Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзь БНФ пашле беларускім чыноўнікам «антывалянцінкі»


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Цягам тыдня можна прыйсьці ў сядзібу Партыі БНФ і падпісаць любому чыноўніку «антывалянцінку».

«Мы доўга сьмяяліся з БРСМаўцаў, якія прапанавалі дзеткам пісаць валянцінкі для чыноўнікаў. Кожны ахвотны павінен мець магчымасьць напісаць сваё пасланьне любому адрасату з цудоўнага сьпісу, ласкава падрыхтаванага БРСМ», — кажуць у Моладзі БНФ.

«Анты» — бо валянцінка ёсьць прызнаньне ў каханьні, а актывісты прапануюць прызнацца чыноўнікам у сваіх сапраўдных да іх пачуцьцях.

Гэта прызнаньне не ў каханьні, а ў праўдзе.

«Мы выразаем сэрцайкі з паперы. Згодна зь легендай і традыцыяй сьвята, валянцінка — гэта павінна быць прызнаньне ў каханьні. Але мы называем гэтыя сэрцайкі антывалянцінкамі — нягледзячы на форму, іх зьмест будзе іншы. Мы хочам, каб людзі выказаліся і напісалі тое, што хацелі б сказаць канкрэтнаму чыноўніку. Гэта прызнаньне не ў каханьні, а ў праўдзе», — кажа актывістка арганізацыі Кацярына Шуст.

Дзяўчына лічыць, што людзі ня будуць пісаць абразы, але могуць шчыра сказаць, што іх не задавальняе. Напрыклад, можна напісаць міністру эканомікі, што не задавальняе эканамічны стан краіны.

«Зьявіліся публікацыі пра акцыю БРСМ, дзе школьнікам загадалі пісаць валянцінкі чыноўнікам. Мы лічым, што павінна быць рэакцыя, крэатыўны адказ. Мы хочам паказаць людзям, якія прыдумалі акцыю БРСМ, што гэта глупства, што валянцінкі ня пішуць на замову ці на загад. Сьвята можа быць толькі добраахвотным. А калі прымушаць дзяцей пісаць чыноўнікам, то сутнасьць сьвята зьнікае».

Усе «антывалянцінкі» ў канцы тыдня Моладзь БНФ разашле праз пошту адрасатам.

XS
SM
MD
LG