Таксама адзначаецца, што цяперашняя вэрсія не канчатковая і можа карэктавацца. Цяпер у чорным сьпісе ІААФ 4027 лёгкаатлетаў з Расеі.

Спартовыя адмыслоўцы ў розных краінах небеспадстаўна разьлічваюць, што адсутнасьць расейцаў на Алімпійскіх гульнях у Бразыліі дасьць магчымасьць раскрыцца маладым, таленавітым і, галоўнае, «чыстым» атлетам. Такія спадзяваньні агучваюцца і ў Беларусі, якая апошнім часам сядзіць на бедным мэдалёвым пайку і ня можа пахваліцца асаблівым посьпехам у змаганьні з «допінгавымі» канкурэнтамі.

XS
SM
MD
LG