Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ плацяць героям рэпартажаў пра крызіс уцекачоў у Нямеччыне


«Вікторыя Шміт» - дзяўчына, якой фэдэральныя расейскія СМІ, як мяркуецца, плацяць за інтэрвію і рэпартажы

«Вікторыя Шміт» - дзяўчына, якой фэдэральныя расейскія СМІ, як мяркуецца, плацяць за інтэрвію і рэпартажы

Навошта расейскія дзяржаўныя СМІ плацяць героям сваіх рэпартажаў пра крызіс уцекачоў у Нямеччыне?

Том Балмфорт,​ Настоящее Время

Калі верыць словам Вікторыі Шмідт, то жанчыны Нямеччыны жывуць у страху перад мігрантамі і рыхтуюцца да найгоршых сцэнараў.

«Дзяўчына прыбірала ў тым месцы, дзе жывуць мігранты. Але здарылася жудаснае. Мала таго, што яе забілі, яе перад гэтым яшчэ згвалтавалі», — расказвае жанчына дрыготкім голасам.

Таксама яна расказала, што муж-немец не выпускае яе з хаты безь пярцовага балёнчыка, які яна дэманструе на камэру. І дадае, што хутка будзе вымушаная ўцякаць зь перапоўненай мігрантамі Нямеччыны на радзіму — у бясьпечную Расею.

Мігранты ў масках страляюць у неба, дамагаюцца і гвалцяць жанчын — такую жахлівую карціну крызісу мігрантаў малюе і маскоўскі тэлеканал «Звезда» ў сваім 26-хвілінным спэцыяльным рэпартажы «Эўропа: парадокс талерантнасьці».

Але хто такая Вікторыя Шмідт? Ці можна верыць яе словам?

Выданьне The Insider, якое займаецца расьсьледаваньнямі, лічыць, што не. У артыкуле за 26 студзеня аўтары абвінавачваюць жанчыну ў фабрыкацыі фактаў для расейскіх тэлеканалаў. Па дадзеных The Insider, жанчыну насамрэч завуць Натальля, а за свае «інтэрвію» яна атрымлівае грошы.

У пацьверджаньне сваіх словаў выданьне апублікавала запісы размоваў двух расейцаў з Гановэру: Натальлі і апэратара Алега Чаркасава. Журналіст The Insider выдаў сябе за супрацоўніка расейскай тэлекампаніі, якая рыхтуе матэрыял пра мігрантаў у Нямеччыне.

На пытаньне журналіста, ці могуць яны напісаць свой тэкст для чалавека, які яго агучыць, Натальля з упэўненасьцю кажа: «Без праблем. Хочаце, я вам агучу. Я тут жыву даўно. Замужам за нямецкім грамадзянінам. Магу агучыць усё, што вы захочаце».

Жанчына таксама расказала, што ў яе ёсьць уласны апэратар, а кошт яе паслугаў пачынаецца ад 250 эўра за сюжэт. Але ў сярэднім ад фэдэральных каналаў яна атрымлівае па 500.

Фатаграфія жанчыны на запісе сапраўды нагадвае тую самую Вікторыю Шмідт, якая зьявілася ў рэпартажы «Звезды». Рэдактар выданьня Раман Дабрахотаў расказаў у інтэрвію Свабодзе, што яны ўстанавілі асобу Вікторыі Шмідт праз інтэрвію зь іншымі расейцамі ў Гановэры. Больш за тое: Натальля паказала сюжэт «Звезды» за 14 студзеня ў сваім прафэсійным партфоліё.

«Я ўпэўнены, калі б мы працягнулі расьсьледаваньне, то знайшлі б такіх людзей і ў іншых гарадах», — кажа Дабрахотаў.

Няясна, пра якую сьмерць і згвалтаваньне Шмідт кажа ў інтэрвію «Звезде». Яна ня кажа, калі гэта адбылося, і ў Расеі пра гэты выпадак практычна нічога не паведамлялі. «Мы не правяралі, але 99% — што гэтага не было», — лічыць рэдактар The Insider.

Палітычная прапаганда

Артыкул зьявіўся за дзень да таго, як міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер абвінаваціў расейскія СМІ ў распаўсюдзе «палітычнай прапаганды».

«Няма ніякіх апраўданьняў для таго, каб выкарыстоўваць гэтую справу для палітычнай прапаганды і ўмешвацца ў і без таго складаную ўнутрынямецкую дыскусію пра мігрантаў і распальваць яе», — заявіў кіраўнік нямецкага МЗС у сераду, 27 студзеня, у Бэрліне.

Штайнмаер выказаўся ў адказ на сэрыю рэпартажаў у расейскіх СМІ аб 13-гадовай «дзяўчынцы Лізе», якую нібыта выкралі і згвалцілі мігранты ў сярэдзіне студзеня. Расейскія палітыкі, уключаючы кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова, заклікалі да «праўды і справядлівасьці», выказваючы надзею на тое, што нямецкія ўлады ня будуць «скажаць рэальнасьць з-за паліткарэктнасьці».

Пратэсты сьціхлі пасьля заяваў прадстаўніка пракурора Бэрліну, што дзяўчынка насамрэч выдумала гісторыю. Але было ўжо позна. Справа выклікала хвалю антыміграцыйных пратэстаў, у тым ліку і сярод расейскамоўнага насельніцтва Нямеччыны.

У інтэрвію журналістам The Insider расейцы, якія жывуць у Гановэры, распавялі, што атрымлівалі мноства паведамленьняў у сацсетках з заклікам выйсьці на пратэсты. «Любы, хто праігнаруе: гэтае згвалтаваньне будзе на вашым сумленьні», — гаворыцца ў адным з паведамленьняў.

Дабрахотаў лічыць, што фэдэральныя СМІ пераключыліся на Нямеччыну з-за таго, што расейцы стаміліся ад «сырыйскай тэмы».

«Сытуацыя зьмянілася. Расейцаў ужо дасталі рэпартажы пра сырыйскі канфлікт. Гэткіх рэпартажаў расейскія тэлекампаніі сталі паказваць менш. Яны пераключыліся на іншы прадмет — Эўропу, як там усё дрэнна У асноўным — гэта матэрыялы пра мігрантаў. Гэта магутная прапаганда, калі ў дзень паказваюць па некалькі рэпартажаў пра Нямеччыну, мігрантаў і гвалт», — лічыць Раман Дабрахотаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG