Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Uber стаў апошняй кропляй». Менскія таксоўшчыкі гатовыя «спыніць горад»


У Менску 6 лютага адбылася стыхійная сустрэча кіроўцаў таксі ўсіх дыспэтчарскіх службаў сталіцы — сабраліся каля 80 чалавек.

На паркоўцы на Даўгінаўскім тракце не было хіба што машын таксі «Пятніца»: кіроўцы гэтай службы працуюць не на сябе — яны наёмныя работнікі і атрымліваюць за сваю дзейнасьць фіксаваны заробак, паведамляе TUT.BY.

Астатнія ж, ня стрымліваючы эмоцый і не саромеючыся ў выразах, абмяркоўвалі, як ім жыць далей — ва ўмовах ўсё больш сур’ёзнай канкурэнцыі і нізкіх тарыфаў.

Таксоўшчыкі патрабуюць:

  • роўных умоваў працы для ўсіх кампаніяў, якія ажыцьцяўляюць у Менску пасажырскія перавозкі;
  • ўзмацненьня адказнасьці за нелегальную працу;
  • арганізацыі ў горадзе легальных стаянак таксі ва ўсіх раёнах і ля ўсіх аб’ектаў масавага адпачынку менчукоў: спартовых арэн, начных клюбаў, вакзалаў, аэрапорта;
  • узгодненага ўсімі службамі павышэньня тарыфаў на перавозку да эканамічна выгадных;
  • паслабленьня кантролю за іх дзейнасьцю з боку кампэтэнтных органаў.

Хваля пратэстаў супраць сэрвісу Uber пракацілася па ўсім сьвеце: у Францыі таксісты блякавалі дарогі і палілі покрыўкі, у Вугоршчыне больш за 100 аўтамабіляў таксі перакрывалі адну з цэнтральных вуліц сталіцы, у Рыа-дэ-Жанэйра пратэстаоўцаў супраць сэрвісу было больш за тысячу.

Незадаволенасьць таксоўшчыкаў ва ўсіх краінах выклікае той факт, што Uber устанаўлівае тарыфы ніжэй, чым у таксі, якія валодаюць ліцэнзіяй. І патрабаваньне заўсёды адно — забараніць у краіне Uber і іншыя мабільныя прылажэньні па выкліку машын з кіроўцам для прыватных паездак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG