Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі кампаніі, запушчанай з хэштэгам #JeSuisCirconflexe, выступаюць супраць рашэньня Францускай акадэміі «ліквідаваць неадпаведнасьці» — хоць гэтае рашэньне было прынятае яшчэ ў 1990 годзе, піша Guardian.

Абаронцы чысьціні францускай мовы выказваюць у сетках сваё абурэньне з нагоды адмены аднаго з сваіх улюбёных відаў націску — дыякрэтычнага знаку сірканфлекса (ˆ), якім адзначаюцца некаторыя галосныя.

За зьмены, якія закрануць каля 2,4 тысячы францускіх слоў і ўводзяцца з мэтай спрашчэньня іх напісаньня для школьнікаў — у адпаведнасьці зь якімі, напрыклад, слова «цыбуля» можна будзе цяпер пісаць па-новаму ognon ці як раней (oignon) — цяперашні ўрад сацыялістаў абвінавачваюць у залішнім спрашчэньні і паніжэньні стандартаў мовы.

Скандал у францускім грамадзтве для чыноўнікаў стаў поўнай нечаканасьцю, бо зьмены правілаў напісаньня былі прапанаваныя Францускай акадэміяй, якая рэгулюе моўныя нормы францускай мовы, і былі аднагалосна ўхваленыя яе членамі яшчэ ў 1990 годзе.

Мэтай рэформы была аптымізацыя і спрашчэньне некаторых мудрагелістых асаблівасьцяў пісьмовай мовы з тым, каб палегчыць вывучэньне мовы. Напрыклад, слова chariot цяпер трэба пісаць charriot, каб яно паводле напісаньня было больш падобнае да слова charrette — паколькі абодва гэтыя словы абазначаюць лёгкую фурманку. Акрамя таго, у некаторых выпадках за кошт адмены дэфіса зьменіцца напісаньне складаных словаў — напрыклад, porte-monnaie / portemonnaie (кашалёк, партманэ), extra-terrestres / extraterrestres (іншаплянэтнікі) і week-end / weekend (уікэнд).

Адмена сірканфлекса закране галосныя i і u, дзе гэты знак у пераважнай большасьці выпадкаў не ўплывае ні на вымаўленьне, ні на значэньне словаў.

І хоць «сьпіс словаў са зьмененай артаграфіяй» ня быў названы абавязковым, рэдактарам слоўнікавых выданьняў было рэкамэндавана ўнесьці стары і новы варыянты напісаньня, а школам было загадана кіравацца новым напісаньнем, але лічыць правільнымі абодва варыянты.

З нагоды рэформы ў твітэры была запушчана кампанія з хэштэгам #JeSuisCirconflexe (па аналогіі з хэштэгам #JeSuisCharlie). Па меры таго, як спрэчкі ахапілі інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, у некаторых узьнікла пытаньне, чаму рэформы, ухваленыя 26 гадоў таму, сталі раптам актуальнымі цяпер.


У 2008 годзе міністэрства адукацыі апублікавала рэкамэндацыі па выкарыстаньні новых правілаў артаграфіі ў якасьці «нарматыву», аднак, як аказалася, мала хто зьвярнуў на гэта ўвагу. У лістападзе летась міністэрства зноў зьвярнула ўвагу на зьмены ў яшчэ адным дакумэнце аб «тэкстах, якія зьявіліся пасьля зьменаў у артаграфіі, ... ухваленых Францускай акадэміяй і апублікаваных 6 сьнежня 1990 году ў афіцыйным выданьні ўраду Францыі Journal officiel de la République française». І зноў гэтыя навіны засталіся па-за ўвагай.

І толькі на гэтым тыдні, у сераду, пасьля рэпартажу на тэлеканале TF1 цікавасьць да гэтай тэмы рэзка ўзрасла.

Група абураных францускіх студэнтаў выступіла з заявай, у якой раскрытыкавала міністра адукацыі Наджат Валё-Бэлькасэм (Najat Vallaud-Belkacem) за тое, што тая «лічыць, што мае права мяняць правілы артаграфіі францускай мовы».

​Ультраправая палітычная партыя «Нацыянальны фронт» умяшалася ў спрэчку праз свайго віцэ-прэзыдэнта Флярыяна Філіпо (Florian Philippot), які заявіў, што «француская мова — гэта наша душа», а мэр Ніцы правацэнтрыст Крысьціян Эстразі (Christian Estrosi) назваў рэформы «абсурднымі».

З-за росту хвалі абурэньняў міністар адукацыі Францыі была вымушаная ў пятніцу супакойваць грамадзкасьць. Яна заявіла, што сірканфлекс нікуды ня зьнікне і што нават пры тым, што будзе праведзеная стандартызацыя школьных падручнікаў і новыя правілы правапісу будуць прынятыя за аснову, школьнікі могуць выбіраць любы варыянт напісаньня словаў — адзнакі за артаграфію ў гэтым выпадку ім зьніжаць ня будуць.

На думку некаторых, слова ognon, пазбаўленае літары i, цяпер гучыць ня столькі як абазначэньне гародніны, колькі нагадвае фразу «oh non» («о, не»), якая ілюструе рэакцыю французаў на зьмены правілаў напісаньня.

У 1990 годзе, уносячы рэкамэндацыі па зьмене правапісу, тагачасны «вечны сакратар» Францускай акадэміі Марыс Друон (Maurice Druon) напісаў, што «мова — гэта жывы арганізм», і дадаў: «Гэтую працу трэба будзе аднавіць праз 30 гадоў, калі не раней».

10 словаў, напісаньне якіх зьменіцца

  • oignon будуць пісаць ognon (цыбуля)
  • nénuphar — nénufar (вадзяная лілея, гарлачык)
  • s’entraîner — s’entrainer (трэніравацца)
  • maîtresse — maitresse (гаспадыня або настаўніца)
  • coût — cout (кошт, плата)
  • paraître — paraitre (здавацца, зьяўляцца)
  • week-end — weekend (уікэнд)
  • mille-pattes — millepattes (сараканожка)
  • porte-monnaie — portemonnaie (кашалёк, партманэ)
  • des après-midi — des après-midis (надвячоркі)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG