Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачку расейскай апазыцыянэркі, якая ўцякла з Расеі, знайшлі ў моргу


Ірына Калмыкова з сынам у Менску

Ірына Калмыкова з сынам у Менску

Год таму дачку Ірыны Калмыковай выкралі і папярэдзілі: «Скажы маці, калі будзе ўдзельнічаць у пратэстах, пацярпяць дзеці.»

Напярэдадні расейская апазыцыянэрка Ірына Калмыкова, якую Цьвярскі суд Масквы днямі абвясьціў у фэдэральны вышук у рамках новага артыкулу Крымінальнага кодэксу РФ «за неаднаразовыя парушэньні на мітынгах», і якая ўцякла тыдзень таму ва Ўкраіну, даведалася пра тое, што ў дзень яе пераходу мяжы з 14-гадовым сынам Русланам, у Расеі памерла яе дачка Алеся. Сьмерць адбылася пры дзіўных абставінах, Калмыкова, якая хаваецца ў Кіеве, знаходзіцца ў складаным псыхалягічным стане. Маці ня можа вярнуцца ў Расею на пахаваньне дачкі і даведацца падрабязнасьці яе зьнікненьня і сьмерці, піша сайт ukrinform.ru.

Уцякаючы ва Ўкраіну з Расеі з сынам, Ірына Калмыкова спадзявалася, што Алеся неўзабаве зможа пераехаць да яе. Пакінуць Расею разам не атрымалася — Алеся засталася даглядаць хворую бабулю.

Ірына кажа, што ня можа зразумець, як літаральна за апошні тыдзень стала практычна «ворагам дзяржавы», бо «не рабіла нічога супрацьзаконнага».


«Мы хадзілі на акцыі пратэсту, на «Маршы міру» за Ўкраіну, я стаяла ў дазволеных законам адзіночных пікетах, так, пападалася і на несанкцыянаваных акцыях, у правядзеньні якіх, з парушэньнем заканадаўства, нам адмаўлялі. Але яны год таму папярэдзілі мяне праз Алесю, калі яе выкралі, каб я замоўкла, а потым сталі затрымліваць мяне без нагоды на ўсіх вулічных акцыях. Проста з натоўпу выцягваць, нікога, толькі мяне, і здаваць у пастарунак.

А цяпер распачалі справу па гэтым «антымітынгавым артыкуле», за тое, што я нібыта шматкроць парушала закон аб мітынгах, мне прыйшлося ўцячы, яны абвясьцілі мяне ў вышук і я цяпер «вораг дзяржавы», — расказвае Ірына.

Паводле дзіўнага зьбегу абставінаў, сьмерць Алесі адбылася менавіта ў той дзень, калі Ірына пераходзіла разам з 14-гадовым сынам расейска-украінскую мяжу, адзначае сайт ukrinform.ru.

Пакуль інфармацыі і падрабязнасцяў гібелі Алесі мала. У адным з маскоўскіх шпіталёў пацьвердзілі, што да іх сапраўды паступала дзяўчына, якая памерла ад запалення лёгкіх, не прыходзячы ў прытомнасьць. Паплечнікі Ірыны, якія езьдзілі на апазнаньне, кажуць, што ў моргу адмаўляюцца штосьці распавядаць. Падрабязнасьці, як заяўляюць у бальнічным моргу, могуць даць толькі блізкім сваякам, адзінай зь якіх у Маскве зьяўляецца Ірына.

З канца леташняга кастрычніка Ірына Калмыкова выехала з сынам у Беларусь, марна спрабуючы тройчы патрапіць адтуль ва Ўкраіну. У 14-цігадовага сына Ірыны не было агульнаграмадзянскага пашпарту. Ірыне ўдалося вывезьці сына па пасьведчаньні аб нараджэньні ў Менск. Яна спадзявалася, што выехаць зь Беларусі ва Ўкраіну будзе лягчэй. Аднак, з Масквы атрымала інфармацыю, што супраць яе заведзеная справа па «антымітынгавым» артыкуле, і ў Беларусь нібыта будзе накіраваны ордэр на выдачу яе Расеі. Тады Ірына з сынам экстрана выехалі ў прымежны расейскі пасёлак, побач з украінскай мяжой.


Ірына Калмыкова — вядомая ў Маскве актывістка. Толькі цягам 2015 году яна ладзіла адзіночныя пікетаваньні ў цэнтры Масквы з плякатамі: «Жизнь и свобода Надежды Савченко — личная ответственность Путина», «Отдадим последнее, но спасём Асада», «Путин — друг Сирии и враг России», «Асад — убийца, эта война — позор России», «Кремлёвские лжепатриоты! Прекратите воевать с едой, в стране миллионы малоимущих! Сжигайте свои авто», «Политика в России: воруй — миллионы, не можешь — молчи, говоришь — в тюрьму». Летась, як яна сьцьвярджае, яе дачку Алесю ўжо выкрадалі з мэтай націснуць на Ірыну, каб тая перастала ўдзельнічаць у акцыях пратэсту. Тады незнаёмыя нібыта сказалі дзяўчыне, каб перадала маці: калі Ірына Калмыкова не перастане хадзіць на мітынгі і ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, «будуць пакутаваць яе дзеці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG