Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба ствараць новы вобраз немцаў, яны ратуюць нас ад Чарнобыля», — Тамковіч пра сваю новую кнігу


Аляксандар Тамковіч
Аляксандар Тамковіч

«Філязофія дабрыні. Ад катастрофы да саду надзеі», — так называецца новая кніга журналіста Аляксандра Тамковіча, якая выйдзе да 30-годзьдзя выбуху на атамнай станцыі ў Чарнобылі.

У выданьні ідзе гаворка пра тых, хто арганізоўваў для беларусаў, якія пацярпелі ад катастрофы, замежныя паездкі, гуманітарныя канвоі, лячэньне і іншую дапамогу. Як адзначае Аляксандар Тамковіч, ён хацеў паказаць два бакі — беларускі і нямецкі. Менавіта Нямеччына была лідэрам сярод краін, якія спрычыніліся да чарнобыльскіх ініцыятываў.

Пры падтрымцы амбасады Нямеччыны ў Беларусі кніга выйдзе на беларускай і расейскай мовах у Беларусі і па-нямецку ў Нямеччыне.

Радыё Свабода пагутарыла з Аляксандрам Тамковічам.

— Спадар Аляксандар, дапамогу пацярпелым ад Чарнобыля аказвалі і аказваюць шмат краін. Чаму вы пішаце менавіта пра Нямеччыну?

Чарнобыльская АЭС, ілюстрацыйнае фота
Чарнобыльская АЭС, ілюстрацыйнае фота

— Калісьці існавала міжнародная асацыяцыя чарнобыльскіх ініцыятыў. Туды ўваходзілі прадстаўнікі 21 краіны. Усяго было 610 замежных чарнобыльскіх ініцыятыў, але каля 300 зь іх былі ў Нямеччыне. Гэтая краіна была першай, хто прапанаваў дапамогу і хто даў яе Беларусі найбольш. Там жа нарадзілася ідэя міжнароднага чарнобыльскага руху. Мая кніга — гэта спроба сказаць дзякуй немцам. У нас на дзяржаўным узроўні шырока сьвяткуецца гадавіна Перамогі, гэта сьвята, у кантэксьце якога немцы — гэта захопнікі і акупанты. Але няправільна ўспрымаць немцаў толькі ў сувязі з Другой усясьветнай вайной. Ёсьць іншая дата, і мы павінны яе ведаць. Я хачу стварыць іншы вобраз немцаў — нацыі, якая неабыякава паставілася да чарнобыльскага гора беларусаў.

— Чаму вы ўзяліся за гэтую кнігу? Напэўна, была асабістая прычына?

"Сад надзеі" імя Генадзя Грушавога
"Сад надзеі" імя Генадзя Грушавога

— У 1996 годзе дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля» каля сабору Ўсіх Тужлівых Радасьць пасадзіў сад. Гэта было прымеркавана да 10-годзьдзя катастрофы. Пасьля сьмерці Генадзя Грушавога, які прысьвяціў вялікую частку свайго жыцьця дапамозе чарнобыльцам, ад сьвятароў царквы была ініцыятыва называць гэты сад імем Грушавога. Ідэя напісаць кнігу была ў мяне вельмі даўно, я сябраваў з Грушавым і заўсёды казаў яму, што трэба, каб пра яго дзейнасьць і дзейнасьць яго паплечнікаў засталася памяць. А зроблена шмат — 600 тысяч беларускіх дзетак зьезьдзілі на аздараўленьне. Гэта, па сутнасьці, цэлы горад. Апроч аздараўленьня была безьліч іншых праграмаў — моладзевых, жаночых, праграмаў для дактароў, для пажылых людзей. Зразумела, што варта было пра гэта напісаць. Я казаў Генадзю: «Трэба гэта зафіксаваць, бо іначай забудзецца». Але Грушавы заўсёды казаў: «Добра, добра», але рукі так і не даходзілі. Пасьля Генадзь захварэў — анкалёгія. Я зразумеў, што кнігу трэба пісаць і пісаць абавязкова. Але не дазвалялі абставіны: захварэла яго маці, затым здарыўся інфаркт, ну, а ў 2014 годзе Генадзь памёр. Я ўжо думаў ставіць крыж на праекце.

Беларускі дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля»
Беларускі дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля»

— Але вы ня кінулі ідэю. Хто вам дапамог, як ня стала Грушавога?

— Мяне вельмі ўразіла Ірына Грушавая. Яна ўзяла на сябе вялікую працу для таго, каб праект быў запушчаны. Мы зьвярнуліся ў амбасаду Нямеччыны і прапанавалі зрабіць кнігу — два погляды на адзін боль. Каб туды ўвайшоў погляд чарнобыльскіх рэгіёнаў і погляд зь Нямеччыны: тыя, каму дапамагалі, і тыя, хто дапамагаў. Немцам ідэя спадабалася. У выніку дзякуючы нямецкай амбасадзе я праехаў 4,5 тысячы кілямэтраў па чарнобыльскіх рэгіёнах.

— Хто аўтары кнігі?

— Усяго атрымалася 42 артыкулы. Сярод аўтараў Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў, Юры Хашчавацкі, Валярына Кустава, Генадзь Кесьнер, Сяргей Ваганаў, Алесь Марачкін, журналісты Радыё Свабода Алена Панкратава і Алесь Дашчынскі. Увогуле, сабралася вельмі прыстойная кампанія. Пісалі маналёгі, нарысы, падарожныя нататкі, інтэрвію.

— Якім чынам кніга будзе распаўсюджвацца? Дзе яе можна будзе пачытаць?

— Гэта не камэрцыйны праект. Кніга найперш будзе цікавая тым, хто займаўся гэтай справай. Беларускі наклад ня будзе вялікі, асноўны наклад выйдзе ў Нямеччыне. Мы павінны падзякаваць людзям, якія дапамагалі Беларусі 30 гадоў. І працягваюць працаваць. Паездкі беларусаў у Нямеччыну працягваюцца. Ужо езьдзяць дзеці тых дзяцей, якія былі першымі запрошанымі. Гэта вельмі кранальна. Прычым запрасіць можа не абы-якая сям’я — ёсьць конкурс на тое, каб запрасіць беларускае дзіця.

— Часам даводзіцца чуць пра няшчырасьць запрашэньняў, нібыта чалавек тады атрымлівае падатковыя льготы. Што вы на гэта можаце сказаць?

— Гэта лухта. Нічога такога няма. Людзі са сваёй кішэні выкладваюць сродкі, зьбіраюць грошы. Гэта можа быць толькі шчыра. Ды я і ня ведаю больш такіх прыкладаў, каб нешта такое рабілася праз 30 год пасьля падзеі.

— У год 30-годзьдзя катастрофы ў Чарнобылі беларусы будуюць сваю атамную станцыю. Як вы ставіцеся да гэтага?

— Калі б мне 30 год таму сказалі, што Беларусь будзе будаваць сваю атамную станцыю, я б сказаў, што гэта думкі хворага чалавека. Але, на жаль, сёньня гэта рэальнасьць. Вось чаму немцы імкнуцца закрываць свае атамныя станцыі, а беларусы пачынаюць будаваць? Я не хачу спрачацца з прыхільнікамі АЭС, але мне здаецца, што немцы заслугоўваюць большага даверу ў такім пытаньні.

Першая прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча адбудзецца на нямецкім стэндзе ў рамках Менскай кніжнай выставы-кірмаша 11 лютага ў 14.00. Адрас — праспэкт Пераможцаў, 14, Нацыянальны выставачны цэнтар «БелЭКСПА».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG