Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпачынак на тле крызісу: на першым пляне — цана пытаньня


У ранейшыя сэзоны беларусы скарыстоўвалі магчымасьць забраніраваць тур загадзя, каб атрымаць на летні адпачынак істотныя зьніжкі. Якія тэндэнцыі на турыстычным рынку сёлета? Ці адкарэктавала колішнюю актыўнасьць падзеньне рубля і, як вынік, скарачэньне заробкаў у валютным пераліку?

Уладальнік турыстычнай кампаніі Holiday.by Андрэй Барашка ўдакладняе, што ня ўсё насельніцтва зьбяднела разам і ў аднолькавай ступені, таму пра пэўную актыўнасьць у справе браніраваньня пуцёвак казаць можна:

«Пэўныя шавяленьні маюць месца, і ў бліжэйшыя месяц-два можна нават прагназаваць рост попыту. На фоне таго, што адбываецца з рублём, тэндэнцыі збольшага станоўчыя. То бок нічога не замерла на абсалютным нулі, ня трэба страшыцца самім і страшыць чытачоў-слухачоў. Вядома, аб’ёмы будуць зразумелыя бліжэй да сэзону, і сёньня ні я, ні хто іншы ня скажа, наколькі рынак упадзе ці вырасьце. Але, яшчэ раз паўтару, у нуль нічога не абвалілася».

Грэцыя, востраў Крыт
Грэцыя, востраў Крыт

Суразмоўца згодны з тым, што сёлета галоўным матывам адпачывальнікаў стане ня прага экзотыкі, а жаданьне адпачыць найбольш бюджэтна. Тым ня меней беларусы разглядаюць ня толькі такія варыянты, як Баўгарыя, Румынія, Украіна і г.д., але і курорты наступнай за імі цэнавай катэгорыі:

«Цікавасьць захоўваецца да досыць стандартных летніх кірункаў — Турэччына, Грэцыя, Гішпанія, Кіпр і г.д. Нейкія супэрновыя напрамкі называць не бяруся, дый наўрад ці іх і трэба чакаць. Зразумела, што ў гэтым годзе на першы плян выйдзе цана пытаньня, дакладней — кошт пуцёўкі. Але збольшага гэта ўжо падстава да роздуму для турапэратараў, якія, уласна кажучы, і фармуюць пакет прапановаў».

Адпачынак у Харватыі
Адпачынак у Харватыі

Ці варта спадзявацца, што зь фінансавага гледзішча стане больш прывабным адпачынак на папулярных курортах Турэччыны і Эгіпту? Ад канца мінулага году туды няма дарогі расейскім турыстам — у Маскве ня лічаць гэтыя рэгіёны бясьпечнымі для сваіх грамадзянаў. Заснавальнік турыстычнай плятформы Holiday.by Андрэй Барашка ня думае, што варта чакаць істотнага дэмпінгу, бо даступныя вакацыі запатрабаваныя і сярод жыхароў іншых эўрапейскіх краінаў:

«Я ня думаю, што цэны зьменяцца моцна, таму што, апроч расейцаў, у тых жа Турэччыне, Эгіпце адпачываюць і прадстаўнікі іншых краінаў. Зразумела, што на тамтэйшых курортах традыцыйна адпачывала багата расейцаў, і ў сьвятле іхняга сыходу турыстычны бізнэс Турэччыны і Эгіпту будзе намагацца пераарыентавацца на іншыя рынкі, іншых спажыўцоў. Але, зноў жа, мы бачым, што Расея наноў вядзе перамовы з Эгіптам, таму ня выключана, што прынамсі гэты кірунак будзе адноўлены. То бок я тут пакуль што бачу толькі палітыку».

А якія пэрспэктывы ў Крыму, які для беларусаў дзесяцігодзьдзямі заставаўся асноўным месцам турыстычнага паломніцтва? Пасьля расейскай анэксіі паўвострава плынь арганізаваных і індывідуальных турыстаў скарацілася на парадак, колішнія здраўніцы не запаўняюцца, нягледзячы нават на адміністрацыйны рэсурс — заводзкія ды ведамасныя прафсаюзы Расеі. Паводле Андрэя Барашкі, гэта ці не адзіны кірунак, прагнозы па якім бессэнсоўныя:

«Не магу загадзя нічога казаць, бо гэта якраз той момант, калі нешта прагназаваць амаль немагчыма. Трэба разумець, што на гэты кірунак уплывае вельмі шмат фактараў, прычым адразу — палітычных, эканамічных, бясьпекі, нават энэргетычных. Мы ўсе глядзім навіны, разумеем, што ва ўкраінскім рэгіёне агулам і крымскім у прыватнасьці ня ўсё так проста, адпаведна, на турпаток уплывае шмат чаго. Бяз пэўнасьці ў палітычнай сфэры пра нешта разважаць складана».

Адэса, Украіна
Адэса, Украіна

Нягледзячы на агульнае зьніжэньне платаздольнасьці насельніцтва, удзельнікі рынку ўсё ж разьлічваюць зарабіць. Так, нацыянальны манапаліст «Белавія» анансаваў шэраг сэзонных авіязлучэньняў, у ліку якіх Канарскія выспы, літоўскі курорт Паланга, чарнаморскае ўзьбярэжжа Ўкраіны. Пытаюся ў Андрэя Барашкі: наколькі гэта пэрспэктыўна з гледзішча цаны і лягістыкі?

«Паланга — сапраўды цікавая прапанова, Літва цалкам пэрспэктыўная. Што тычыцца Канараў, трэба паглядзець, як яно будзе грузіцца, ня факт, што будзе ажыятаж. Прынамсі, гэта спроба заявіцца з прынцыпова новымі кірункамі. Але, зноў жа, мы яшчэ нават не ў сярэдзіне лютага, таму лепш наконт гэтага пагаварыць крыху бліжэй да сэзону».

Тым ня меней, як лічаць аналітыкі турыстычнага рынку, многім беларусам сёлета давядзецца задаволіцца падарожжамі па роднай краіне — сярэдні заробак вагаецца ў межах 200 даляраў у эквіваленце, і няма асаблівых падставаў спадзявацца, што да сэзону адпачынкаў ён падрасьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG