Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыём карупцыянэраў у насельніцтва: 10 мільёнаў за цяжкага, 6 — за менш цяжкага


Грамадзяне будуць атрымліваць грошы за дапамогу ў барацьбе з карупцыяй.

Калі гаворка ідзе пра цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства, то будзе выплачваецца да 50 базавых велічынь (10,5 млн Br), за менш цяжкае дадуць да 30 базавых (6,3 млн Br).

Пра гэта гаворыцца ў пастанове ўрадe № 101 ад 5 лютага.

У дакумэнце пералічаны выпадкі, калі грамадзяне, якія паспрыяюць выяўленьню карупцыі, будуць атрымліваць узнагароджаньні і іншыя выплаты:

• прадастаўленьне інфармацыі, прадметаў і дакумэнтаў, якія садзейнічалі выяўленьню карупцыйнага злачынства;

• прадастаўленьне зьвестак пра месцазнаходжаньне расшукванай асобы, якая ўчыніла карупцыйнае злачынства;

• прадастаўленьне інфармацыі пра месцазнаходжаньне грашовых сродкаў i іншай маёмасьцi, атрыманых у выніку ўчыненьня карупцыйнага злачынства;

• садзейнічаньне прадухіленьню або кампэнсацыі шкоды, нанесенай карупцыйным злачынствам;

• аказаньне іншага садзейнічаньня органам крымінальнага перасьледу, які меў значэньне для процідзеяньня карупцыйным злачынствам.

Таксама грамадзяне змогуць атрымаць кампэнсацыю да 10 базавых велічынь на падставе дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць панесненыя фізычнай асобай выдаткі.

Выплату будзе прызначаць пракуратура.

Гэтыя выплаты не прадугледжаныя для вайскоўцаў або супрацоўнікаў дзяржорганаў і іншых арганізацый, якія змагаюцца з карупцыяй. А таксама для ўдзельнікаў працэсу пры вытворчасьці па крымінальных справах, паведамляе БелТА.

Паротнікаў: гэта хутчэй прапагандысцкі крок

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Гэтую ініцыятыву ўраду карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў:

«Я думаю, што гэта хутчэй нейкі прапагандысцкі крок і наўрад ці ён атрымае на практыцы шырокі распаўсюд. Бо карупцыя — гэта злачынства, зьвязанае з злоўжываньнем службовымі паўнамоцтвамі, то бок ажыцьцяўляецца людзьмі далёка ня простымі, зь нейкімі сувязямі і прафэсійным досьведам. І ня так проста будзе знайсьці тое, што яны хаваюць.

То бок зразумела, чаму гэта зроблена. Па першае, гэта прапаганда. Па другое, гэта іміджавы крок — улады дэманструюць, што яны змагаюцца з карупцыяй. Па трэцяе, практычны момант: апошнім часам у нас вельмі практыкуецца памілаваньне, калі адпаведная асоба кампэнсуе нанесеную дзяржаве шкоду. А праблема з карупцыяй палягае ў тым, што аб’яўляецца толькі частка эпізодаў. Адпаведна атрымліваецца ўстанавіць толькі частку такой шкоды. І значная колькасьць грошай ідзе міма дзяржаўнай касы, і атрымліваецца, што выгадна красьці шмат альбо вельмі шмат. Бо калі цябе нават ловяць, ты аддаеш частку скрадзенага, а частка недзе прыхаваная, і ў цябе яна застаецца. Таму, магчыма, тут ва ўладаў ёсьць спадзеў, каб хаця б нейкую частку гэтых прыхаваных грошай вярнуць на карысьць дзяржавы. Але я думаю, што на практыцы гэта будуць адзінкавыя выпадкі, і наўрад ці там будуць вялікія сумы.

Усе разумеюць, што гэта зьява вельмі распаўсюджаная, сумы час ад часу вельмі вялікія. А даказаць у судзе, знайсьці гэтыя грошы вельмі складана. Тым больш у наш час, калі гэта папросту можа вывозіцца з краіны і недзе хавацца гатоўкай, можа набывацца нейкая маёмасьць на падстаўных асобаў, долі ў бізнэсе могуць належаць таму ці іншаму чыноўніку. Але гэта нідзе ня будзе аформлена, і даказаць гэта будзе вельмі цяжка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG