Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Групоўка «Ісламская дзяржава» слабее ў Іраку і Сырыі, але ўмацоўвае пазыцыі ў Лібіі — выведка ЗША


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Паводле новых дадзеных выведкі ЗША, якія апублікаваў 4 лютага Белы дом, колькасьць баевікоў экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» паменшылася да прыкладна 25 тысяч у Сырыі і Іраку, у так званых групах «халіфата», у параўнаньні з 31 тысячай, якая была паводле папярэдніх ацэнак.

Выведка ЗША ўдакладніла, што колькасьць баевікоў-ісламістаў на сёньня складае 19 і 25 тысяч у Іраку і Сырыі, у параўнаньні з 20 і 31 тысячамі адпаведна ў 2014 годзе.

«Зьніжэньне адлюстроўвае агульны ўплыў сьмяротнасьці баевікоў, дэзэртырства, унутраныя дысцыплінарныя меры, недахопы і цяжкасьці ў вярбоўцы, зь якімі сутыкаюцца замежныя баевікі, якія адпраўляюцца ў Сырыю», — сказала прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Эмілі Хорн.

Прыкладна 20-адсоткавае зьніжэньне зьвязваюць зь вялікай колькасьцю параненых баевікоў, дэзэртырствам у іх шэрагах, а таксама пасьпяховымі ўдарамі з паветра кааліцыі на чале з ЗША і падтрымкай іракскіх і курдзкіх сілаў на зямлі.

«Ісламская дзяржава» панесла значныя страты«, — заявіў прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст.

Ён адзначыў намаганьні ў наземных баявых дзеяньнях сырыйскіх апазыцыйных групаў, а таксама партнэраў па кааліцыі, у тым ліку ваенных Іраку ў Кувэйце і байцоў курдзкага апалчэньня «пешмерга», адначасова ні словам не згадаўшы расейскія паветраныя удары, якія ажыцьцяўляюцца зь верасьня мінулага году.

Паветраная апэрацыя пад кіраўніцтвам ЗША разам зь міжнароднымі партнэрамі, якая ажыцьцявіла з 2014 году больш за 10 000 удараў па ісламістах, спыніла плынь замежнікаў, якія прагнуць далучыцца да групоўкі «Ісламская дзяржава», дадаў Эрнэст.

«Ісламскай дзяржаве» цяжэй, чым раней, папаўняць свае шэрагі «, — сказаў прадстаўнік Белага дома.

Памяншэньне колькасьці баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава» на Блізкім Усходзе можа таксама быць прычынай таго, што «навабранцы» з-за мяжы адпраўляюцца ня ў Сырыю, а ў Лібію, каб далучыцца да баевікоў у Паўночнай Афрыцы.

Паводле ацэнак ЗША, цяпер колькасьць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ў Лібіі вагаецца ў межах ад 3 да 6 тысяч, што прыкладна ўдвая больш, чым у папярэднія гады.

Раней міністар абароны ЗША Эштан Картэр паведаміў, што групоўка «Ісламская дзяржава» скарысталася хаосам у Лібіі, каб у выніку замацавацца там на значных тэрыторыях. Пэнтагон у сьнежні даслаў групу ваеннаслужачых у Лібію з назіральнай мэтай, але яе выгналі з краіны неўзабаве пасьля прыбыцьця.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG