Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта наша ўнутраная справа», — Касьцёл адказаў упаўнаважанаму па справах рэлігіяў Беларусі


Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адказала на заяву ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі, які абвінаваціў Касьцёл у недастатковай працы па падрыхтоўцы сьвятароў.

«Справа падрыхтоўкі сьвятароў зьяўляецца выключна ўнутранай справай Касьцёла, які клапоціцца пра сваю будучыню (дарэчы, у гэтым годзе 19 чалавек распачалі навучаньне ў сэмінарыях Беларусі і ў манаскіх сэмінарыях за мяжой), і абвінавачваць яго ў незацікаўленасьці і недастатковасьці „працы з кадрамі“ выглядае беспадстаўна», — адзначаецца ў заяве Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў.

Што датычыць каталіцкай тэалягічнай акадэміі імя сьвятога Яна Паўла ІІ, то зараз вырашаецца пытаньне атрыманьня зямельнага надзелу, а далей — узьвядзеньне будынка, «і пасьля гэтага акадэмія распачне сваю дзейнасьць, што таксама зьяўляецца выключна ўнутранай справай Касьцёла».

«Іншыя ўзьнятыя спадаром Леанідам Гулякам тэмы могуць быць абмеркаваныя пры асабістай сустрэчы Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў», — падкрэсьліваецца ў заяве.

На гэтым тыдні Леанід Гуляка заявіў, што Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі недастаткова актыўна працуе па падрыхтоўцы кадраў.

«Напрыклад, у Пінскай сэмінарыі ў 2015 годзе не было ніводнага выпускніка і ўсяго адзін чалавек паступіў на першы курс. У адкрытай у 2015 годзе тэалягічнай каталіцкай акадэміі няма ніводнага навучэнца, і, як сьледзтва, ёсьць кадравая праблема і запрашэньне вялікай колькасьці ксяндзоў з-за мяжы», — адзначыў Упаўнаважаны па справах рэлігіяў. Пры гэтым, паводле яго слоў, некаторыя замежныя сьвятары слаба валодаюць навыкамі зносінаў на дзяржаўных мовах Беларусі і рэдка выкарыстоўваюць іх для правядзеньня набажэнстваў, што выклікае скаргі вернікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG