Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якой нагоды былы ахоўнік прэзыдэнта Расеі Аляксей Дзюмін быў спачатку прызначаны намесьнікам міністра абароны, а потым і губэрнатарам Тульскай вобласьці Расеі? Ці праўда, што Ўладзімір Пуцін рыхтуе для яго яшчэ больш шырокія пэрспэктывы, аж да прэзыдэнцкіх? У эфіры расейскай службы Радыё Свабода з Аленай Рыкаўцавай гэта абмяркоўваюць намесьнік галоўнага рэдактара расейскага выданьня «Банки.Ру» Сямён Навапрудзкі, расейскі палітоляг Міхаіл Тульскі і блогер з Тулы Валерый Адстаўных.

Алена Рыкаўцава: Мы абмяркоўваем зусім нечаканае прызначэньне, якое адбылося ў Тульскай вобласьці. Вы, напэўна, ведаеце пра вэрсію, што гэта пераемнік Пуціна. Чым яна выкліканая?

У Расеі палітыка застаецца абсалютна гермэтычнай, заснаванай ў значнай ступені на варажбе.

Сямён Навапрудзкі: Зразумела, што ў Расеі палітыка застаецца абсалютна гермэтычнай, заснаванай ў значнай ступені на варажбе. Чалавек, які робіць гэткую дзіўную зігзагападобную кар’еру нават па цяперашніх часах, чалавек, якога Пуцін ведаў асабіста, які ішоў па зусім іншай лініі, чалавек, які ня меў ніякага вопыту дзяржаўнага кіраваньня і які, галоўнае, зусім нядаўна быў прызначаны намесьнікам міністра абароны... Таксама чалавек, які, што называецца, усплыў ніадкуль, паўстаў у публічнай палітыцы як чалавек, які паабяцаў асабіста змагацца з апазыцыяй, калі былі акцыі пратэсту... Пры гэтым гэта чалавек, які мае асабістыя адносіны з Уладзімерам Пуціным, гэта сапраўды, што называецца, выглядае як асабіста яго прызначэньне. Пры гэтым зноў жа Тульская вобласьць ніколі не выглядала як вобласьць, да якой Крэмль ставіўся як да прынцыповага фарпосту, каб туды прызначалі людзей, якія павінны быць асабіста адданыя прэзыдэнту.

Алена Рыкаўцава: Цяпер абвясьцілі, што гэта абаронны шчыт Расеі.

Сямён Навапрудзкій: Зразумела, што пачынаюцца трактоўкі. Ясна, што калі прызначаецца чалавек, пра якога кажуць, што ён быў асабістым ад’ютантам прэзыдэнта, пра якога кажуць, што ён удзельнічаў у апэрацыі ў Крыме, раптам ён становіцца губэрнатарам вобласьці, якую раптам сталі лічыць супэршчытом.

Аляксей Дзюмін нарадзіўся 28 жніўня 1972 году ў Курску. Працаваў ва ўпраўленьні Службы бясьпекі прэзыдэнта Расеі, апошняя пасада — намесьнік начальніка службы. Займаўся бясьпекай Ўладзімера Пуціна на публічных мерапрыемствах. У 2014 годзе атрымаў званьне генэрал-маёра і ўзначаліў Сілы спэцыяльных апэрацый — закрытае падразьдзяленьне, якое адыграла адну з ключавых роляў у апэрацыі па далучэньні Крыму да Расеі. Паводле дадзеных крыніц «Коммерсанта», менавіта пад яго кіраўніцтвам была распрацавана і праведзена ў ноч на 23 лютага 2014 году экстраная эвакуацыя экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў Расею. Затым займаў пасаду начальніка Галоўнага штаба — першага намесьніка галоўнакамандуючага сухапутных войскаў. З 24 сьнежня 2015 года быў намесьнікам міністра абароны Расеі. Генэрал-лейтэнант. Герой Расеі. Брамнік Начной хакейнай лігі (НХЛ), удзельнічаў у гала-матчах лігі з прэзыдэнтам Пуціным.

Алена Рыкаўцава: Там жа самае галоўнае дасягненьне яго, што ён вельмі шмат шайбаў прапускаў у брамы.

Наўрад ці ў сьнежні чалавека прызначаюць намесьніка міністра абароны з прыцэлам, што праз два месяцы яго раптам зробяць губэрнатарам.

Сямён Навапрудзкій: Пра гэта можна жартаваць, але мне здаецца, не хакей галоўная прычына, хоць яна кажа аб блізкасьці на самай справе, таму што ў хакей выпадковыя людзі даўно ўжо з прэзыдэнтам не гуляюць. Важная вось якая рэч: паглядзіце на дату, калі гэты чалавек быў прызначаны намесьнікам міністра абароны. Наўрад ці ў сьнежні чалавека прызначаюць намесьніка міністра абароны з прыцэлам, што праз два месяцы яго раптам зробяць губэрнатарам.

Алена Рыкаўцава: Што ж магло здарыцца?

Сямён Навапрудзкій: Усе, хто пра яго гавораць, кажуць, што гэта чалавек, які беспярэчна выконвае любыя загады, безумоўна, мае добрыя навыкі ахоўніка, добрыя навыкі чалавека па спэцапэрацыям. Амаль няма сумненьняў у тым, што калі ўлада ў Расеі будзе перадавацца ў выніку нейкіх падзей, зьвязаных з дзеяньнямі самой улады, а не палітычных узрушэньняў звонку, то гэта, вядома ж, будзе спэцапэрацыя.

Алена Рыкаўцава: Я прапаную зьвярнуцца ў Тулу да Валерыя Адстаўных. Вось сядзіць у вас губэрнатар Уладзімер Грузьдзеў, добра працуе, нікога не чапае, чалавек выканаўчы, не апазыцыянэр, нейкія нават плюсікі ў галіне намеціліся ў час яго праўленьня. Ён зьбіраўся ісьці на выбары, ён не зьбіраўся нікуды сыходзіць. У яго нарадзілася дзіця, але адчуваньне, што ён даведаўся пра гэта ад Уладзімера Пуціна, які яму парэкамэндаваў паехаць з ім няньчыцца ў Маскву. А тут раптоўна прыводзяць новага губэрнатара, зусім незразумела, адкуль ён узяўся, чаму яго выцягнулі з намесьнікаў міністра абароны. Як вы гэта ўспрымаеце? Шкада вам Грузьдзева па-чалавечы?

Валерый Адстаўных: Рэч у тым, што Грузьдзеў даўно хацеў сысьці з Тульскай вобласьці — гэта не сакрэт. Апошнія месяцы прайшлі проста на валізках, пастаянна мясцовая прэса пісала — сыдзе ці не сыдзе. Пяскоў быў вымушаны пастаянна казаць, што не, Грузьдзеў нікуды не сыходзіць.

Алена Рыкаўцава: Якую небясьпеку ўяўляў Грузьдзеў?

У 43 гады генэралам стаць немагчыма і трапіць у 20 з чымсьці гадоў у службу бясьпекі прэзыдэнта проста так бяз блату немагчыма.

Валерый Адстаўных: Ён двойчы за апошнія два-тры месяцы праявіў неляяльнасьць Крамлю. Па-першае, яму было сказана адмяніць чарнобыльскія льготы ўсім... Увайшоў у наўпроставы канфлікт з адміністрацыяй, з урадам з нагоды чарнобыльскіх ільгот. Я думаю, што яго адстаўку выклікаў і канфлікт, які заключаўся ў тым, што ён выказаўся наўпрост пра тое, каб замарозіць на 2016 год плату за так званы капітальны рамонт... Я думаю, гэта паслужыла апошнім штуршком для таго, каб спадар Пуцін пайшоў на зьмену Грузьдзеву. Вельмі важна, каго ён прызначыў. Ён прызначыў чалавека супэрляяльнага — гэта ня проста целаахоўнік, гэта ня проста чалавек з блізкага атачэньня яго, які, як вы правільна заўважылі, незразумела, як апынуўся ў гэтым асяродзьдзі. Я думаю, што гэта сын аднаго з набліжаных людзей да Пуціна. Таму што ў 43 гады генэралам стаць немагчыма і трапіць у 20 з чымсьці гадоў у службу бясьпекі прэзыдэнта проста так бяз блату немагчыма.

Алена Рыкаўцава: Міхаіл, вы лічыце, гэтая вэрсія з пераемнікам, хоць нешта ў ёй ёсьць ці гэта зусім абсурд?

Пуцін зьбіраецца сядзець вечна на сваім троне да труны і зусім ня думае аб тым, каб камусьці перадаваць уладу.

Міхаіл Тульскі: Мне здаецца, нічога ў ёй няма. Мне здаецца, што ў Пуціна няма пераемніка, і ён яго не рыхтуе і не будзе ніколі пераемніка, Пуцін зьбіраецца сядзець вечна на сваім троне да труны і зусім ня думае аб тым, каб камусьці перадаваць уладу. Нездарма Пуцін рэгулярна капіюе Сталіна, спасылаецца на Сталіна, згадвае яго ў станоўчым кантэксьце. Сталін таксама не рыхтаваў сабе пераемніка і таксама зьбіраўся сядзець да труны і прасядзеў, таксама быў гэтым заклапочаны кожны дзень, як бы любой цаной мець уладу навечна. Таму я не думаю, што ў такога чалавека як Пуцін наогул можа быць пераемнік...

Цалкам гутарку чытайце тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG