Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кнігі па-беларуску маюць большыя наклады, чым па-расейску. Праява крызісу?


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Паводле аналізу статыстыкі Нацыянальнай кніжнай палаты, на беларускамоўную кнігу прыходзіцца сярэдні наклад 3151 асобнік, расейскамоўную — 1945 асобнікаў. Але агулам расейскамоўных выдаецца больш, нягледзячы на крызіс расейскага кніжнага рынку.

Блогер і пісьменьнік Андрэй Жвалеўскі правёў аналіз статыстыкі, дасяжнай на сайце Нацыянальнай кніжнай палаты, і заўважыў цікавыя асаблівасьці.

«Галоўная выснова — манапалістаў больш няма. Гэта значыць, у выданьні падручнікаў, вядомая справа, дзяржава па-ранейшаму адганяе палкай усіх ад „Народнай асьветы“, але на чыстым рынку сытуацыя канчаткова выраўнавалася», — піша Жвалеўскі.

Так, найбуйнейшае выдавецтва «Авэрсэв» выдала за год 5% ад агульнай колькасьці найменьняў кніг і 21% ад сумарнага накладу кніг у Беларусі. Але 67% найменьняў і 46% накладу прыходзіцца на малыя выдавецтвы, якія выдаюць менш за сотую частку ад накладаў і найменьняў. Лідэры ў мастацкай літаратуры — «Мастацкая літаратура», «Папуры» і «Харвэст», у дзіцячай — «Кніжны дом» і «Беларуская праваслаўная царква».

Расейская мова дамінуе, але беларуская дае большы наклад на кнігу?

І па колькасьці найменьняў, і па накладах расейская мова пераважае. Так, за 2015 год надрукавана па-расейску 8277 кнігаў агульным накладам 16 млн. экзэмпляраў, а па-беларуску — у сем раз меней найменьняў, 1168, і ў больш чым чатыры разы меншым сумарным накладам, 3,86 млн.

Праўда, у 2010-м дыспрапорцыя была яшчэ большай: тады выдавалася ў 10 раз больш расейскамоўных найменьняў амаль у 10 разоў большым агульным накладам. Цяпер жа агульны наклад беларускамоўных кнігаў зьменшыўся, але агульны наклад расейскамоўных упаў яшчэ больш.
У выніку ў сярэднім кнігі па-беларуску цяпер выдаюцца большымі накладамі: на беларускамоўнае найменьне прыходзіцца 3151 экзэмпляр, а на расейскамоўнае — 1945.

Такое лідэрства беларускай мовы назіраецца далёка не ва ўсіх выдавецтвах. Напрыклад, найбуйнейшае выдавецтва «Авэрсэв» за 2015 год выдала 72 кнігі па-беларуску накладам 339,7 тысяч асобнікаў і 319 кніг па-расейску накладам 3 069 300 асобнікаў. То значыць, у выдавецтве кнігі па-беларуску выдаюцца сярэднім накладам 4718 асобнікаў, па-расейску — 9621 асобнік. Але ў выдавецтва «Белы вецер» на беларускамоўную кнігу прыходзіцца ў сярэднім 1960 экзэмпляр супраць 1923 на расейскамоўную, «Папуры» — 2235 супраць 3855,5, «Харвэст» — 2394,3 супраць 2130.

Ці гэта не памылка?

Вялікія наклады кніг па-беларуску ставяць пад сумнеў у сацсетках. Свае сумневы выказаў Свабодзе і старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

Па колькасьці найменьняў можа быць вал, але па колькасьці накладаў — у гэта я ня веру, наклады сьціплыя, 100-200-300.

«Магу памыляцца, але ня думаю, што такія лічбы правільныя. Я адзінае ведаю, што па колькасьці найменьняў беларускія кнігі могуць пераважаць, бо апошнім часам выдаецца маса ўсяго, людзі за свае грошы выдаюць, але наклады там — 100 асобнікаў, 50...

Колькасьць беларускамоўных выданьняў цяпер расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. Нам у ТБМ увесь час прыносяць свае кнігі, якія выдаюць па ўсёй Беларусі ў раённых друкарнях, абласных. За гэты месяц падарылі кніжак 20. Адных толькі вершаў колькі выдаюць! І дзіцячыя кніжачкі, краязнаўчыя. Выданьні ў асноўным ня ў Менску, а там Слуцк, Баранавічы, Ліда — людзі масава друкуюць па-беларуску ў рэгіёнах. Ня як у савецкі час — цяпер можна што заўгодна выдаць, толькі плаціце. Асабліва калі не крытыкуеце прэзыдэнта. Па колькасьці найменьняў можа быць вал, але па колькасьці накладаў — у гэта я ня веру, наклады сьціплыя, 100-200-300. Але мо і на расейскай за свае грошы цяпер мала выдаюць?»

Да высновы аб падзеньні выданьня кнігаў па-расейску прыходзіць і аўтар дасьледаваньня Жвалеўскі. Але ў Кніжнай палаце запэўніваюць: памылкі быць ня можа. Хоць ведамства не бярэцца аналізаваць прычыны большых накладаў кніг па-беларуску, у свае лічбы Кніжная палата верыць, кажа Свабодзе кажа галоўны бібліёграф аддзелу статыстыкі друку Нацыянальнай кніжнай палаты Тацяна Рабушка:

Мне здаецца, стала выдавацца крыху больш кніг па-беларуску, але іх заўжды было мала.

«У нашыя функцыі не ўваходзіць аналіз, мы канстатуем факт. Фіксуем выданьне, усе парамэтры па ім, і выкладваем у сеціва. Там ня можа быць памылкі, у нас самая дакладная статыстыка, бо мы атрымліваем абавязкова экзэмпляр усіх выданьняў. І больш такой статыстыкай ніхто як правіла не займаецца, а нашыя лічбы выкарыстоўваюць і Мінінфарм, і Белстат. Так, мне здаецца, стала выдавацца крыху больш кніг па-беларуску, але іх заўжды было мала».

Прычыны адносна большых накладаў кнігаў па-беларуску бачыць у расейскім крызісе дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зьміцер Вішнёў:

Абвал расейскага рубля пацягнуў за сабой тое, што абваліўся расейскамоўны кніжны рынак.

«Гэтая сытуацыя аналізавалася, абмяркоўвалася не аднойчы. Многія беларускія выдавецтвы былі цалкам арыентаваныя на расейскі рынак, нават не на расейскамоўнага чытача ў Беларусі. Абвал расейскага рубля пацягнуў за сабой тое, што абваліўся расейскамоўны кніжны рынак. Гульцоў стала менш, гуляць стала цяжэй. Зразумела, што многія нашыя выдаўцы, арыентаваныя на той рынак, трапілі ў новыя ўмовы і вымушаныя штосьці прадпрымаць. Наш рынак вельмі маленькі, вельмі кволы, але ў нас ёсьць свой чытач, у нас свая сытуацыя. Магчыма, у гэтым хаваецца такая статыстыка.

Не магу сказаць, што ў нашага выдавецтва ўсё бліскуча, але працуем актыўна, новая пашыраная каманда, распачалі новы праект. Нялёгка, бо высокая арэнда, але выдаем. Летась выдалі ня больш кніжак, чым у 14-м годзе, але працуем, штомесяц выходзіць нейкая навінка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG