Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанку і ягоных калег запрасілі ў працоўную групу Мінэканомікі


Падчас форуму прадпрымальнікаў у Менску, 1 лютага 2016 году

Падчас форуму прадпрымальнікаў у Менску, 1 лютага 2016 году

У ходзе прадпрымальніцкага форуму прадстаўнік Мінэканомікі пагадзіўся запрасіць у працоўную групу па пытаньні індывідуальных прадпрымальнікаў саміх ІП. І прадпрымальнікі туды трапяць.

Першае паседжаньне працоўнай групы па пытаньнях дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў пры грамадзка-кансультатыўнай экспэртнай радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь пачнецца 8 лютага а 14-й гадзіне. Там чакаецца абмеркаваньне сытуацыі, якая прывяла да апусьценьня рынкаў і гандлёвых цэнтраў па ўсёй краіне.

У сьпісе запрошаных, які публікуе грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», можна сапраўды пабачыць, як прадстаўнікоў розных арганізацыяў індывідуальных прадпрымальнікаў, так і саміх прадпрымальнікаў.

Меркаваную прысутнасьць прадпрымальнікаў, зацікаўленых у рашэньні сытуацыі, пацьвердзіў Свабодзе старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Гэта добры вынік, што створаная працоўная група, пляцоўка для перамоваў, якой не было апошні час. Што да складу, магу ўсіх запэўніць, што там зьбяруцца людзі, якія душой і целам за прадпрымальніцтва, самі дзейныя прадпрымальнікі. У асноўнай масе там тыя, хто будуць адстойваць інтарэсы прадпрымальнікаў. Улады сфармавалі сьпіс самі, але туды было няцяжка трапіць. Да 11 гадзінаў сёньня можна было падаваць сьпісы, каго туды заявіць. Там разам з астатнімі я, сябра рады „Пэрспэктывы“ і шараговы сябра „Пэрспэктывы“, многія прадпрымальнікі.

Там мы будзем уздымаць пытаньні працы па сэртыфікатах. Паводле ўказу № 48 яны будуць казаць, што зьнізілі штрафы са 100 да 50 базавых велічынь, але нас гэта не задавальняе. Мы лічым, што ІП у розьнічным гандлі ня мусяць несьці адказнасьць за сэртыфікаты, а адказнасьць мусіць несьці той, хто ўвозіць тавар на тэрыторыю Мытнага саюзу, то бок першы пастаўшчык і вытворца.

Ілюзіяў ніякіх ня маю і заклікаю іншых ілюзіяў ня мець. Зразумела, што пакуль ня будзе адмашкі, валявога рашэньня Лукашэнкі, чыноўнікі будуць дзейнічаць у межах заяўленай Лукашэнкам канцэпцыі і ні на крок не адыдуць. Яны хочуць абмеркаваць сёньня, ці выдаліць хвораму дзьве ныркі, ці адну — а і так, і так гэта пагроза. „Пэрспэктыва“ ж кажа, што глядзець трэба ў сутнасьць праблемы, зрабіць усё, каб зьберагчы прадпрымальніка ад штрафаў і канфіскацыяў, бо гэтым сёньня скончваюцца любыя праверкі».

Разам зь перамовамі ў рабочай групе «Пэрспэктыва» заклікае прадпрымальнікаў на мітынг 15 лютага ў менскім Парку дружбы народаў. Заяўка з боку прадпрымальнікаў пададзеная, адказ гарадзкіх уладаў яны маюць атрымаць 10 лютага.

XS
SM
MD
LG