Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джуліян Асанж выступіў перад журналістамі ў Лёндане


Брытанскія ўлады заявілі, што ня могуць прызнаць рашэньне Працоўнай групы ААН.

Шырокі міжнародны рэзананс атрымала рашэньне Працоўнай групы ААН па самавольны арышт, у якім утрымліваецца цьверджаньне, што заснавальніка сайта WikiLeaks Джуліяна Асанжа нібыта адвольна і неправамерна пазбавілі волі, і што ён мае права пакінуць амбасаду Эквадору ў Лёндане, дзе яму быў дадзены прытулак, і што з-за парушэньня яго правоў ён павінен атрымаць кампэнсацыю за маральную шкоду. Гэтая заява выклікала рэзкую рэакцыю брытанскага і швэдзкага ўрадаў, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Натальля Галіцына.

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хамонд назваў заяву Працоўнай групы ААН сьмеху вартай і недарэчнай, а Джуліяна Асанжа беглым злачынцам, які хаваецца ад правасудзьдзя. Міністар падкрэсаліў, што Асанж можа ў любы час выйсьці з эквадорскай амбасады, але пасьля гэтага будзе неадкладна арыштаваны і перададзены швэдзкім уладам.

На думку прадстаўніка брытанскага ўраду, рашэньне Працоўнай групы не зьяўляецца юрыдычна абавязковым дакумэнтам і нічога не мяняе ў справе Асанжа. Прадстаўнік швэдзкага міністэрства юстыцыі заявіў, што ніхто не пазбаўляў Асанжа свабоды і што эўрапейскі ордэр на яго арышт застаецца ў сіле.

Сам Джуліян Ассанж ў сваім звароце з эквадорскай амбасады заявіў, што рашэньне Працоўнай групы ААН зьяўляецца абавязковым да выкананьня ўрадамі Вялікабрытаніі і Швэцыі, спаслаўшыся на вяршэнства міжнародных законаў над нацыянальнымі і назваўшы рашэньне сваёй рэабілітацыяй. Аднак экспэрты адзначаюць, што Працоўная група па самавольным арышце ААН ня мае права ўплываць на дзеяньні дзяржаў-членаў ААН. У яе ўваходзяць пяць чалавек, сярод якіх няма юрыстаў.

Рашэньне па справе Асанжа было прынятае трыма галасамі пры адным члене групы, што выступіў супраць, і сябрам, які адмовіўся ўдзельнічаць у галасаваньні.

Вялікабрытанія і Швэцыя маюць намер абскардзіць у ААН рашэньне Працоўнай групы. Пасьля яго абвяшчэньня зьявілася чутка, што Асанж мае намер выйсьці з амбасады і аддаць сябе ў рукі брытанскіх уладаў. Адразу ж каля эквадорскай амбасады сабралася вялікая група журналістаў і прыхільнікаў 44-гадовага аўстралійскага дысыдэнта. Аднак пасьля рэакцыі Вялікабрытаніі і Швэцыі на рашэньне Працоўнай групы Асанж палічыў небясьпечным і немэтазгодным выходзіць з амбасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG