Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе прайшлі масавыя дэманстрацыі прыхільнікаў і апанэнтаў антыісламскай арганізацыі Пегіда


Праварадыкальная нямецкая арганізацыя Пегіда ў суботу заклікала сваіх прыхільнікаў па ўсёй Эўропе выйсьці на маршы супраць палітыкі прыняцьця ўцекачоў. У адказ былі арганізаваныя контр-маршы. У некаторых гарадах адбыліся сутычкі паміж прыхільнікамі і апанэнтамі арганізацыі.

У Дрэздэне ў суботу на марш у падтрымку антыісламскай арганізацыі выйшлі тысячы людзей. Дэманстранты трымалі плякаты, якія крытыкуюць палітыку канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель у дачыненьні да ўцекачоў. Летась Нямеччына прыняла іх каля мільёна.

Каля двух тысяч чалавек прынялі ўдзел у дэманстрацыі супраць пазыцыі Пегіды. Яны выйшлі на акцыю пад лёзунгамі «няма месца для нацыстаў», «нам ня трэба ксэнафобія, дэмагогія і Пегіда».

Паведамляецца, што ў Празе каля пяці тысяч чалавек выйшлі на акцыю, арганізаваную дзьвюма праварадыкальнымі групамі. Контр-маніфэстацыю арганізавала чэская партыя Зялёных і некаторыя левыя арганізацыі.

У Амстэрдаме падчас падобнай жа акцыі адбыліся сутычкі паміж прыхільнікамі і апанэнтамі Пегіды, як найменей дзесятак чалавек арыштаваныя.

Томі Марэлі, якія прыняў удзел у акцыі супраць заклікаў Пегіды ў Амстэрдаме, заявіў агенцтву Associated Press: «Я не магу паверыць, што гэтыя людзі (прыхільнікі Пегіды) могуць мець падобныя погляды ў наш час і ў нашым узросьце. Гэта сорам».

Яшчэ адна акцыя прайшла на поўначы Францыі ў Кале, дзе знаходзіцца вядомы лягер для ўцекачоў. Падчас акцыі арыштавана два дзесяткі чалавек. Дэманстрацыі прайшлі таксама ў Браціславе, Варшаве, Манпелье, Грацы і Брно.

У некаторых выпадках паліцыя ўжывала сьлезацечны газ. Пегіда ўзьнікла ў Нямеччыне ў сярэдзіне 2015 году і хутка распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе падчас найвастрэйшага з часоў Другой сусьветнай вайны крызысу ўцекачоў.

XS
SM
MD
LG