Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BBC паказала фільм пра трэцюю сусьветную вайну НАТО з Расеяй


У фільме «Трэцяя сусьветная вайна: У камандным пункце» паказваецца, як Расея разьвязвае вайну ў Латвіі. Амбасадар Расеі ў Латвіі назваў фільм правакацыяй.

Другі канал брытанскай тэлекарпарацыі BBC прадставіў 3 лютага фільм «Трэцяя сусьветная вайна: У камандным пункце». Як піша BBC, у фільме «разыграны гіпатэтычны сцэнар ядзернай вайны з Расеяй». Копіі фільму ўжо распаўсюджваюцца праз Youtube.

Дзеяньне паўгадзіннага фільму адбываецца ў камандным пункце брытанскіх войскаў. Ад пачатковай упэўненасьці ў сваіх сілах брытанцы пераходзяць да пытаньня, ці наносіць ядзерны ўдар па цэлях у Расеі. Таксама паказваюцца кадры разьвязваньня вайны ў Латвіі, дзе «Латгальская Народная Рэспубліка» заклікае да рэфэрэндуму аб прызнаньні сваёй незалежнасьці.

Сучасныя аналітыкі асьцерагаюцца, што Расея можа выпрабаваць NATO на трываласьць.

«Сучасныя аналітыкі асьцерагаюцца, што Расея можа выпрабаваць NATO на трываласьць. Аўтары фільму апыталі мноства былых вайскоўцаў і экспэртаў наконт таго, як NATO можа адказаць на магчымую агрэсію. Сюжэт фільму быў прыдуманы пры дапамозе вайсковых аналітыкаў», — гаворыцца ў апісаньні фільму.

Сярод выканаўцаў роляў — асобы, якія мелі ў рэальным жыцьці дачыненьне да вайсковых спраў: былы камандзір сілаў NATO ў Эўропе Рычард Шырэф, адмірал каралеўскіх ВМС лорд Алан Уэст, былы сябра камітэту па выведцы брытанскага парлямэнту баранэса Полін Нэвіл-Джонс.

«У камандным пункце» выклікаў неадназначную рэакцыю і ў Расеі, і ў Латвіі. Яшчэ да трансьляцыі фільму старшыня камітэту Дзярждумы Расеі Аляксей Пушкоў назваў фільм «інфармацыйным злачынствам». А латгальскі дэпутат латвійскага Сойму Іван Рыбакоў засьцерагае:

Суседзяў не абіраюць, зь імі трэба жыць мірна, пазьбягаць нават выказваньняў, якія могуць іх закрануць.

«Суседзяў не абіраюць, зь імі трэба жыць мірна, пазьбягаць нават выказваньняў, якія могуць іх закрануць. Тым больш нельга гуляць у любыя гульні, у тым ліку віртуальныя, кампутарныя».

Амбасадар Расеі ў Латвіі Аляксандар Вешнякоў перадае праз Facebook, што разглядае фільм як «небясьпечную правакацыю»:

«Я працую ў Латвіі 8 гадоў і ня ведаю ніводнай сэпаратысцкай арганізацыі тут, тым больш здольнай „захапіць уладу“ хоць бы ў адным памежным горадзе, а па сцэнары іх названа аж 20. Гэтую ацэнку можа пацьвердзіць любы незалежны экспэрт, які ведае рэальную абстаноўку ў Латвіі. Гэты сцэнар абсалютна надуманы, ён перасьледуе палітычныя мэты. Па-першае, уключыцца ў інфармацыйную вайну па дэманізацыі Расеі. Па-другое, апраўдаць запыты ваенна-палітычных лобі на павелічэньне выдаткаў NATO ў Эўропе больш як у 4 разы. Па-трэцяе, дыскрэдытаваць любыя палітычныя сілы ў Латвіі, у Эўропе, якія адносяцца да Расеі не перадузята, выступаюць адносна яе з прагматычных пазіцыяў».

Тым часам Расея ня толькі разглядала, але і рэпэтавала сцэнары ядзернай вайны з саюзьнікамі NATO, у вучэньнях бралі ўдзел і беларускія войскі.

У 2014 годзе Расея з прымяненьнем вайсковай сілы анэксавала ўкраінскі Крым і арганізавала беспарадкі на ўсходзе Ўкраіны, у тым ліку ўвяла ў Данбас свае войскі.

Тыдзень таму ў папулярнай праграме «Панарама» BBC паказала паўгадзінны дакумэнтальны фільм пад назвай «Таемнае багацьце Пуціна», у якім гаворыцца пра датычнасьць расейскага прэзыдэнта да карупцыі, пра ягоныя сувязі з крымінальнымі элемэнтамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG