Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ducky з майстэрні Yuri Shif Custom — пераможца конкурсаў у Нямеччыне і Італіі


Менская кастамайзінгавая майстэрня Yuri Shif Custom працягвае замацоўваць лідэрскія пазыцыі на міжнародным рынку эксклюзіўных матацыклаў. У актыве каманды Юрыя Шыфа — упэўненыя перамогі на прадстаўнічых матацыклетных шоў у Нямеччыне і Італіі.

Трыюмфатарам адразу двух прэстыжных конкурсаў стаў чарговы шэдэўр інжынэраў Юрыя Шыфа — матацыкл Ducky. Як кажа Юры, зьяўленьню двухколавага прататыпа папярэднічала рэальная гісторыя: шмат гадоў на ягоным працоўным стале «жыве» цацачны талісман — качаня ў матацыклетным шлеме. Нават пры пераездах з майстэрні ў майстэрню маленькі сябра нязьменна вяртаўся на сваё пачэснае месца. І вось надышоў час увекавечыць Ducky ў жалезных формах.

Фотагалерэя цалкам у вялікім памеры тут

Калектыўныя намаганьні былі адзначаныя ўжо на першым жа паказе — пры канцы мінулага году Ducky стаў у нямецкім Бад-Зальцуфлене пераможцам эўрапейскага Biker Build-Off-2015, які праводзіўся ў рамках міжнароднай выставы «Custombikeshow-2015». Фармат Biker Build-Off — гэта спаборніцтвы кастамайзэраў у рэжыме онлайн. За тры дні на вачах у гледачоў каманда Yuri Shif Custom сабрала матацыкл і завяла рухавік. Пасьля гэтага сярод гледачоў было праведзена галасаваньне, і беларускае «качаня» ўпэўнена перамагло. Як адзначае суразмоўца, упершыню ў імпрэзе браў удзел прадстаўнік так званага «ўсходняга блёку», і адразу — такі прарыў.

Гумовы прататып жалезнага каня

Гумовы прататып жалезнага каня

А ў апошнія дні сёлетняга студзеня Ducky паўтарыў свой посьпех на міжнароднай выставе Motor Bike Expo-2016 у італьянскай Вэроне — ажыятажны інтарэс з боку гледачоў падтрымала і журы Bike Show, якое працавала пад эгідай кампаніі Custom Chrome Europe. Матацыкл заняў першае месца ў катэгорыі Championship.

Юры Шыф з кубкам пераможцы на Biker Build-Off-2015

Юры Шыф з кубкам пераможцы на Biker Build-Off-2015

Цікаўлюся ў Юрыя Шыфа — на чым грунтуецца канструктарскі палёт думкі ў краіне, якая дзесяцігодзьдзямі задавальнялася статусам «мінімалістаў» у галіне мотатэхнікі? Распрацоўнікі менскага мотавелазаводу амаль не выходзілі за рамкі першапачатковай функцыі — «сродку перасоўваньня» — не спрабуючы ўдасканаліць «замарожаныя» формы. І раптам — абсалютна новы падыход да матацыклетнай культуры:

«Сама культура матацыклетнага кастамайзінгу вядзе адлік ад 1970-х, прычым запачаткавалася яна ў Заходняй Эўропе, а не ў ЗША, як многія лічаць. Хоць, сапраўды, у пэўным сэнсе запазычаныя амэрыканскія традыцыі аўтамабільнага кастамайзінгу, так званы CornerRounding. На самой справе гэта цэлы пласт субкультуры, і для таго, каб туды ўліцца, ня трэба з нуля нешта вынаходзіць, прыдумляць. У мяне ёсьць выразнае разуменьне таго, што ўсе людзі, якія займаліся гэтым да мяне, без перабольшаньня вялікія. Таму я з адпаведнай павагай вывучаў усё, што зроблена да мяне. Апроч таго, езьдзіў на выставы, наведваўся ў розныя эўрапейскія майстэрні. Я гэтаму вучыўся, патраціў пэўны час на засваеньне базавых прынцыпаў. Але далей проста трэба зрабіць хоць адзін крок наперад».

Плякат у гонар падвойнай перамогі

Плякат у гонар падвойнай перамогі

Юры Шыф удакладняе, што для пачатку трэба падзяляць паняцьці кастамайзінгу і байкерскага руху: заводзкая вытворчасьць «двухколак» бясконца далёкая ад таго, чым займаецца ягоная майстэрня. Таму прадукцыю сваёй майстэрні ён лічыць ня столькі сродкам перасоўваньня — хоць кожны экзэмпляр гатовы ставіць рэкорды хуткасьці — колькі арт-аб’ектам.

Як любы твор мастацтва, выставачныя матацыклы вымагаюць нашмат большых інжынірынгавых высілкаў, чым сэрыйныя. А ці патрабуюць стандартызацыі складаныя вузлы ды мэханізмы? Юры Шыф тлумачыць, што паміж імправізацыяй і тэхнічнымі патрабаваньнямі ёсьць строгі падзел:

Першыя хвіліны трыюмфу

Першыя хвіліны трыюмфу

«Безумоўна, ёсьць пэўныя адказныя вузлы, якія маюць патрэбу ў сэртыфікацыі і стандартызацыі. Яны павінны адпавядаць нормам, быць сэрыйнымі, адзінаўзорнымі. І мы гэтага патрабаваньня сьвята трымаемся. Іншымі словамі, ёсьць рэчы, да якіх можна датыкацца, зьмяняць іх пад свае патрэбы, а ёсьць тыя, дзе ніякая самадзейнасьць недапушчальная. То бок ёсьць агрэгаты, якія мы робім, але ёсьць пералік тых, за якія нават не бяромся».

Касьцяк майстэрні Yuri Shif Custom складаюць мэханікі, якія прыйшлі з аўтаспорту. Сваіх калегаў Юры Шыф небеспадстаўна лічыць «лепшымі ў сьвеце» і перакананы, што невырашальных задач для хлопцаў папросту не існуе. А ці лічыць ён свой прадукт «беларускім»? Ці ёсьць месца для нацыянальнага характару ў эпоху глябалізму?

На вачах гледачоў матацыкл узьнікаў зь нічога

На вачах гледачоў матацыкл узьнікаў зь нічога

«Ці можна казаць, што гэта беларускі прадукт? Так, гэта прадукт беларускі. Чаму? Таму што ён беларускі паводле сваёй філязофіі. Тут яшчэ трэба ўлічваць нюанс, пра які ў нас не гавораць. У нас кажуць пра жалезкі, плястмасу, іншую лухту. Але ж існуе такая рэч, як інтэлектуальная ўласнасьць. Купляючы любы замежны прадукт, зроблены дзе заўгодна, мы набываем ня толькі адзінку тавару, але і інтэлектуальную ўласнасьць. Прасьцей кажучы, кормім замежных інжынэраў, канструктараў. І ў той жа час разумеем, што заўтра бяз працы застануцца нашы спэцыялісты. Дык вось, вяртаючыся да пытаньня, хачу сказаць, што тут беларуская інтэлектуальная ўласнасьць. Праўда, у нас ня ўсе разумеюць, як гэта можна ўзважыць і палічыць. Тым ня меней гэта ёсьць. Прынамсі, гэтага яшчэ ніхто не адмяняў».

Ducky — улюбёнец нямецкай і італьянскай публікі

Ducky — улюбёнец нямецкай і італьянскай публікі

Тым ня меней, на перакананьне Юрыя Шыфа, беларускія інжынэры ў масе сваёй не пасьпяваюць за тэхнічным прагрэсам і, нягледзячы на тэарэтычныя веды, рэдка калі гатовыя зьдзівіць сьвет на практыцы:

«Так, мы пра гэта часта гаворым — граматныя спэцыялісты, шмат на што здольныя. Дапусьцім. Граматныя яны граматныя, але, прабачце, апошнія 25 гадоў мы нікуды асабліва ня рухаемся. Таму, магчыма, яны і граматныя, і таленавітыя, і вялікія, аднак пры гэтым трэба рухацца ў рамках усясьветных тэндэнцыяў, бо сьвет не стаіць на месцы. Трэба пастаянна адпавядаць сучасным запытам, а не целяпацца ў хвасьце прагрэсу».

Беларускі прадукт у інтэрнацыянальным сямействе

Беларускі прадукт у інтэрнацыянальным сямействе

Кожны матацыкл ад Yuri Shif Custom выкананы ў адзінкавым экзэмпляры і апрыёры ня можа каштаваць нароўні з «калегамі» эканом-клясы. Да нядаўняга часу сярод замоўнікаў і пакупнікоў двухколавага эксклюзіву рэй вялі расейцы, але цяпер у эканоміцы Расеі зусім ня лепшыя часы. Адпаведна, узьнікаюць праблемы з набыцьцём прадметаў раскошы.

Юры Шыф кажа, што быць у плюсе толькі на «пракачцы» матацыклаў складана — на рэалізацыю некаторых замоваў патрабуюцца нават ня месяцы, а гады. Таму ягоная задача як мэнэджэра — падтрымліваць балянс паміж напрамкамі, якія дазваляюць зарабляць. У прыватнасьці, гэта дызайнэрскія і інжынірынгавыя праекты, не зьвязаныя з кастамайзінгам:

Ударная сіла Yuri Shif Custom

Ударная сіла Yuri Shif Custom

«Безумоўна, крызісныя зьявы тычацца нас таксама, бо гэта сытуацыя, агульная для ўсіх без выключэньня. Так, мы ўсе ў няпростых, новых эканамічных умовах, калі працаваць даводзіцца больш, а зарабляем мы пры гэтым менш. І гэта нармальна. У прынцыпе, у нас ужо быў падобны пэрыяд у 2008 годзе — вядома, не такі жорсткі, як цяпер, але і тады выйшлі, і цяпер выйдзем з гэтага крызісу, перажывём. Бо ёсьць толькі адзін спосаб застацца на плыву — працаваць. Іншага спосабу проста не існуе».

З гонарам за беларускае «качаня»

З гонарам за беларускае «качаня»

Міжнародныя тытулы майстэрні Yuri Shif Custom за апошняе дзесяцігодзьдзе:

2006. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. Best in Show — матацыкл No Jokes.

2007. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. «Лепшы кастам» — матацыкл году Time Machine.

Custombike-2007, Нямеччына. Best Craziest Bike — матацыкл Time Machine.

Mirax Custom Show, Масква. Лепшы інавацыйны праект — матацыкл Time Machine. Лепшы V-Twin — матацыкл Holey Boy.

2008. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. Спэцыяльны прыз «За ўнёсак у расейскі кастамайзінг».

2009. Custombike-2009, Нямеччына. Best Streetfighter — матацыкл DUster.

Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. Мадыфікаваны Harley-Davidson — матацыкл «Валеры Чкалаў». Тры колы — матацыкл Episode 2.

2010. Moto Bike Expo 2010, Італія Best of Show — матацыкл DUster.

RuRiders Custom&Tuning Show 2010, Масква. Лепшы мэтрычны праект — матацыкл DUster.

AMD World Championship of Custombike Building 2010, ЗША. Тытул чэмпіёна сьвету ў клясе матацыклаў зь неамэрыканскімі маторамі Metric World Championship — матацыкл The Machine. Трэцяе месца ў агульным заліку Freestyle Class, матацыкл The Machine.

Custombike-2010, Нямеччына. Best of Show — матацыкл The Machine. Best Engineering — матацыкл The Machine.

2011. Super Rally 2011, Літва. Best Softail — матацыкл Abordage. Best of Show — матацыкл Abordage.

2012. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. «Народжаны ў СССР» — матацыкл «Самы хуткі M1NSK». Мэтрычны матацыкл — матацыкл «Самы хуткі M1NSK».

Intermot 2012, Кёльн. Custombike Championship, Нямеччына. Cafe Racer — матацыкл Ducati Shifter.

Custombike-2012, Нямеччына. Best Cafe Racer — матацыкл Ducati Shifter.

2013. Мота-Парк, Custom&Tuning Show, Масква. Best of Show — матацыкл Ducati GT Shifter. Лепшы мэтрычны праект — матацыкл Ducati GT Shifter. Мадыфікаваны Harley-Davidson — матацыкл Little Queene.

2014. Custombike-2014, Нямеччына. Best Radical — матацыкл Terminator.

2015. Biker Build-Off-2015, Нямеччына. Выстава Custombikeshow-2015 — матацыкл Ducky.

2016. Motor Bike Expo-2016, Італія. Championship — матацыкл Ducky.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG