Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Улаховіч: плянуем рэарганізавацца ў Казачае войска


Архіўнае фота.

Архіўнае фота.

Гэтую заяву вярхоўны атаман аб’яднаньня «Беларускае казацтва» Мікалай Улаховіч зрабіў на пазачарговым сёмым «вялікім крузе», які праходзіць у Менску.

Казакі просяць Лукашэнку дазволіць ім стаць злучэньнем тэрытарыяльных войскаў Беларусі. Яны прынялі спэцыяльны зварот да Аляксандра Лукашэнкі з гэтай нагоды.

"У гэты няпросты час мы зьвяртаемся да вас, як да вярхоўнага галоўнакамандуючага Рэспублікі Беларусь, з надзеяй, што беларускія казакі на гэтым этапе стануць вайсковым злучэньнем тэрытарыяльных войскаў краіны, і на аснове нашага рэспубліканскага грамадзкага аб`яднаньня «Беларускае казацтва «будзе створана рэестравае казацтва з выданьнем указу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў звароце.

Казакі пішуць, што асноўнай статутнай мэтай аб`яднаньня зьяўляецца «адраджэньне казацтва ў Рэспубліцы Беларусь на асновах праваслаўя, патрыятызму, служэньня Айчыне, адданасьці беларускаму народу і яго прэзыдэнту».

Таксама на зьезьдзе стала вядома, што казакі маюць намер браць актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2016 году.

У пастанове, прынятай па выніках кругу, атаманам абласных акругаў было даручана зацьвердзіць сьпіс тых, хто будзе браць удзел у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Паводле слоў вярхоўнага атамана Ўлаховіча, на кожную акругу можна вылучаць і па два кандыдаты. Пры гэтым ён адзначыў, што арганізацыя падтрымае на выбарах не толькі сваіх членаў, але і тых, хто сымпатызуе аб’яднаньню.

У пастанове таксама гаворыцца, што арганізацыя прыступае да «наступнага якаснага этапу разьвіцьця». Стратэгічнай задачай такога разьвіцьця вызначана праца па падрыхтоўцы і падпісаньню ўказа прэзыдэнта «аб казацтве як сацыяльна-культурным пласьце насельніцтва Рэспублікі Беларусь і пераводзе яго ў вайсковае казацкае таварыства».

«Беларускае казацтва» мае намер прапанаваць ураду заснаваць у Беларусі першы казацкі дзіцячы корпус, які будзе даваць сярэднюю спэцыяльную адукацыю, і назваць адну з вуліц Менску вуліцай Беларускіх казакоў.

Пра гэта інфармуе БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG