Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Столтэнбэрг: Расея рэпэтавала атаку на саюзьнікаў NATO, каб падвесьці войскі да Крыму


Енс Столтэнбэрг

Енс Столтэнбэрг

У 2013 годзе Расея праводзіла вучэньні па ядзернай бамбардзіроўцы саюзьнікаў NATO, а ў 2014-м праз вучэньні падвяла войскі пад межы Ўкраіны, гаворыцца ў дакладзе Енса Столтэнбэрга.

У дакладзе за 2015 год генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, апублікаванага 28 студзеня, гаворыцца сярод іншага пра расейскія вучэньні са сцэнаром ядзернай бамбардзіроўкі саюзьнікаў NATO і атакі на Швэцыю.

«У межах свайго мілітарызму, частата манэўраў Расеі дасягнула ўзроўню, нябачанага з часоў халоднай вайны, — гаворыцца ў дакладзе. — За апошнія тры гады Расея правяла прынамсі 18 маштабных вучэньняў, некаторыя зь якіх уключалі больш за 100 тысяч вайскоўцаў. У ліку такіх сымуляцыя ядзернай атакі на саюзьнікаў NATO (як то „Захад“) і партнэраў (як сымуляцыя атакі на Швэцыю ў сакавіку 2013-га), якія выкарыстоўваліся для вялікіх перасоўваньняў узброеных сілаў (люты 2014-га перад незаконнай анэксіяй Крыму) і пагрозаў суседзям Расеі».

Швэдзкія СМІ ў час, названы Столтэнбэргам, паведамлялі пра расейскія бамбардзіроўшчыкі, здольныя несьці ядзерныя ракеты, каля межаў сваёй краіны. У Швэцыі выказвалі занепакоенасьць расейскімі вучэньнямі «Захад» і да гэтага: напрыклад, у 2009 годзе, калі ў вучэньнях былі задзейнічаныя 12,5 тысяч расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.

На згаданыя вучэньні «Захад-2013», якія праходзілі ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі, не былі запрошаныя прадстаўнікі NATO, занепакоенасьць імі выказвалі Польшча і Латвія, міністар абароны якой заяўляў, што вучэньні маюць не абарончую мэту.

Манэўры аб’яднанай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі «Захад-2013» і манэўры сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ «Узаемадзеяньне-2013» адпрацоўвалі «сырыйскі варыянт», тады гаварылася пра тое, што беларускі спэцназ разам з расейскім можа апынуцца ў Сырыі.

Расейскія вучэньні, раптоўна зладжаныя пад украінскімі межамі напярэдадні анэксіі Крыму, былі праведзеныя на загад Пуціна. Міністар абароны Сяргей Шайгу тады казаў, што вучэньні ніяк не зьвязаныя з падзеямі ва Ўкраіне. Пазьней Пуцін прызнаў, што анэксія Крыму адбывалася з удзелам расейскіх вайскоўцаў.

XS
SM
MD
LG