Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы кіеўскай паліцыі можна праслухаць анлайн. А беларускай міліцыі?


Беларускую міліцыю, падобна, пакуль можа падслухаць любы ахвочы. Але ці легальна гэта і ці надоўга — невядома.

Валянтэры украінскай сталіцы трансьлююць перамовы кіеўскай паліцыі ў інтэрнэт. Паслухаць этэр можна на сайце kyivpoliceops.com, у амаль жывым этэры трансьлююцца самыя звычайныя рабочыя перамовы на ўкраінскай і часам расейскай мовах.​

«Паліцыя вядзе радыёперамовы адкрытымі аналягавымі каналамі сувязі, — тлумачаць Свабодзе кіеўскія валянтэры. — Любы, хто мае прыймач, можа наладзіцца на іх частату, можа іх чуць. Такі прыймач можна вольна набыць у звычайнай краме, цана пачынаецца ад 7 даляраў. Ён не патрабуе ліцэнзіі.​ Гэтая трансьляцыя абсалютна легальная ва Ўкраіне, паколькі згодна з дзеючымі нарматыўна-прававымі дакументамі, забаронена толькі выходзіць у этэр на частотах апэратыўных службаў, слухаць ніхто не забараняе».

Дэпартамэнт кібэрпаліцыі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ня супраць такой трансьляцыі, пра што адказваў на Facebook:

Праца патрульнай паліцыі цалкам адкрытая для грамадзкасьці.

«Праца патрульнай паліцыі цалкам адкрытая для грамадзкасьці. Ніякая службовая інфармацыя, якая можа пашкодзіць працы, не перадаецца гэтым каналам сувязі, гэтак жа як і пэрсанальныя зьвесткі грамадзянаў».

У Беларусі так можна?

Як распавёў Свабодзе адзін з радыёаматараў, праслухаць беларускую міліцыю таксама можа любы ахвочы, хто мае належны прыймач. Праўда, суразмоўца ня ведае, ці прадаюцца такія ў Беларусі — свой ён здабыў з-за мяжы.

Падобна, што беларускія законы не забараняюць праслухоўваць перамовы міліцыі на службовых частотах. Дазвол на выкарыстаньне адпаведна пастанове Савету міністраў трэба атрымліваць тады, калі выкарыстоўваецца радыёабсталяваньне, здольнае ня толькі прымаць, але і перадаваць сыгнал. Праўда, законы забараняюць перахопліваць карэспандэнцыю радыёсувязі, а калі яна атрыманая выпадкова, забараняюць яе прайграваць, перадаваць трэцім асобам ці выкарыстоўваць для іншых мэтаў, нават паведамляць пра наяўнасьць такой карэспандэнцыі. Таксама строга забаронена выкарыстоўваць службовыя частоты акрамя выпадкаў перадачы сыгналаў няшчасьця SOS і MAYDAY.

Свабода не знайшла прамой забароны на праслухоўваньне службовых частотаў ў законах і актах, таму зьвярнулася з пытаньнем у Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па наглядзе за электрасувязьзю «БелДІЭ», ды намесьнік начальніка Канстанцін Хацько адмовіўся даваць камэнтар, спаслаўшыся на тое, што яго ніхто не абавязваў камэнтаваць законы.

У ЗША грамадзтва ўжо даўно зразумела, што паліцэйскія сканэры дапамагаюць барацьбе са злачыннасьцю і папулярызуюць паліцыю.

«Такія трансьляцыі працуюць вельмі шырока ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, падобныя праекты ёсьць нават у Славакіі і Расеі, — кажуць кіеўскія актывісты, дадаючы, што ў кожнай краіне могуць быць свае правілы што да трансьляцыяў. — У ЗША грамадзтва ўжо даўно зразумела, што паліцэйскія сканэры дапамагаюць барацьбе са злачыннасьцю і папулярызуюць паліцыю, ёсьць мноства гісторыяў пра тое, як праслухоўваньне паліцэйскага радыёэтэру дапамагло затрымаць злачынцаў».

Беларускі радыёаматар таксама адзначыў, што праслухоўваюцца, пэўна, ня ўсе перамовы праваахоўных органаў, а толькі тыя, што вядуцца па аналягавых каналах, а міліцыя ж паступова пераходзіць на лічбавыя каналы, дзе магчымае і шыфраваньне.

«Пераход на лічбавыя віды сувязі дапаможа ў першую чаргу пераадолець велізарную колькасьць радыёхуліганаў, якія несанкцыянавана выходзяць у этэр на частотах паліцыі і перашкаджаюць паліцыянтам выконваць сваю працу, — дадаюць з Кіева. — Танныя ж аналягавыя прыймачы будуць не ў стане прыняць такі сыгнал».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG