Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хабар у Беларусі і Ўкраіне: розьніца толькі ў націску


Чаму ў Беларусі карупцыянэраў вызваляюць з-за кратаў і ставяць кіраваць праблемнымі гаспадаркамі? Ці шмат карупцыянэраў пасадзілі ва Ўкраіне? Чаму паводле рэйтынгу ўспрыняцьця карупцыі Ўкраіна выглядае горш, чым Беларусь? Ці пераможа карупцыю зьнешняе кіраваньне праваахоўнай сыстэмай краіны?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць адміністрацыйны дырэктар «Лібэральнага клюбу» Мікіта Бяляеў і беларускі журналіст з Кіева Юры Сьвірко.

Лёс карупцыянэра ў Беларусі і ва Ўкраіне

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: У Беларусі апошнім часам назіраецца цікавая практыка — былыя кіраўнікі, асуджаныя за карупцыю, датэрмінова выходзяць на волю і прызначаюцца кіраўнікамі праблемных прадпрыемстваў.

Намесьнік генпракурора Беларусі Аляксандар Архіпаў — летась быў асуджаны на 6 гадоў, сёлета быў памілаваны прэзыдэнтам і ўзначаліў гаспадарку «Пятровічы» ў Смалявіцкім раёне пад Менскам.

Намесьнік старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Ігар Стасевіч — у 2014 годзе быў асуджаны да 5 з паловай гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй за хабар і службовыя злоўжываньні, сёлета зь лютага пачаў працаваць дырэктарам камбінату надомнай працы ў Баранавічах.

Дырэктар аб’яднаньня «Магілёўдрэў» Андрэй Вусаў — пазалетась асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог, крадзеж і прычыненьне шкоды ў буйным памеры. Сёлета Вусаў быў вызвалены і стаў выканаўцам абавязкаў дырэктара па вытворчасьці на прадпрыемстве «Строммашына» ў Магілёве.

Такое бывала і раней, можна прыгадаць лёс Аляксандра Бароўскага — кіраўніка «Белнафтахіму», потым збняволенага за карупцыю, потым — дырэктара МАЗу. Але цяпер можа яшчэ і не тэндэнцыя, але і не асобныя выпадкі. Да таго ж, паводле інфармацыі нашага радыё, з ініцыятывы дэпутатаў Нацыянальнага сходу быў складзены і пададзены на подпіс прэзыдэнту сьпіс былых чыноўнікаў і гаспадарнікаў-карупцыянэраў, якіх варта вызваліць датэрмінова і адправіць працаваць на праблемныя прадпрыемствы.

Што азначае гэтая практыка? Усіх здольных кіраваць пасадзілі, дык і няма каго прызначаць на кіроўныя пасады? Ці можа ўлады мяркуюць, што віна асуджаных — ўмоўная і спрэчная? Ці нешта іншае?

Мікіта Бяляеў

Мікіта Бяляеў

Бяляеў: Варта адзначыць, што гэта не супярэчыць новаму закону аб барацьбе з карупцыяй, там у артыкуле 22-м прадугледжана, што ў выпадку перагляду справы і ў выпадку згоды мясцовага кіраўніцтва — выканкаму — такія асобы могуць прызначацца на кіроўныя пасады. Але калі казаць пра сытуацыю ў цэлым, то яна сьведчыць пра тое, што ў краіне кадравы «голад» і сапраўды не хапае кіраўнікоў нават у такіх прадпрыемстваў, як калгасы. Тут, відаць, ёсьць вера ўладаў у тое, што людзі, якія аступіліся, прайшлі праз турму, будуць баяцца парушыць закон яшчэ раз. Але, як паказвае практыка, гэты мэтад неэфэктыўны і безвыніковы. Калі казаць з пункту гледжаньня барацьбы з карупцыяй, гэты інструмэнт выкарыстоўваць ні ў якім разе нельга, паколькі ён у пэўным сэнсе спрыяе карупцыі: калі чалавек будзе думаць, узяць яму хабар ці не, то ўбачыўшы такія прыклады, ён будзе думаць, што нават пасьля пакараньня ён можа быць прызначаны на кіроўную пасаду.

Дракахруст: Юры, а ці практыкуецца нешта падобнае ва Ўкраіне? Калі пачытаць выкрывальныя публікацыі ва ўкраінскім друку, дык складваецца ўражаньне, што там усе карупцыянэры засталіся на сваіх месцах. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці? Наколькі шмат ва Ўкраіне даведзеных да канца карупцыйных справаў — арыштавалі, правялі суд, пасадзілі, сядзіць. Часам чутно пра арышты высокіх чыноўнікаў ва Ўкраіне, але складваецца ўражаньне, што гэтыя справы цягнуцца неяк вечна. Ці так гэта? Ці барацьба з карупцыяй — наагул ня ў тым, каб паболей пасадзіць?

Юры Сьвірко

Юры Сьвірко

Сьвірко: Ну так — ня ў гэтым. Але на вашае пытаньне я прыгадваю толькі Юлію Цімашэнку і Юрыя Луцэнку, былога прэм’ера і былога міністра ўнутраных справаў, якіх пасадзілі за карупцыю яшчэ пры Януковічы. Цімашэнку абвінавацілі ў тым, што яна нанесла шкоду ўкраінскаму бюджэту нявыгадным газавым пагадненьнем з Расеяй, Луцэнку — ў карупцыйным фінансаваньні сьвяткаваньня Дня міліцыі. Але потым іх вызвалілі, цяпер яны кіраўнікі фракцыяў у Вярхоўнай Радзе.

Быў выпадак, калі на кіраўніка дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях надзелі кайданкі наўпрост на ўрадавай нарадзе. Але потым суд яго вызваліў пад заклад, пазьней абвінавачваньне наагул скасавалі.

Фактычна ўсе карупцыянэры засталіся на сваіх месцах альбо адных карупцыянэраў зьмянілі іншыя.

Фактычна ўсе карупцыянэры засталіся на сваіх месцах альбо адных карупцыянэраў зьмянілі іншыя. Міністры Януковіча зьбеглі з Украіны, іх ніхто не пакараў ані ў Расеі, дзе яны пераважна атабарыліся, ані ў іншых краінах. Больш за тое, зараз яны пачалі выйграваць эўрапейскія суды супраць Украіны, таму што Ўкраіна ня можа даць доказы іх віны.

Вось я жыву ў Шаўчэнкаўскім раёне Кіева, гэта самы цэнтар, Майдан знаходзіцца ў гэтым раёне. Кіраўнік гэтага раёну — Віктар Піліпішын. Яго таксама абвінавачвалі ў мільённых стратах. Але да суду справа не дайшла, казалі, што ён адкупіўся ад гэтай крымінальнай справы. Год таму, ужо пры новай уладзе, арыштавалі яго першага намесьніка Віктара Андрэева.

Яго таксама вызвалілі і ён застаўся на сваёй пасадзе.

Кіраўнік МУС Арсеній Авакаў заяўляў пра затрыманьне гэтага кіеўскага чыноўніка, але ён дагэтуль працуе. Кажуць пра арышты, але няма судовых працэсаў над арыштаванымі, няма выракаў.

Загадкі карупцыйнага рэйтынгу

Дракахруст: Днямі міжнародная арганізацыя Transparency International апублікавала штогадовы індэкс успрыманьня карупцыі (Corruption Perception Index). Беларусь у ім апынулася на ня надта пачэсным 107 месцы з канца са 168 краінаў сьвету. У рэйтынгу яе аддзяляе велізарная дыстанцыя ад эўразьвязаўскіх суседзяў — Польшча −30 месца, Літва — 32-е, Латвія — 44-е, але ў параўнаньні з Расеяй зь яе 119 месцам і Ўкраінай, якая трапіла на 130 месца, Беларусь выглядае ня так і кепска. Як бы вы патлумачылі гэтую сытуацыю, асабліва ў параўнаньні Беларусі з Украінай? Там дэмакратыя, там адбылася антыкарупцыйная рэвалюцыя, пра барацьбу з карупцыяй там гавораць усе, а ў рэйтынгу — ніжэй за Беларусь і Расею, якія зусім не ўзор. Часам кажуць, вось у Беларусі дыктатура, няма кантролю народу за ўладай. Таму карупцыя. Ва Ўкраіне кантроль ёсьць, за тое і змагаліся. Ну а наконт карупцыі — глядзіце рэйтынг. У чым тут справа?

Сьвірко: Я не сказаў бы, што ва Ўкраіне ёсьць кантроль народу за ўладай. Менавіта таму, што яго няма, сытуацыя такая, якая ёсьць.
Што да рэйтынгу Transparency International, то гэта сапраўды рэйтынг успрыняцьця карупцыі, а не карупцыі як такой. Я нядаўна ўдзельнічаў у абмеркаваньні гэтых рэйтынгаў у Нацыянальнай радзе рэформаў. І там кіраўнік антыкарупцыйнага аддзелу гэтай рады сказаў, што калі ва Ўкраіне пачнецца сапраўдная барацьба з карупцыяй, то рэйтынг яе ўспрыняцьця можа і яшчэ пагоршыцца. Бо людзі будуць паўсюль пра яе чуць, будуць ведаць, што нарэшце пачалі некага саджаць. Адсюль у некаторых зьявіцца ўражаньне, што карупцыя ўзрасла.

Карупцыянэры ў Беларусі і ва Ўкраіне адрозьніваюцца хіба тым, што ў беларускай націск у слове хабар на першы склад, а ва ўкраінскай — на другі.

Так што менавіта гэты рэйтынг — не зусім адэкватны паказчык. Але тое, што Ўкраіна — карумпаваная краіна, ніхто не хавае, пра гэта адкрыта гавораць і заходнія экспэрты, амбасадары краінаў ЭЗ і ЗША.
Калі казаць пра параўнаньне, то карупцыянэры ў Беларусі і ва Ўкраіне адрозьніваюцца хіба тым, што ў беларускай націск у слове хабар на першы склад, а ва ўкраінскай — на другі.

Пару гадоў таму адзін беларускі чыноўнік спрабаваў купіць маю кіеўскую кватэру. Але ня змог, бо ня змог вывезьці грошы. У Беларусі таксама ёсьць карупцыя. Але пра яе менш гавораць, бо няма свабодных СМІ.

Ва Ўкраіне яшчэ тая праблема, што значна больш, чым у Беларусі, распаўсюджаная дробная, нізавая карупцыя. Гэта праблема ўсяго грамадзтва: і да доктара пайсьці — трэба хабар несьці, і ў школу трэба несьці. Гэта вельмі шырока распаўсюджана і як гэта перамагчы, ніхто ня ведае. Грыўня дэвальвуецца, заробкі падаюць. Некаторыя нават чыноўнікі вышэйшага рангу кажуць, што яны ня могуць пражыць на свой афіцыйны заробак.

Бяляеў: Пэўная сувязь паміж узроўнем дэмакратыі і ўзроўнем карупцыі ёсьць. Але ў асноўным узровень карупцыі залежыць ад стану справаў у эканоміцы. Калі мы супаставім індэксы эканамічнай свабоды і карупцыі, то заўважым, што найменш карумпаваныя краіны — гэта краіны са свабоднай эканомікай.

Калі мы супаставім індэксы эканамічнай свабоды і карупцыі, то заўважым, што найменш карумпаваныя краіны — гэта краіны са свабоднай эканомікай.

Беларускай мадэлі ўласьцівае залішняе ўмяшаньне дзяржавы ў эканоміку, вялікая колькасьць перашкодаў для бізнэсу, а менавіта гэта правакуе карупцыю і тлумачыць той яе ўзровень, які мы зараз маем.
Што да Ўкраіны, то там сапраўды больш дэмакратыі. Але тамтэйшы ўзровень карупцыі абумоўлены ў значнай ступені істотнай алігархізацыяй украінскай эканомікі. Яшчэ адна прычына — гэта кепская якасьць дзяржаўнага кіраваньня. Гэта ёсьць ва Ўкраіне і часткова — у Беларусі.

Дракахруст: Мікіта, вы сказалі: дзе больш эканамічнай свабоды, там менш карупцыі. Дык ва Ўкраіне, здаецца, больш эканамічнай свабоды, чым у Беларусі. А чаму паводле ўспрыняцьця насельніцтва карупцыі больш?

Бяляеў: Паводле міжнародных індэксаў ва Ўкраіне таксама шмат праблемаў з эканамічнай свабодай. Яна эканамічна несвабодная краіна. Шмат у чым гэта зьвязана з высокай ступеньню алігархізацыі, пра што я сказаў.

Гватэмальскі досьвед: надзвычайная камісія з «варагаў»

Дракахруст: Нядаўна ў амэрыканскім выданьні The Foreign Policy быў апублікаваны цікавы артыкул пра досьвед барацьбы з карупцыяй у Гватэмале.

Пад эгідай ААН там была створаная міжнародная камісія, якой былі нададзеныя надзвычайныя паўнамоцтвы, урад Гватэмалы фактычна адмовіўся ад часткі сувэрэнных паўнамоцтваў на карысьць гэтай камісіі, якая стала нечым кшталту міжнароднага трыбуналу. Камісія на працягу толькі аднаго 2006 году расьсьледавала больш за 200 справаў аб карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады і выставіла абвінавачваньні 160 дзеючым і былым чыноўнікам. Аўтар артыкулу настойліва раіць такі рэцэпт для Ўкраіны. А на ваш погляд наколькі ён прыдатны для Ўкраіны і Беларусі? Ну можа ня зараз для Беларусі, а ў нейкай дэмакратычнай будучыні.

Сьвірко: Для Ўкраіны такі сцэнар цалкам магчымы. Дарэчы, там ня толькі затрымалі 160 вышэйшых чыноўнікаў. Справы 150 зь іх дайшлі да суду і іх пасадзілі. Напрыканцы сьнежня гішпанскі юрыст Карлас Кастрэсана, які ўзначальваў гэтую міжнародную камісію ў Гватэмале, даў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Новое время», у якім сказаў, што мадэль працы гэтай камісіі была б прыдатная для Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны (НАБУ), дзяржаўнага органу, створанага летась. Ён сказаў, што трэба саджаць.

Першым намесьнікам кіраўніка НАБУ працуе грузінскі «вараг» Гізо Углава. Учора ён заявіў, што будзе расьсьледаваць абвінавачваньні Айварса Абрамавічуса — украінскага міністра эканамічнага разьвіцьця, які падаў у адстаўку, абвінаваціўшы ў карупцыйным ціску на сябе намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай фракцыі ў парлямэнце Ігара Кананенку.

Гэты гішпанскі сьледчы сказаў, што беспакаранасьць — галоўны чыньнік, які спрыяе разьвіцьцю карупцыі.

Гэты гішпанскі сьледчы сказаў, што трэба караць, трэба саджаць, што беспакаранасьць — галоўны чыньнік, які спрыяе разьвіцьцю карупцыі. Тое самае гаварыў і іншы грузін, былы намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Давід Сакварэлідзэ. Ён цяпер пракурор Адэскай вобласьці. Паводле яго ва Ўкраіне трэба пасадзіць 15-20 тысячаў чыноўнікаў. Але пакуль мы ня чуем пра нейкія посьпехі ў гэтым кірунку нават у Адэскай вобласьці. І на ўзроўні ўсёй краіны таксама. Я лічу, што гватэмальскі досьвед быў бы вельмі прыдатным і для Ўкраіны, і для Беларусі.

Дракахруст: Мікіта, а вы таксама так лічыце? Гэта ўсё ж адмова ў пэўным сэнсе ад дзяржаўнага сувэрэнітэту, запрашэньне замежнікаў, якія ўстануць па-над нацыянальным урадам, прызнаньне, што мы ўсе — злодзеі.

Рыторыка наконт таго, што трэба ўсіх пасадзіць, як правіла, не дае плёну.

Бяляеў: Калі мы ствараем міжнароднае бюро, непадкантрольнае нацыянальным дзяржаўным ведамствам, то гэта гаворыць пра недзеяздольнасьць дзяржавы. І як паказвае досьвед Украіны, запрашэньне замежнікаў бязь зьмены асноваў, мае абмежаваную эфэктыўнасьць. Рыторыка наконт таго, што трэба ўсіх пасадзіць, як правіла, не дае плёну. Яна добра працуе на папулярнасьць тых, хто гэта гаворыць. Але яна не стварае ўмоваў, што новыя людзі, якія прыйдуць узамен тых, каго пасадзяць, ня будуць рабіць тое самае. Трэба працаваць з прычынамі карупцыі, а гэта найперш — узаемаадносіны дзяржавы і бізнэсу, і якасьць дзяржаўнага апарату. Калі чалавек ня можа атрымаць адміністрацыйную паслугу, гэта таксама спараджае карупцыю. Трэба працаваць комплексна, сярод іншага меры павінны ўключаць і крымінальнае пакараньне і грамадзкі кантроль. Але ў першую чаргу трэба глядзець на прычыны карупцыі.

XS
SM
MD
LG