Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Багдан Глушчак — чалавек, які стаяў ля вытокаў беларускага тэатру на Падляшшы


Багдан Глушчак, Шчыты на Падляшшы, ліпень 2011 году.
Багдан Глушчак, Шчыты на Падляшшы, ліпень 2011 году.

3 лютага на 81-м годзе жыцьця памёр Багдан Глушчак, прафэсар тэатральнага мастацтва, чалавек надзвычайна заслужаны для тэатральнай культуры ў Польшчы. Лёсу захацелася, каб Прафэсар Глушчак пакінуў трывалы сьлед і ў культуры беларусаў Падляшша.

Багдан Глушчак нарадзіўся 1 студзеня 1936 году ў Гайнаўцы на Падляшшы. Вышэйшую тэатральную школу закончыў у Лодзі, атрымаўшы дыплёмы актора і рэжысэра. Працаваў выкладчыкам гэтай школы, але адначасова, ад 1959 году, уключыўся ў дзейнасьць Ольштынскай пантамімы — рэгіянальнага аматарскага тэатру глуханямых актораў у Ольштыне на поўначы краіны — якім стаў кіраваць цягам наступных 30 гадоў і які ён вывеў на эўрапейскі мастацкі ўзровень. З Ольштынскай пантамімай Багдан Глушчак паставіў больш за дваццаць арыгінальных спэктакляў і аб’езьдзіў усю Эўропу. У свае найлепшыя часы ў тэатры Багдана Глушчака ўдзельнічалі 35 актораў, якія на штодзень працавалі ў каапэратывах для інвалідаў у Ольштыне. У якасьці музычнай ілюстрацыі сваіх спэктакляў Прафэсар Глушчак выкарыстоўваў музыку двух польскіх кампазытараў сусьветнага фармату — Кшыштафа Пэндэрэцкага і Мікалая Гурэцкага. І быў яшчэ трэці ўлюбёны кампазытар — Чэслаў Немэн, ідал поп-музыкі 1960-х і піянэр электроннай музыкі 1970-х у Польшчы, які пісаў музыку адмыслова для спэктакляў Ольштынскай пантамімы на працягу больш чым 10 гадоў.

У 21-м стагодзьдзі лёс зьвёў Прафэсара Глушчака, які выкладаў у Тэатральнай акадэміі ў Беластоку, са студэнткай гэтай школы Яаннай (Асяй) Стэльмашук-Троц. Ася распавяла прафэсару аб сваёй мары заснаваць беларускі прафэсійны тэатар на Падляшшы і абаперці яго рэпэртуар не на стандартнай літаратурнай мове, а на жывых народных гаворках Падляшша. Прафэсар, які адразу ўбачыў у Асі Божую іскру тэатральнага таленту, заахвоціў дзяўчыну і падтрымаў яе сваім досьведам тэатральнага актора, рэжысэра і тэарэтыка.

З супрацоўніцтва Прафэсара Глушчака зь Яаннай Стэльмашук у 2011 годзе нарадзіўся спэктакль-монадрама «Ja j u poli verboju rosła» на аснове навэлі ўкраінскай пісьменьніцы Аксаны Забужкі ў маім перакладзе на ўсё яшчэ маладую падляскую мову. Як ні дзіўна гэта можа камусьці падацца, але гэты спэктакль, прэм’ера якога адбылася 29 ліпеня 2011 году, стаў першым прафэсійным тэатральным спэктаклем, пастаўленым сіламі падляскіх беларусаў. Пастаўленым, зразумела, з выдатнай дапамогай выдатнага паляка. Ролю Багдана Глушчака ў падрыхтоўцы гэтага спэктаклю тэатральная афіша называла «мастацкім апекуном», але насамрэч Прафэсар Глушчак быў для Яанны Стэльмашук пакрысе і строгім рэжысэрам, і дарадчыкам, і ўжо старэйшым калегам. Багдан Глушчак ня меў беларускіх каранёў, але паколькі ён нарадзіўся ў Гайнаўцы, сярод беларусаў, беларускую культуру не лічыў чужой, а хутчэй — часткай агульнай культуры Рэчы Паспалітай ў самым шляхетным сэнсе.

Ян Максімюк, Яанна Стэльмашук і Багдан Глушчак пасьля прэм’еры «Ja j u poli verboju rosła» 29 ліпеня 2011 у Шчытах на Падляшшы.
Ян Максімюк, Яанна Стэльмашук і Багдан Глушчак пасьля прэм’еры «Ja j u poli verboju rosła» 29 ліпеня 2011 у Шчытах на Падляшшы.

«Прафэсар Глушчак быў прафэсарам старой даты ці, лепш сказаць, „старой школы“. Такіх прафэсараў ужо няма. Ён быў поўнасьцю аддадзены тэатру і адначасова вельмі строгі. Ягоныя заўвагі былі шчырымі да болю і часта моцна ранілі. Студэнты плакалі падчас рэпэтыцый, выбіваліся зь сілаў падчас „разьмінкі“ пад ягоным кіраўніцтвам, але адначасова любілі яго мацней за жыцьцё» — сказала Яанна Стэльмашук-Троц Свабодзе.

Пра сваё супрацоўніцтва з Прафэсарам Глушчакам над беларускімі пастаноўкамі маладая акторка з Падляшша адзначыла:

«Калі я папрасіла ягонай дапамогі ў ажыцьцяўленьні спэктаклю „Ja j u poli verboju rosła“, ён не адмовіўся. І гэтая дапамога ператварылася ў некалькі гадоў супрацоўніцтва і сяброўства. Без падтрымкі, ведаў і досьведу гэтага чалавека мая ідэя беларускага тэатру на Падляшшы наўрад ці ажыцьцявілася б. Гэта быў такі момант, калі ты канчаеш акадэмію, нечага патрабуеш ад жыцьця і маеш дастаткова сілаў, каб змагацца, але адначасова адчуваеш, што нічога ня ўмееш, што ня маеш адпаведных прыладаў. Прафэсар ведаў, якая перада мною дарога, і дапамог мне ступіць на яе, падзяліўшыся сваім досьведам».

Затым Яанна Стэльмашук-Троц знайшла яшчэ адну акторку з Падляшша, Юліянну Дораш, якой таксама захацелася паўдзельнічаць у беларускім тэатры на народных гаворках. У 2013 годзе «трыюмвірат» Стэльмашук-Дораш-Глушчак падрыхтавалі другі спэктакль на падляскай мове — «PustaJa» — паводле п’есы гішпанскага аўтара Фэдэрыка Гарсіі Лоркі «Yerma» ў маім перакладзе.

Юліянна Дораш і Яанна Стэльмашук пасьля спэктаклю «PustaJa» ў Бельску на Падляшшы, кастрычнік 2014.
Юліянна Дораш і Яанна Стэльмашук пасьля спэктаклю «PustaJa» ў Бельску на Падляшшы, кастрычнік 2014.

У жніўні 2013 году, на неафіцыйнай прэм’еры гэтага спэктаклю ў Тэатральнай акадэміі ў Беластоку, я пабачыўся з Прафэсарам Глушчакам апошні раз. Прафэсар, які атрымаў рэжысэрскі дыплём на аснове свайго аналізу польскіх перакладаў п’есаў Гарсіі Лоркі, публічна камплімэнтаваў мой пераклад на падляскую мову, заявіўшы, што ён значна бліжэйшы да духу арыгіналу, чым вядомыя яму польскія.

Я тады ня ведаў, што Прафэсар Глушчак быў ужо цяжка хворы — ён змагаўся з ракам. Афіцыйная прэм’ера спэктаклю «PustaJa» адбылася ў Беластоку ў сьнежні 2013 году. Прафэсара Глушчака, які ехаў з Ольштына ў Беласток на гэтую прэм’еру, хуткая дапамога была вымушаная падабраць з дарогі і адвезьці ў шпіталь.

Прафэсар Багдан Глушчак для мяне — адзін з кагорты тых, пра якіх можна без ваганьня сказаць: яны пакінулі гэты сьвет, зрабіўшы яго лепшым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG