Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія дыпляматы празандуюць Менск наконт адмены санкцыяў


Дыпляматы высокага рангу адразу з трох эўрапейскіх краін — Аўстрыі, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны — наведаюць Беларусь 9–10 лютага.

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Аўстрыю ў Менску прадставіць генэральны сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Міхаэль Лінхарт, Вялікую Брытанію — генэральны дырэктар МЗС па палітычных пытаньнях сэр Сайман Гас, Нямеччыну — палітычны дырэктар МЗС Андрэас Міхаэліс. Калі пераводзіць гэтыя пасады на беларускія рэаліі, то яны адпавядаюць пасадзе намесьніка міністра.

Пра важнасьць гэтых візытаў найперш для беларускага боку сьведчыць і такі факт — усіх трох замежных дыпляматаў будзе прымаць ня толькі намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, але і асабіста міністар Уладзімер Макей.

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«Тое, што дыпляматы з трох краін Эўразьвязу адначасова наведаюць Менск, не выглядае выпадковасьцю, — кажа Свабодзе палітоляг Андрэй Елісееў. — Іх паездкі зьвязаныя з тым, што 29 лютага заканчваецца тэрмін чатырохмесячнага прыпыненьня санкцыяў Эўразьвязу адносна беларускіх чыноўнікаў. Такім чынам, Брусэлю трэба вырашаць, што рабіць далей.

Ужо вядома, што гэтае пытаньне ўключанае ў парадак дня паседжаньня Рады Эўразьвязу па замежных справах, якое адбудзецца 15 лютага. Таму гэтыя візыты і размовы зь міністрам Макеем — спроба даведацца, на што гатовы пайсьці афіцыйны Менск узамен працягу „замарозкі“ санкцыяў альбо іх поўнай адмены».

Палітоляг Елісееў таксама сказаў, што, на ягоную думку, Брусэль прыме рашэньне працягнуць спыненьне санкцыяў яшчэ на чатыры месяцы.

XS
SM
MD
LG