Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзумпцыя вінаватасьці Кіры Куцько, вяртаньне карупцыянэраў у начальства і каханьне БРСМ да Лукашэнкі


Трайны ўдар. Тры пытаньні для трох аналітыкаў. Удзельнічаюць Алег Грузьдзіловіч, Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Чаму здараюцца такія гісторыі, як зьбіцьцё і зьдзекі зь цяжарнай Кіры Куцько?

Чаму зьявілася практыка вызваляць карупцыянэраў і прызначаць іх кіраўнікамі праблемных гаспадарак?

Навошта БРСМ выступіў з ініцыятывай масава слаць «валянцінкі» кіраўнікам вышэйшага ўзроўню?

Чаму здараюцца такія гісторыі, як зьбіцьцё і зьдзекі зь цяжарнай Кіры Куцько?

Дракахруст: Кіра Куцько распавяла журналісту Свабоды гэтую гісторыю, якая здарылася ў верасьні летась. У кватэру, дзе яна жыве, уварваліся байцы СОБРу, каб затрымаць яе і яе будучага мужа Андрэя па падазрэньні ў распаўсюдзе наркотыкаў.

«Я адразу атрымала ўдар рукой па твары і пасьля толькі пасьпела выкрыкнуць, што я цяжарная. Далей былі ўдары па нагах палкамі і берцамі. Была ў паніцы. Прасіла паказаць пасьведчаньне. На што мне адказалі: калі ты такая разумная, то мы цябе пасадзім у камэру з мужыкамі, і тыя ўсё табе распавядуць. Пасьля ператрусу нас павезьлі ў РУУС. Допыт працягваўся больш за пяць гадзін. Я прасіла пусьціць мяне ў прыбіральню, прасіла вады — мае просьбы ігнараваліся» — распавяла Кіра Куцько.

У распачынаньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі Куцько было адмоўлена. Яе сужэнец, зь якім Кіра пабралася шлюбам напярэдадні суду, быў сёлета асуджаны за распаўсюд наркотыкаў на 10 гадоў. Відавочна, што і Кіра Куцько, і яе муж — далёка не анёлы. Распаўсюд наркотыкаў — цяжкое злачынства. Да таго ж мы ведаем толькі яе расповед.

Але яе гісторыя ўпісваецца ў шэраг шматлікіх падобных, якія адбываліся з самымі рознымі людзьмі. Можна прыгадаць нядаўняе зьбіцьцё ў будынку суду журналіста Паўла Дабравольскага і грамадзкіх актывістаў, леташняе зьбіцьцё жанчыны на нудысцкім пляжы і безьліч іншых падобных гісторыяў. Б’юць, б’юць жорстка, жанчын палохаюць згвалтаваньнем, з затрыманымі абыходзяцца спосабам, які можа трактавацца як катаваньні.

Чаму? Вы, Алег, распавядалі, як з вамі жорстка абыходзіліся пасьля затрыманьня на адным зь мітынгаў. Вы тады ж распавядалі, што гэта пэўная адпрацаваная мэтодыка пры транспартаваньні затрыманых — падавіць волю, прадухіліць бунт, супраціў. Ну а які такі бунт хацелі прадухіліць, зьбіваючы і зьневажаючы жанчыну, якая была дома адна? І чаму цяжарнасьць не спыніла? Усё ж гэта, па ідэі, такое спрадвечнае табу — ня крыўдзіць цяжарную?

Алег Грузьдзіловіч

Алег Грузьдзіловіч

Грузьдзіловіч: Мы гэтага ня ведаем, але падобна, што ёсьць нейкія правілы затрыманьня падазраваных у распаўсюдзе наркотыкаў: раптоўны гвалт, стварэньне ўмоў для панікі, надзвычайная жорсткасьць. Найперш для таго, каб спыніць усякі супраціў, бо гэтыя людзі могуць быць неадэкватныя, мець зброю. Таксама звычайна няма замацаванай базы доказаў — чалавека трэба падавіць і прымусіць хутка даваць паказаньні. Са сваякамі абыходжаньне такое ж самае. Кіра пасьпела крыкнуць, што яна цяжарная, і тады пачаліся ўдары па нагах — то бок, магчыма, яны зрэагавалі, канечне, ня так, як трэба было зрэагаваць.

Казаць трэба пра іншае: чаму яны ў прынцыпе так дзейнічаюць? Нядаўна я рабіў падборку — дзесяць фактаў зьбіцьця міліцыянтамі людзей. Дык такіх фактаў можна знайсьці сотні — ня тое што дзясяткі. Вось Сьвятлану Завадзкую зьбілі проста на вуліцы, на плошчы, перад камэрамі за тое, што яна нешта сказала. А ніводнага факту, каб міліцыянты за гэта пацярпелі — няма. Калі б гэта было так, магчыма, яны б дзейнічалі з аглядкай на тое, што іх могуць пакараць. У нас гэтага няма. Наадварот, увесь час атрымліваюць нейкія ўзнагароды за тое, што брутальна пагасілі супраціў. Хоць, чытаючы газэту «На страже», я бачу, там ёсьць статыстыка пакараньня ў службовым парадку за злоўжываньні, перавышэньне ўлады. Але для шырокай публікі паведамленьняў пра гэта няма. Гэта робіцца адмыслова, каб ніхто ня думаў, што можна зь міліцыяй «качаць правы». Таго, што Кіра цяжарная, міліцыянты маглі і не заўважыць, тым больш што так можа сказаць кожная — вядома, не заўсёды гэта відавочна. Мяне больш закранула тое, што зь яе зьдзекаваліся потым, калі не пускалі ў прыбіральню, маральна зьневажалі. Вось гэта агульныя паводзіны беларускіх міліцыянтаў адносна затрыманых.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: У мяне адразу ўзьнікае пытаньне наконт таго, што ў іх нібыта існуе такая мэтодыка затрыманьня. Навошта пры такіх апэрацыях браць СОБР? СОБР павінны выкарыстоўваць тады, калі ёсьць падазрэньні, што можа быць збройны супраціў. Тут звычайныя мірныя людзі, дзеля гэтага хапіла б наркакантролю, і ўсё. Урывацца, біць?

Тут больш шырокая праблема. Праблема таго, што ў Беларусі створана клясычная паліцэйская дзяржава. Органы правапарадку, або сілавыя структуры, у такой сыстэме маюць галоўнай задачай не абарону людзей ад злачыннасьці — гэта дадатковая функцыя. Галоўная іх функцыя — абарона рэжыму ад насельніцтва. І сілавыя структуры гэта разумеюць.

Невыпадкова ў Беларусі існуе культ сілавых структур.

Невыпадкова ў Беларусі існуе культ сілавых структур. Памятаеце, Лукашэнка яшчэ на першым годзе свайго кіраваньня заявіў, што яго апора — гэта КДБ, МУС і іншыя падобныя органы? Зразумела, у такіх умовах міліцыянты паводзяць сабе з насельніцтвам як акупанты. Яны не адчуваюць ніякай адказнасьці, яны не разумеюць, што такое правы чалавека. Няма прэзумпцыі невінаватасьці ў гэтай краіне. У гэтай краіне — прэзумпцыя вінаватасьці. Усе людзі вінаватыя — але не да ўсіх прыходзяць, ня ўсіх б’юць, а тых, хто трапіўся пад руку.

Вяртаючыся да гісторыі з Паўлам Дабравольскім, глядзіце, як дзяржаўныя мэдыі выступілі ў абарону міліцыі. Абсалютная беспакаранасьць вядзе да таго, што міліцыянты лічаць сябе абсалютна свабоднымі.

Карупцыянэраў — у кіраўнікі

Грузьдзіловіч: На гэтым тыдні стала вядома, што былі вызваленыя з-за кратаў і ўладкаваныя на працу, прычым на кіроўныя пасады, яшчэ два карупцыянеры. Акрамя намесьніка генпракурора Аляксандра Архіпава, якога ўладкавалі ў Смалявіцкі раён старшынёй гаспадаркі Пятровічы, гэта былы віцэ-мэр Баранавічаў — ён узначаліў камбінат надомнай працы. Былы кіраўнік «Магілёўдрэва» Андрэй Вусаў узначаліў вытворчасьць на прадпрыемстве «Строммашына». Гэта стратнае прадпрыемства ў Магілёве, якое выпускае пад’ёмныя краны і іншую тэхніку, яны нават офіс свой мусілі прадаць, каб неяк утрымацца на плыву.

Пасьля таго як іх судзілі за хабар, пасадзілі, іх забралі з калёніі і паставілі ратаваць падобныя прадпрыемствы. Чаму гэта адбываецца?

Калі выйшаў на волю Архіпаў, стала вядома, што была ініцыятыва дэпутатаў Нацыянальнага Сходу, якія прапанавалі Лукашэнку вызваліць шэраг такіх карупцыянераў: маўляў, такія дасьведчаныя людзі, якія добра сябе як кіраўнікі выявілі, але нічога ня робяць? Дык хай ратуюць стратныя гаспадаркі.

Дык вось гэтая ініцыятыва, відаць, адгукнулася. Лукашэнка вызваліў прынамсі трох чалавек, і, магчыма, іх будзе больш — хутчэй за ўсё, там цэлы сьпіс.

Я так разумею, што найперш гэта заказ намэнклятуры.

Я так разумею, што найперш гэта заказ намэнклятуры. Цяпер вельмі цяжкае ў іх становішча. Акрамя таго, што ім у прынцыпе стала цяжка працаваць, эканамічны крызіс, іх увесь час робяць ахвярнымі казламі — публічна іх шальмуюць, потым саджаюць. І такое вызваленьне і зьмяшчэньне на пасаду — гэта ўсё ж нейкая гарантыя на будучыню.

Здавалася б, усё зразумела, але чаму цяпер гэта трэба рабіць? Ужо прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, ужо фактычна ёсьць мадыфікаваны закон аб барацьбе з карупцыяй — там усё гэта прадугледжана. Калі ты кампэнсаваў страты, то можаш разьлічваць, што да суду нават твая справа ня дойдзе. Цяпер столькі карупцыянэраў па турмах сядзіць, што чакаць ім няма чаго, і потым ты не скарыстаесься гэтым законам задняй датай — таму вось намэнклятура зьвярнулася да Лукашэнкі, каб ён іх выратаваў. І ён гэта робіць, найперш, думаю, дзеля таго, каб стварыць гарантыю для іх, каб супакоіць іх.

Чаму ён пры гэтым не баіцца, што гэта пашкодзіць ягонаму іміджу барацьбіта з карупцыяй? Бо скрозь праз 21 год ён дэманструе сваю барацьбу, на гэтым ён прыйшоў да ўлады і працягвае такімі кручкамі трымаць грамадзтва. Сёньня людзі ўжо ня так заклапочаныя праблемай сацыяльнай справядлівасьці, як праблемай сацыяльнай выжывальнасьці. Хай ён крадзе, галоўнае, каб утрымалася гаспадарка, каб захавалася за чалавекам працоўнае месца.

Думаю, працаўнікі гаспадаркі Пятровічы вельмі рады, што былы намесьнік генпракурора цяпер яе ўзначаліў, у яго ж такія сувязі, у яго «ўсё схоплена», і з турмы ён выйшаў за год, і ўсё будзе добра. Тое самае, відаць, і ў Баранавічах, тое самае і ў Магілёве — людзі задаволеныя.

Ну, а далей што будзе? Я думаю, яны ўсё ж такі не ўратуюць гэтыя гаспадаркі, тыя як танулі, так і будуць тануць. Але ня гэтае галоўнае, мне здаецца, для Лукашэнкі цяпер — галоўнае супакоіць тую клясу, на якую ён абапіраецца.

Карбалевіч: Зразумела, гэта кампанія. У гэтай кампаніі шмат аспэктаў. Першы, які мяне вельмі цікавіць, — на які заканадаўчы акт спасылаюцца ўлады, калі прымаюць такія рашэньні? Таму што, наколькі я разумею, публічнага заканадаўчага акту няма, і незразумела, які юрыдычны статус у гэтых людзей. Гэта ж не амністыя, бо калі амністыя, людзі цалкам свабодныя ў выбары сваёй працы. На які тэрмін яны трапілі ў гэтае прыгоннае права? Увогуле, калі робіцца прысуд адносна нейкіх кіраўнікоў, то адзін з пунктаў прысуду — забарона пэўны тэрмін займаць кіроўныя пасады. То бок тут ніякіх прававых падстаў увогуле няма. Проста рашэньне кіраўніка дзяржавы, і ўсё.

Гэта як у Кітаі падчас культурнай рэвалюцыі Мао Цзэдуна кіраўнікоў адпраўлялі на перавыхаваньне ў сельскую гаспадарку.

Гэта нагадвае шмат якія гістарычныя аналёгіі. Гэта як у Кітаі падчас культурнай рэвалюцыі Мао Цзэдуна кіраўнікоў адпраўлялі на перавыхаваньне ў сельскую гаспадарку. Або сталінскія шарашкі.

Гэта выцягвае на паверхню праблему дэфіцыту кіроўных кадраў. Сёньня знайсьці дырэктара для нейкага прадпрыемства — вялікая праблема. І таму, што шмат прадпрыемстваў стратныя, і таму, што гэта вельмі рызыкоўная пасада, бо лёгка трапіць у турму. Я сумняваюся, што будзе вялікі эфэкт з гэтага. Усё ж такі калі намесьнік генпракурора пачынае кіраваць калгасам, ці будзе які плён? З гэтага вынікае, што ўлады не зьбіраюцца мяняць беларускую сацыяльную мадэль.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Такая інстытуцыя — сьведчаньне глыбокай аўтарытарнасьці беларускай улады. Нібыта цар можа мілаваць, можа караць. Вінаватыя ўсе, і гэта, дарэчы, адпавядае беларускай рэчаіснасьці: шмат хто з гаспадарнікаў кажа, што працаваць у беларускай сыстэме, не парушаючы закон, немагчыма. Тады пасадзіць можна любога. І тут улада разумее, што тым, каго яна пасадзіла, проста найменш пашанцавала. Бо тыя, хто застаўся на волі, магчыма, яшчэ больш вінаватыя. Прыгадваецца фраза Сталіна пра Ракасоўскага: «Родина на войне страдает, а он в лагере отсиживается? На фронт». Ну, і даслужыўся потым да маршала. Нявызначанасьць статусу вельмі характэрная для аўтарытарных дзяржаў — гэта ўлада вызначае, хто ты: маршал альбо зэк, і заўтра тваё становішча можа памяняцца, гэта ад цябе не залежыць. Менавіта таму Аляксандар Лукашэнка такую прапанову і прыняў — ня толькі таму, што яна мае нейкія эканамічныя рэзоны. Ужо так шмат пасадзілі людзей, прычым кампэтэнтных людзей. Гэта яшчэ і цешыць ягоную вярхоўную волю. Ён вызначае, хто ёсьць хто ў Беларусі.

Каго беларусы (у асобе БРСМ) больш за ўсіх любяць?

Карбалевіч: Вельмі цікавае пытаньне. БРСМ арганізаваў конкурс валянцінак і разаслаў па школах сьпіс «куміраў». Гэты сьпіс, 16 чалавек — гэта ўсё кіраўніцтва Беларусі. Потым гэты сьпіс разаслалі бацькам па Viber. Што гэта азначае? Гэта глупства ці гэта такі спосаб для БРСМ «прагнуцца» пад кіраўніцтвам?

Што такое валянцінка? Гэта па сваёй першапачатковай функцыі прызнаньне ў каханьні. Я, напрыклад, цалкам магу дапусьціць, што дзяўчаткі, дзяўчаты могуць закахацца ў такіх імпазантных мужчын, як Аляксандар Лукашэнка, Андрэй Кабякоў ці Косінец. Але калі казаць пра хлопцаў, то тут узьнікаюць пытаньні. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка ня любіць людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Увогуле ў беларускім ідэалягічным канструкце закладзена крытыка эўрапейскай культуры, дзе прынята талерантнае стаўленьне да сэксуальных мяншыняў. Гэта крытыкуецца як разлажэньне традыцыйных каштоўнасьцяў. На гэтым тле ўзьнікае вялікае пытаньне, як гэта ўсё выглядае. А таксама пытаньне: куды глядзіць царква?

Другі аспэкт. Цягам 20 гадоў кіраваньня Аляксандар Лукашэнка даволі абачліва і нават асьцярожна ставіцца да фармаваньня культу сваёй асобы. Яго сацыялізацыя праходзіла ў брэжнеўскі пэрыяд Савецкага Саюзу, ён памятае, як народ сьмяяўся з культу Леаніда Брэжнева, і таму ён разумее, што тут лёгка можна перагнуць палку і атрымаць адваротны эфэкт. Таму такіх падзеяў, як у Туркмэністане, дзе залатыя помнікі кіраўнікам ставяць, у Беларусі і блізка няма. У гэтым сэнсе наўрад ці такі ліст з валянцінкай надасьць якойсьці папулярнасьці Лукашэнку, хутчэй наадварот.

Мне здаецца, нашы настаўнікі ўжо даўно перасталі думаць.

Што мяне яшчэ зьдзіўляе, у гэтай кампаніі з валянцінкамі ўдзельнічае шмат людзей — кіраўнікі школ, працаўнікі райана, настаўнікі — няўжо яны ня бачаць усёй сьмешнасьці такой сытуацыі? Але, мне здаецца, нашы настаўнікі ўжо даўно перасталі думаць. А гэта вельмі страшна, калі настаўнікі ня думаюць.

Дракахруст: Мне гэтая сытуацыя нагадвае бесклапотнае камсамольскае юнацтва, якое ў нас з вамі было агульнае. Я памятаю, як маладыя камсамольскія сакратары проста са смакам, з кайфам абмяркоўвалі, хто зь іх часьцей за ўсіх і найбольш узьнёсла прыгадае «дарагога Леаніда Ільіча» ў сваіх прамовах на нейкіх зьездах. Можна сказаць, што гэта спантанны мэханізм аўтарытарнай сыстэмы. Я ня думаю, што гэтым БРСМаўцам нехта з самага верху сказаў пра гэтыя валянцінкі. Яны самі. Мы часам ня ўлічваем такую простую рэч, што мяняюцца рэаліі, адбываюцца войны, маніфэстацыі, а людзі проста робяць кар’еру, прыступка за прыступкай. А як сёньня робіцца кар’ера ў аўтарытарнай дзяржаве? Хваласьпевы вышэйшаму. Сама сыстэма спараджае такія ініцыятывы. Такі ідыятызм ня сам Брэжнеў спараджаў. Можна сказаць, што часткова і сам, таму што яму гэта падабалася. І вы маеце рацыю, забаўна атрымалася, што такое несавецкае сьвята ўсё роўна было выкарыстана для абсалютна савецкіх гульняў.

У лісьлівасьці галоўны прынцып — ня быць гамэапатам.

І да таго ж ёсьць дзіўнаваты падтэкст: а што ж хлопцы, пішуць лісты кіраўнікам? А, нічога. У лісьлівасьці галоўны прынцып — ня быць гамэапатам. Такое ўражаньне, што нашы БРСМаўцы з такога прынцыпу і зыходзяць.

Грузьдзіловіч: Таксама я згадаў сваё камсамольскае мінулае, бо нейкі час працаваў у абкаме камсамолу. Мяне туды бралі як журналіста, які піша даклады, але я хутка зразумеў, што сыстэма там пабудаваная на тым, каб найбольш выпендрыцца перад начальствам, бо гэта галоўны паказчык, паказчык якасьці працы. Памятаю, праводзілі абласную канфэрэнцыю і думалі, як прыцягнуць увагу першага сакратара Менскага абкаму партыі Мікуліча, які прыйдзе на гэтую канфэрэнцыю. Прыдумалі, што будзем запускаць паветраныя шары. Мікуліч потым гэта ўхваліў, і ўсе казалі, што канфэрэнцыя прайшла выдатна.

Я таксама згодны, што гэта сядзяць функцыянэры і ламаюць галовы, а што ж там такое прыдумаць. Іншая рэч, што за гэтым бачна, што фармуецца культ асобаў, бо нават культ першай асобы фармаваўся не адразу, не адразу Сталін стаў першай асобай. Спачатку быў культ правадыроў — былі і Бухарын, і Троцкі, Сталін у адным шэрагу зь імі быў, а потым ужо адзін застаўся. Так і тут, яны сваіх правадыроў пачынаюць рэклямаваць. Гэта можа скончыцца тым, што застанецца адзін. Я згодны з Валерам у тым, што яшчэ невядома, як гэта адгукнецца ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Празь нейкі час яны рэагуюць на такія сумнеўныя ініцыятывы і часам іх адмяняюць.

Ня трэба са сьвята чалавечага рабіць палітыку.

Яшчэ я ўспомніў кампанію Маладога Фронту, які хадзіў па амбасадах 10 гадоў таму і таксама раздаваў валянцінкі са словамі «Мы любім Эўропу» ці якую краіну. Нам, людзям ангажаваным, здавалася, што гэта нармальная акцыя, моладзь выяўляе свае палітычныя памкненьні. Але неангажаваныя людзі зьдзіўляліся і часам сьмяяліся з гэтага. Цяпер мне стала сьмешна з БРСМу, гэта дзіўна і недарэчна, але, магчыма, таму акцыя Маладога Фронту і ня мела плёну. Ня трэба са сьвята чалавечага рабіць палітыку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG