Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чый Пінск: мутацыі яцьвяскага праекту


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Апошнім часам зь цікавасьцю назіраю за новай палемікай вакол «палескага пытаньня», інсьпіраванай Наталкай Бабінай. У той самы час – і зь вялікай скрухай. Бо ад прыгожых мэтафараў і спакусьлівых праектаў васьмідзясятых не засталося нічога: шыш табе, а ня «унікум» і «непаўторнасьць». Згубілася нават назва «(Заходняе) Палесьсе», спыніліся ўсе размовы пра яго рэгіянальную адметнасьць. Цяпер гэта проста «Берестейщина», паводле ўкраінскай Вікіпедыі – «український етнокультурний регіон у складі сучасної Республіки Білорусь». Украінскі рэгіён, дзе жывуць украінцы і размаўляюць па-ўкраінску. Пытаньне закрытае: «Roma locuta, causa finita».

Пазыцыя Наталкі Бабінай, галоўнай дакладчыцы па тэме «Берасцейшчына – не Беларусь, а Ўкраіна», выкладалася неаднаразова, спасылак на ейныя выказваньні можна знайсьці процьму. Асноўныя тэзы такія:

Першае: «Берасьцейшчына гістарычна заўжды мела повязь з Украінай і адміністрацыйнай часткай была ўключана ва ўкраінскія землі. Але ў 1939 г. рашэньнем Сталіна яна прыядналася да Беларусі. Каб Сталін выходзіў з нейкіх этнічных меркаваньняў, то Берасьцейшчыну трэба было ўключыць да Ўкраіны, але яе далучылі да Беларусі з адной, я думаю, палітычнай мэтазгоднасьці – таму, каб зьбіць узровень украінскага нацыяналізму, які быў у нас высокі».

Другое: «Карэннае насельніцтва Брэсцкага, Кобрынскага, Жабінкаўскага, Маларыцкага, Камянецкага, Іванаўскага, Пінскага, Драгічынскага, Бярозаўскага, Іванаўскага і частак Столінскага, Пружанскага, Ганцавіцкага, Лунінецкага і Івацэвіцкага раёнаў спрадвеку гаварыла па-ўкраінску».

Трэцяе: «Каб зрабіць Берасьцейшчыну беларускай, варта вызнаць яе ўкраінскі характар. Мы, як і кожная нацыянальная меншасьць, маем права на нацыянальную аўтаномію. Калі нам у гэтым праве адмаўляецца, нічога добрага з гэтага ня выйдзе: Берасьцейшчына будзе савецкай».

Першую тэзу камэнтаваць цяжкавата. Наагул напружваюся пры вырастаньні падобных сынтаксычных канструкцый: «Імярэк аддаў…» (Берасьцейшчыну, Беласточчыну, Віленшчыну, Смаленшчыну, Крым). У сьвятле нядаўніх падзеяў слова «мяжа» павінна быць недатыкальнай сьвятарнай каровай. Мяжа ёсьць, яна прызнаная міжнароднай супольнасьцю і адпаведнымі дамовамі. Кардоны Ўладзіміра-Валынскага й Турава-Пінскага княстваў, мапы УНР і БНР, Жэчы Посполітэй Другей, райхскамісарыяту «Україна» і генэральнай акругі «Беларусь». Усе гэтыя мапы розныя, іх варта ведаць, але найлепш – засунуць у далёкую шуфляду і не цьвяліць лішні раз і зухаватае маладое пакаленьне і «адпаведныя органы» (якія ў розныя гістарычныя часы ня раз і ня два з задавальненьнем ставілі на шахматную дошку фігуркі спрэчных тэрыторый).

Другая тэза, па вялікім рахунку, ёсьць цэнтральнай. На чым будаваць сёньня ўкраінскасьць Берасьцейшчыны ў складзе 10 раёнаў цалкам і 5 – часткова, як не на мове? Калі мяжа знаходзіцца далёка, насельніцтва да перагляду гэтай самай мяжы дый сваёй ідэнтычнасьці наагул ставіцца абыякава, агентаў украінскага ўплыву вобмаль, войска адсутнічае і г.д. Дадзеныя нядаўняга перапісу сьведчаць, што ў Берасьцейскай вобласьці ўкраінцамі сябе назвалі 40 046 чалавек, зь іх украінскую мову лічаць роднай 15 726 асобаў (расейскую – 20 616, беларускую – 3164). У сельскай мясцовасьці ўкраінцаў 15 211 чалавек (зь іх роднай мовай украінскую пазначылі 7829), у гарадох украінцаў налічылася 24 835 (з роднай мовай «украінскай» – 7897). То бок крыху больш за 15 тысяч чалавек па ўсёй вобласьці (без анкляваў і месцаў шчыльнай сканцэнтраванасьці), у гарадах і вёсках, назвалі ўкраінскую мову роднай. Як на агульную лічбу насельніцтва па вобласьці – выглядае хутчэй на колькасьць эмігрантаў з Украіны. Міграцыйны рух з украінскай Поўначы сапраўды «меў месца пасьля разбуральных і зьнішчальных войнаў, што неаднаразова пракочваліся праз Палесьсе і Беларусь» (Лексыка гаворак беларускага Прыпяцкага Палесься: Атлас. Слоўнік. / НАН Беларусі. Мінск: Права і эканоміка, 2008).

Кожнаму філёлягу вядомы факт, што заходнепалескія гаворкі займаюць асобнае месца ў дыялектнай карце рэспублікі. Дыялектаў беларускай мовы ўсяго два: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні, паміж якімі пралягае зона сярэднебеларускіх гаворак (пакладзеных у аснову літаратурнай, унармаванай мовы). Трэба адзначыць найперш, што межы дыялектаў, мякка кажучы, даволі рэдка супадаюць з дзяржаўнымі межамі (калі гэта, канечне, не імпэрскія абшары Расеі, дзе так шмат лясоў, палёў і рэк; і гаворак з дыялектамі таксама). Дыялектная мова не падпарадкоўваецца дзяржаўным межам, якія складаюцца гістарычна. Яшчэ трэба дадаць, што пераходныя зоны гаворак для дыялектолягаў зьяўляюцца найбольш цікавымі, бо менавіта там, на сутыкненьні, як у вялікім адронным каляйдэры, часта выкрасаюцца невядомыя навуцы элемэнты.

Тэзу пра ўкраінскасьць Берасьцейшчыны Наталка Бабіна ілюструе і аргумэнтуе так: «Для таго, каб адрозьніць мову ад мовы, ня трэба быць філёлягам. Дастаткова толькі мець вушы і непрадузятасьць, і Вы лёгка адрозьніце рускую мову ад балгарскай, польскую — ад чэскай, беларускую — ад украінскай. «Маты, батько, він, вона, ходыты, робыты, кіт, ліс, чый то кінь стойіть (украінскай графікай — «мати, батько, він, вона, ходити, робити, дякувати, кіт, ліс, чий то кінь стоїть») — любы непрадузяты чалавек скажа, што гэта ўкраінская мова. «Маці, бацька, хадзіць або хадзіці, кот, лес, чый то конь стаіць» — беларуская. Гэта простая праўда. Навукоўцы-філёлягі таксама гэта пацьвярджаюць – ад вядомага Яўхіма Карскага да Мікіты Талстога. Так, могуць быць дыялектныя асаблівасьці, мова ў розных месцах будзе трохі адрозьнівацца лексычна і фанэтычна — але гэта ўсё дыялекты той жа ўкраінскай».

Брат Натальлі Бабінай Андрэй Дынько падтрымлівае гэтую тэзу. «Навукоўцы ў ХІХ і ХХ ст. правялі дасканалыя дасьледаваньні дыялектаў [С.П. Мікуцкі — 1855, П.А. Гільтэбрант — 1866, Я.Ф. Карскі — 1904, 1905, 1917, пасьля Бузук у 1920-я ўдакладніў іх], і яны паказалі: мяжа беларускіх і ўкраінскіх гаворак праходзіць па лініі Белавеская пушча — рака Ясельда — Целяханы — Лунінец — рака Гарынь. На поўнач гэта беларускія гаворкі (хадзіць або ходзіці, рабіць або робіці, конь, лес, дзень). На поўдзень гэта ўкраінскія гаворкі (ходыты, робыты, кінь, ліс, дэнь). І толькі на самай мяжы ёсьць месцамі гаворкі сапраўды пераходныя, дзе адны рысы — беларускія, а другія — украінскія. Пад Пінскам і Брэстам кажуць «ходыты», «дэнь».

Зноў жа, апусьцім разважаньні над канструкцыямі «я не паэт, а вершыкам скажу». Як і над тэзай пра дакладную («і толькі на самай мяжы…») граніцу між украінскай мовай і беларускай. Зьвернем увагу на галоўны аргумэнт у спрэчцы: фактычна тры асаблівасьці – адсутнасьць дзеканьня/цеканьня, оканьне і так званы «ікавізм» («і» на месцы этымалягічнага «яць») робяцца для апалягетаў «украінскай Берасьцейшчыны» крытэрам аднясеньня 10 раёнаў цалкам і 5 – часткова да ўкраінскай мовы. І гэта – фанэтычныя асаблівасьці.

Адкрыю таямніцу: на жаль ці на шчасьце, наяўнасьць ікавізму не далучае Берасьцейшчыну да ўкраінскага этнасу, як і нехарактэрны для беларускай нарматыўнай фанэтыкі [р’] не далучае ўсіх носьбітаў аграменнага паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы да «ісьцінна рускіх людзей». Можна было б пажартаваць яшчэ наконт дзеканьня і цеканьня ў польскай мове, але гэта назавуць маніпуляцыяй.

Важна разумець: літаратурная норма і дыялектныя моўныя зоны – розныя плянэты. Літаратурная мова мае граматыку, правапіс, тоны кніг і падручнікаў. Навучыцца, напрыклад, дыялектнай беларускай мове ці хаця б заходнепалескаму маўленьню – фактычна немагчыма, бо норма ў кожнай мясцовасьці свая. Таму міласэрныя навукоўцы цягам стагодзьдзяў езьдзяць у экспэдыцыі і дасьледуюць наяўны (на пэўны момант) стан, ствараюць атлясы і слоўнікі, каб можна было хаця б прыкладна арыентавацца ў гэтым варыве, мапы й межы дыялектных зонаў увесь час дапаўняюцца, удакладняюцца і зьмяняюцца – бо ўвесь час зьмяняецца і самая мова. Дыялектная мова жыве паводле дзясяткаў сваіх апрычоных законаў, зь якіх можна вылучыць пару асноўных тэндэнцый, адтуль пасьля бярэцца найбольш распаўсюджаная (альбо найменш – як у літоўскай мове) і кладзецца ў аснову нормы. З Заходнім Палесьсем усё яшчэ больш складана. Як зазначаюць акадэмічныя аўтары названага вышэй атлясу «Лексыка гаворак беларускага Прыпяцкага Палесься», «палескія гаворкі выяўляюць архаічны характар, хоць і зьяўляюцца вельмі разнастайнымі. Калі на іншай беларускай тэрыторыі гаворкі больш-менш блізкія паміж сабой, аднастайныя, то на Палесьсі гаворкі суседніх вёсак значна адрозьніваюцца адна ад адной». Варта дадаць, што часам нават у межах адной вёскі на Палесьсі вылучаюць дзьве (!) асобныя гаворкі.

Кожнаму, хто цікавіўся дыялекталягічнай мапай Палесься, гэты факт вядомы. Мяне крыху бянтэжыць, што ўдзельнікі аўтанамісцкага «суйдіння» Міколы Шаляговіча за «Етвызь» канца 1980-х – першай паловы 1990-х Наталка Бабіна і Андрэй Дынько акуратна заплюшчваюць на гэта вочы (хоць пра выключную заходнепалескую стракатасьць маўленьня Шаляговіч гаварыў ледзь ня ў кожным нумары газэты «Збудінне»). На Палесьсі гавораць «кінь»? Ёсьць такія вёскі. Але праўда ў тым, што гавораць і «кынь», і «конь», і «кунь», і «кэнь», і нават «куонь». Шэсьць варыянтаў вымаўленьня, раскіданых па ўсёй вобласьці. Пад Пінскам гавораць «дэнь», піша Андрэй Дынько. Возьмем слоўнік вёскі Парэ Пінскага раёна: «Жарэна з грубэ вэпала, ладь хату ніе спалэлэ» – на якой гэтай мове? Я бы яшчэ паглядзеў, як расставілі бы тут націскі адмыслоўцы ўкраінскай Берасьцейшчыны. Падказка: дзе іх быць ня можа ў прынцыпе, там яны і стаяць. «Добрэдань», «ладь-ладь», «чыстэ набо» могуць гаварыць пад Пінскам пінчукі, абсалютна наплявацельскі ставячыся пры гэтым да нормаў украінскай літаратурнай мовы.

На жаль, толькі фанэтыкай тут справа не заканчваецца, хоць менавіта яна дасьледавана больш-менш поўна – і менавіта паводле яе, фанэтыкі, стварыў сваю вядомую клясыфікацыю і мапу заходнепалескіх гаворак Фёдар Клімчук, надзвычай цікавую для навукі 35 гадоў таму. Сёньня, у ХХІ стагодзьдзі, дыялектолягу адаб'юць рукі, калі ён стане разьмяжоўваць групоўкі гаворак паводле аднае толькі фанэтыкі – бяз лексыкі і марфалёгіі, сэмантыкі і акцэнталёгіі. Фанэтыка+скланеньні+лексыка можа прыкладна апісаць дыялектную сытуацыю (прычым для Палесься – сытуацыю ў адной фактычна вёсцы), але гэта дзясяткі асаблівасьцяў, а ня тры. Значна больш аргумэнтаў, калі ўжо весьці такія дыскусіі, будзе ў лінгвістычнай спрэчцы за Чарнігаўшчыну, беларускія гаворкі якое цудоўна выпісала ўкраінская акадэмічная дасьледчыца Тацьцяна Назарава – на фанэтычным, прасадыйным, граматычным, лексыка-сэмантычным узроўнях.

Дарэчы, Назарава ў свой час зрабіла тое, што пасаромеліся рабіць АН БССР: рыхтуючы Дыялекталягічны атлас беларускай мовы (1963), менскія навукоўцы сарамліва спыніліся на дзяржаўных межах БССР, каб нікога, крый Божа, не пакрыўдзіць – таму афіцыйна нібыта й няма беларускіх гаворак на Чарнігаўшчыне, Беласточчыне, Смаленшчыне, Браншчыне, Віленшчыне і г.д. Украінцы ж, абсалютна ў навуковым рэчышчы, межы сваіх гаворак дзяржаўнымі кардонамі не рэглямэнтавалі, акуратна зайшоўшы мапамі на беларускую тэрыторыю і прыхаваўшы ў шуфляду Чарнігаўшчыну. Зрэшты, і цяпер гаворкі пра 10 раёнаў цалкам і 5 – часткова няма ніякай. Мікола Ніканчук у найноўшай энцыкляпэдыі «Ўкраінская мова» пісаў, што ўвесь паўночны (палескі) дыялект украінскай мовы мае «пераходны характар ад украінскай мовы да беларускай» і «на поўначы мяжуе з пераходнымі ўкраінска-беларускімі гаворкамі Берасьцейшчыны і Піншчыны, якія аддзяляе ад паўднёва-заходняга дыялекту ўмоўная лінія, якая праходзіць ад левабярэжжа р. Нараў да левабярэжжа р. Гарынь». Тое самае і ў артыкуле «Заходнепалескія гаворкі»: «Паўночная мяжа – з беларускай моваю, не зусім дакладна выяўляецца, з шматлікімі пераходнымі ўкраінска-беларускімі гаворкамі… Уздоўж лініі на поўначы цягнецца досыць шырокая (месцамі да 100 км) фаза пераходных гаворак на паўночна-ўкраінскай аснове».

«Умоўная лінія», «пераходны характар», стокілямэтровая (гэта па вэртыкалі) фаза пераходных гаворак – пішуць украінскія дыялектолягі. А дзе ж «Берасьцейшчына – гэта Украіна»?

Палесьсе тым і вабіла вучоных аўтарытэтаў у савецкі час, што мела найбольш «гермэтычнае» насельніцтва, якое вельмі часта стагодзьдзямі, пакаленьнямі не выяжджала далей за павятовы цэнтар. Таму менавіта тут, у пераходнай міжмоўнай зоне, на разьдзеленых балатамі выспах, песьцілі аўтахтоны сваю гаворку, захоўвалі старыя абрады і рытуалы. Жывучы на сутыку, яны здолелі захаваць сваю рознасьць, моўнае багацьце.

Філёляг едзе ў палескую вёску да аўтахтонаў не «Жалейку» з «Кабзаром» чытаць на прызьбе. Калі ён пачуе замілаванае: «Якая цудоўная тут беларуская (украінская) мова!» – яго перакрывіць, нібы ад цытрынавага соку. Бо ў вёсцы няма мовы, у вёсцы ёсьць гаворка (тыповая для дыялектнай мапы ці не). У архаічным маўленьні сівой бабулі філёляг можа адкапаць словаўтваральную мадэль эпохі Вялікага Княства, а ў расповедзе – рытуал часоў Кірылы Тураўскага. Менавіта дзеля моўнай археалёгіі (не па беларускую ці ўкраінскую мову – а па іх прарадзіму) паўстагодзьдзя выпраўляліся на Палесьсе навукоўцы этналінгвістычнай школы акадэміка Мікіты Талстога (абачліва названага ў артыкуле нефілёляга Бабінай «Міколам») – ня толькі з Расеі, але й з Беларусі, Украіны; менавіта ў Палесьсі быў закладзены фундамэнт для грандыёзнага пяцітамовага слоўніка «Славянскія старажытнасьці» (1984-2012), сабраны матэрыял для «Палескага народнага календара» (2005). Бо тут быў шыкоўны стракаты моўны кілім, сапраўдная лінгвакультуралягічная мазаіка, укарэненая ў Сярэднявеччы. Рэшткі яе захаваліся й да сёньня.

Толькі каму яна патрэбная, калі труба гудзе, Шаўчэнка кліча і Яцэнюк такі малады?

Гэты тэкст выснаваны з лекцыяў па беларускай дыялекталёгіі і шматгадзінных размоваў у факультэцкіх калідорах з маім настаўнікам, кобрынскім палешуком Паўлам Міхайлавым, тагачасным нашым загадчыкам кафэдры мовазнаўства, а ў мінулым – загадчыкам аддзела дыялекталёгіі і лінгвагеаграфіі акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG