Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» выступіла за абумоўленае зьняцьцё санкцыяў зь беларускіх уладаў


Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Лідэры кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў выступілі з шэрагам ініцыятываў у зьнешняй палітыцы Беларусі.

Пра санкцыі Эўразьвязу

15 лютага міністры замежных спраў краін Эўразьвязу будуць разглядаць сытуацыю ў Беларусі, каб вырашыць, як быць з санкцыямі супраць яе.

29 лютага скончыцца чатырохмесячны тэрмін, на які Брусэль прыпыніў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Журналісты спыталіся ў прадстаўнікоў «Гавары праўду», якое ў іх стаўленьне да санкцыяў.

Мы разумеем, што палітыка санкцыяў за доўгія гады не прывяла да посьпеху. Трэба шукаць нешта новае.

Тацяна Караткевіч адказала, што выступае за «абумоўленае зьняцьцё санкцыяў». Яна лічыць, што ўлады павінны рабіць крокі насустрач Эўропе, і пасьля гэтага можна часткова адмяняць санкцыі. Напрыклад, сярод галоўных прыярытэтаў, што б магла зрабіць улада, ідучы насустрач Брусэлю, — гэта адмяніць пакараньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Дарэчы, сама арганізацыя «Гавары праўду», нягледзячы на ўсе спробы зарэгістравацца, зрабіць гэта так і не змагла.

«У сваім падыходзе да пытаньня санкцыяў мы павінны зыходзіць з таго, з чаго зыходзіць беларускае грамадзтва, — падкрэсьліла Тацяна Караткевіч. — Наша мэта ня ў тым, каб дапячы Лукашэнку. Але мы разумеем, што палітыка санкцыяў за доўгія гады не прывяла да посьпеху. Трэба шукаць нешта новае».

Пра канцэпцыю адказнага суседзтва

Трэба сфакусавацца на ўмацаваньні рэальнага супрацоўніцтва. Менавіта яно ў бліжэйшыя дзесяць гадоў можа стаць для Беларусі крыніцай інвэстыцыяў, тэхналёгіяў і бясьпекі.

Чатыры прыярытэты канцэпцыі адказнага суседзтва прэзэнтавалі сёньня журналістам лідэры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў. На думку аўтараў, «трэба сфакусавацца на ўмацаваньні рэальнага супрацоўніцтва. Менавіта яно ў бліжэйшыя дзесяць гадоў можа стаць для Беларусі крыніцай інвэстыцыяў, тэхналёгіяў і бясьпекі. Наш урад шукае шчасьця далёка за межамі краіны і прапускае вялізныя магчымасьці, якія пачынаюцца адразу за нашымі межамі».

Пра выхад з АДКБ і нэўтралітэт

Першы прыярытэт адказнага суседзтва — нэўтралітэт. Беларусь у 2020 годзе не павінна працягваць тэрмін арэнды вайсковых аб’ектаў і рэалізаваць артыкул 18 Канстытуцыі — стаць нэўтральнай краінай. Таму «Гавары праўду» выступае за тое, каб Беларусь выйшла з АДКБ і не ўваходзіла ў НАТО. З кожным з гэтых ваенных блёкаў Беларусь можа працягнуць супрацоўніцтва накшталт таго, якое прадугледжвае праграма НАТО «Партнэрства дзеля міру».

Другі прыярытэт — Вышаградзкая група і базавая дамова з Эўрапейскім Зьвязам. «Гавары праўду» выступае за тое, каб Беларусь пачала цеснае ўзаемадзеяньне з Вышаградзкай групай, куды ўваходзяць Польшча, Славаччына, Чэхія і Вугоршчына. Гэтыя краіны маюць досьвед пасьпяховай трансфармацыі ад сацыялізму да рынкавай эканомікі, ад таталітарызму да дэмакратыі.

Трэці прыярытэт — умацаваньне каапэрацыі паміж Беларусьсю, Украінай і Польшчай. У гэтых трох краін агульная мяжа, але вельмі мала агульных праектаў, якія б збліжалі гэтыя краіны. На думку аўтараў, агульныя праекты ў першую чаргу могуць зьявіцца ў эканоміцы, лягістыцы, энэргетыцы і бясьпецы.

Чацьвёрты прыярытэт — эўразійская прастора. Для «Гавары праўду» Эўразійскі саюз — гэта пытаньне не экалёгіі, а эканомікі. Партнэрства ў рамках гэтага саюзу не павінна ствараць перашкодаў для разьвіцьця нашай эканомікі і адносін у іншых кірунках.

Пра крытыку з боку Карач

Карэспандэнт Свабоды запытаўся ў Тацяны Караткевіч пра яе стаўленьне да той крытыкі, якая прагучала на яе адрас з боку яшчэ аднаго апазыцыйнага палітыка-жанчыны — Вольгі Карач.

Я адстойваю інтарэсы сваіх выбарцаў, і мне бачна, што яны мяне падтрымліваюць.

Караткевіч сказала, што яна ставіцца да крытыкі на свой адрас з боку калегі вельмі спакойна:

«Мая галоўная тэза — гэта мірныя перамены. Я адстойваю інтарэсы сваіх выбарцаў, і мне бачна, што яны мяне падтрымліваюць. Для мяне гэта самае важнае. Ня думкі кагосьці з калегаў, а тых людзей, якія за мяне галасавалі падчас прэзыдэнцкай кампаніі і якія падтрымліваюць мяне цяпер. І, урэшце, калі мяне называюць галоўным прадстаўніком Лукашэнкі ў апазыцыі, я хачу сказаць адно: я шмат у чым крытыкую Лукашэнку. Але калі ўлады робяць добры крок, чаму я павінна пра гэта маўчаць?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG