Лінкі ўнівэрсальнага доступу

World of Tanks i Viber гэта ўжо зрабілі. Свабода прыглядаецца да яшчэ не настолькі пасьпяховых, але пэрспэктыўных беларускіх кампаніяў, якія змаглі прыцягнуць мільённыя інвэстыцыі на Захадзе.

Panda.doc

Сэрвіс для кіраваньня электроннымі подпісамі і лічбавымі дакумэнтамі быў запушчаны ў ліпені 2014 году. У 2013–2014 гг. стартап прыцягнуў больш за мільён даляраў пачатковых інвэстыцыяў. Дарэчы, сярод бізнэс-анёлаў, якія ўкладалі грошы ў новы праект, быў беларускі інжынэр, які працуе ў кампаніі Facebook, Ігар Маханёк.

PandaDoc аўтаматызуе электронную дастаўку і падпісваньне дакумэнтаў. Таксама сэрвіс прапануе карыстальнікам аналітычныя інструмэнты, якія дазваляюць убачыць, калі дакладна быў адкрыты, адкамэнтаваны або падпісаны дакумэнт, колькі часу патраціў другі бок на яго вывучэньне. Распрацаваны беларусамі інструмэнт стаў адным зь першых афіцыйных дапаўненьняў да Google Docs.

У ліпені мінулага году кампанія Мікіты Мікада і Сяргея Барысюка прыцягнула яшчэ 5 млн. даляраў у выглядзе інвэстыцыяў. На дадзены момант гэта рэкорд для беларускіх стартапаў. Цяпер галоўны офіс Panda.doc месьціцца ў Сан-Францыска.

Splitmetrics

Інвэстыцыі прыйшлі мінулым летам і да іншага беларускага сэрвісу, які займаецца аптымізацыяй канвэрсіі для мабільных аплікацыяў. Канкрэтная сума не агалошваецца, але ўсю кампанію ацанілі ў 3 мільёны даляраў, таму гаворка можа ісьці пра сотні тысяч даляраў укладаньняў.

Сэрвіс дазваляе маркетолягам падвысіць колькасьць запамповак мабільных дадаткаў. Сярод кліентаў Splitmetrics — кампанія Rovio, якая распрацоўвае сэрыю гульняў Angry Birds.

Галоўны офіс кампаніі цяпер у Сан-Францыска.

MSQRD

Дадатак для IOS напісалі на хакатоне ў Менску за 48 гадзін. За першыя тыдні пасьля запуску бэта-вэрсіі ён заняў топавыя пазыцыі ў AppStore ў шмат якіх краінах, а агульная колькасьць запамповак перавысіла адзін мільён.

MSQRD дазваляе ў рэальным часе зьмяняць выяву вашага твару, рабіць сэлфі і здымаць відэа. Выглядае гэта вось так.

Tesla studios

У лістападзе мінулага году партатыўны зубны сканэр, распрацаваны беларусамі, перамог на конкурсе стартапаў у Варшаве. Сума гран-пры — сто тысяч даляраў.

Цяпер асноўны прадукт кампаніі — гэта гарнітур віртуальнай рэальнасьці. Фандрайзінгавая кампанія на Kickstarter ужо сабрала на яго 35 тысяч фунтаў з заплянаваных 250.

Галоўны офіс у Шатляндыі.

Kino-mo

Беларусы Кірыл Чыкеюк і Арцём Ставенка выйгралі ў конкурсе Pitch to Rich 2015 кампаніі Virgin Group у катэгорыі стартапаў гэтым летам. Прыз — 250 тысяч даляраў. Іхні праект — апарат, які стварае галяграфічныя 3D выявы.

«Праект беларусаў выглядае фантастычна!» — не стрымаўся Рычард Брэнсан, мільярдэр, уласьнік кампаніі Virgin, якая праводзіла конкурс стартапаў.

Пра Кірыла Чыкеюка і Арцёма Ставенку ўжо ня першы раз згадваюць у беларускіх і сусьветных мэдыях. Упершыню яны праславіліся ў 2012 годзе, калі выйгралі конкурс стартапаў у брытанскім шоў «Логава цмокаў» на канале BBC. Тры гады таму яны прыдумалі, як зьмяшчаць відэарэкляму на колах ровара.

Meople.connector

Кампанія зь беларускімі каранямі распрацавала дадатак, які будзе цяпер у кожным новым аўтамабілі Ford. Сэрвіс дазваляе абнаўляць вашы сацсеткі з дапамогай галасавых камандаў і клявішаў на стырне, не адрываючыся ад кіраваньня аўтамабілем.

Meople.Connector стане базавай праграмай для забаўляльна-інфармацыйнай сыстэмы SYNC AppLink. Сумма дамовы з Ford не разгалошваецца.

Meople.Connector — каліфарнійскі стартап, заснаваны ў 2012 годзе беларускім праграмістам Дзьмітрыем Марковічам.

Wifi-map

Гэта адзін з самых папулярных дадаткаў у катэгорыі «Вандроўкі» ва ўсім сьвеце. Сэрвіс дазваляе карыстальнікам ствараць мапу пунктаў вайфай і дзяліцца паролямі ад іх. Цяпер там можна адшукаць інфармацыю пра 2 млн «хот-спотаў»

І ня трэба забываць, што адна з самых папулярных гульняў на Facebook у 2015-м — беларуская. Гаворка ідзе пра Knights & Brides. Распрацоўшчыкі, кампанія Vizor, могуць пахваліцца і іншымі пасьпяховымі праектамі, напрыклад, «Зомбі-фэрмай» (больш за 10 млн. карыстальнікаў). У рэйтынгу амэрыканскай сацсеткі яшчэ адна беларуская гульня — Cower Defense ад Belka Technologies. А беларуская Pocket Troops на App Store трапіла ў разьдзел найлепшых новых гульняў па 86 краінах.

TrackDuck

Беларуска-літоўскі стартап дазваляе спрасьціць камунікацыю паміж кліентам і вэб-распрацоўшчыкамі з дапамогай спэцыяльнага плагіна для браўзэра. Кліент непасрэдна на самім сайце можа выказаць заўвагі, павялічыць шрыфт ці зьмяніць колеры.

TrackDuck пачаў пераможнае шэсьце па хакатонах зь Менску, дзе быў прызнаны лепшым дадаткам для бізнэсу, пасьля выйграў некалькі конкурсаў у Прыбалтыцы. Як паведамляе Forbes, у 2015-м стартап меў намер прыцягнуць 500 тысяч даляраў інвэстыцыяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG